Хроніка здарэнняў


hronika_1_0

На дачы — праз вокны

У снежні ў двух пастаўчан, якія пражываюць па вуліцы Юбілейнай, прыкладна ў адзін і той жа час з дачных дамоў у вёсцы Круткі прапалі бензапіла, лёдабур, стацыянарны тэлефон і іншая маёмасць. У абодвух выпадках злодзей пранік у будынкі праз вокны, і, як аказалася, зрабіў гэта адзін чалавек — 43-гадовы жыхар Старога Двара, які раней ужо быў асуджаны. Злачынца затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, украдзенае канфіскавана.

Грабеж ля могілак

Днём 20 снежня побач з гарадскімі могілкамі па вуліцы Ціхай на 61-гадовую пастаўчанку напаў невядомы мужчына, які паспрабаваў вырваць у яе сумачку з грашыма і дакументамі. Адразу пасля інцыдэнту пацярпелая звярнулася ў міліцыю, і ў той жа дзень грабежнік быў затрыманы. Ім аказаўся 33-гадовы непрацуючы жыхар вуліцы Зялёнай, які ўжо мае судзімасць. У дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа.

Хапіла 10 хвілін

Жыхарка райцэнтра ўсяго на 10 хвілін пакінула на плошчы Леніна незамкнёным свой аўтамабіль “Фольскваген-Шаран”. Але гэтага часу хапіла 28-гадоваму нецвярозаму жыхару вуліцы Касманаўтаў на тое, каб украсці з іншамаркі жаночую сумачку з кашальком з буйной сумай грошай, пашпартам і пластыкавымі карткамі. Гаспадыні аўто пашанцавала, што аператыўнікі змаглі ўстанавіць асобу злодзея і канфіскаваць украдзенае.

Ні сумлення ні сораму

У адну са снежаньскіх начэй 44-гадовы жыхар вуліцы 17 Верасня распіваў у сябе дома спіртное з 47-гадовай жыхаркай вёскі Андроны, якая нідзе не працуе. У працэсе застолля гаспадар, скарыстаўшыся магчымасцю, украў у госці 55 рублёў. Бессаромна паступіла і 59-гадовая жыхарка вёскі Цябуты. 22 снежня, знаходзячыся на лячэнні ў Камайскай участковай бальніцы, яна ўпотай выцягнула з пакінутага на ложку кашалька 79-гадовай пенсіянеркі 60 рублёў.

У абодвух выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

Па зводках РАУС падрыхтавала

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.