З юбілеем, маэстра!


IMG_9398

Дырэктар Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Валянцін Пятровіч Жагула адзначаў сямідзясяты дзень нараджэння. З  віншаваннямі і падарункамі да юбіляра завіталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская, яе намеснік Ірына Францаўна Лойка, калегі з дзіцячых школ мастацтваў раёна, работнікі ўзначальваемага ім калектыву і іншыя.

Прыйшла да музыкі любоў

У яго сям’і (Жагулы жылі ў Полацку) музыку любілі ўсе. Бацька хоць быў самавучкам, хораша граў на гармоніку, скрыпцы, цымбалах. Цудоўны голас мела маці, прыгожа спявала народныя песні — самыя шчырыя, пяшчотныя, блізкія сэрцу і зразумелыя кожнаму. Захапляліся музыкай і песнямі старэйшыя браты і сястра. Музычную школу па класе баяна Валянцін стаў наведваць у другім класе агульнаадукацыйнай школы. Тады яму купілі і першы інструмент.

— А дэбютнае выступленне адбылося падчас прыёму ў піянеры, — успамінаў. — Праходзіў ён у адной з воінскіх часцей Полацка. Невысокага росту, з-за баяна амаль не бачны, іграў песню “Тот, кто рождён был у моря”. Ваеннаслужачыя гучна апладзіравалі. І гэта надавала ўпэўненасці. У школе без мяне не праходзіла ні адно мерапрыемства, удзельнічаў у розных конкурсах. Узнагародай за перамогу ў іх былі кнігі.

Вось так з васьмі гадоў Валянцін Пятровіч і не развітваецца з баянам. Пасля школы паступіў у Віцебскае музычнае вучылішча, затым завочна — у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Луначарскага.

У Варапаеве — больш за паўстагоддзя

Пасля заканчэння музычнага вучылішча Валянціна Жагулу накіравалі на працу ў Варапаева. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў горадзе, таму жыццё ў сельскай мясцовасці на той момант бачылася раўназначным ссылцы. Выкладчыкі падбадзёрылі тым, што на Варапаеўшчыне прыгожая прырода, шмат азёраў і прыветныя, добрыя людзі.

— Іх словы былі праўдзівымі, — гаварыў. — Ніколі не пашкадаваў, што прыехаў у такі цудоўны куточак. І ні разу не падумаў яго пакінуць.

У гарпасёлку, як і ў раёне, жыццё віравала. Вопытныя педагогі, работнікі культуры тут жа разгледзелі талент маладога настаўніка і  запрасілі граць у Груздаўскі цымбальны аркестр. У якіх толькі гарадах ні выступалі з канцэртамі! А праз тры гады, калі В. П. Жагулу было ўсяго 21 год, яго назначылі дырэктарам музычнай школы.

— Удзячны старэйшым і вопытным калегам, якія вучылі жыццёвай мудрасці, — казаў Валянцін Пятровіч. — І сёння ў калектыве працуе Гардзей Іванавіч Кейзік, з якім столькі разам пройдзена. Нягледзячы на тое, што  школа перажывала розныя перыяды, у калектыве заўсёды адчуваў падтрымку, мог разлічваць на ўзаемавыручку. Так і цяпер.

У інструменты ўкладвае душу

 У гады дэфіцыту было праблемай купіць музычныя інструменты, ды і сродкаў на гэта не заўсёды хапала. Валянцін Пятровіч сам рамантаваў тыя, якія выходзілі са строю, а потым паспрабаваў вырабляць новыя. Спачатку гэта былі гітары. Першая спроба, другая — і інструмент загучаў як фабрычны. На іх ігралі ў ансамблі. Затым ўзяўся за ўдарныя: барабаны, трашчоткі. Пад сілу майстру і выраб ліры, дудачкі, ражкоў. Імі карыстаюцца многія музыканты не толькі Пастаўшчыны, але і далёка за яе межамі. Падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” завязваюцца новыя знаёмствы і госці просяць В. П. Жагулу зрабіць той ці іншы інструмент. Для стварэння некаторых матэрыял адшуквае ажно ў Карэліі. Чаруе над дрэвам, укладвае ў яго душу.  Запатрабаваны і ў рамонце баянаў, фартэпіяна. Разам з маладым калегам Ігарам Эдуардавічам Гваздзеўскім нярэдка ўдыхаюць новае жыццё ў інструменты сваіх вучняў.  

“Заранка” і “Званочкі”

Варапаеўшчына, як і любы куточак Беларусі, багатая сваімі традыцыямі, аўтэнтычнай музыкай і песнямі, знакамітымі музыкантамі, сярод якіх бацька і сын Рабізы, Франц Януковіч. З мэтай захавання музычнай спадчыны па ініцыятыве В. П. Жагулы з ліку педагогаў быў створаны ў 1998 годзе ансамбль народнай музыкі і песні “Заранка”. У 2001-ым яму прысвоена званне “народны”.

— Задача перад намі стаяла няпростая, — успамінаў кіраўнік. — Ужо існавала “Паазер’е”. Не хацелася паўтарацца, быць канкурэнтам. Таму доўга працавалі над рэпертуарам. І калі дэбютавалі, то кіраўнік “Паазер’я” Анатоль Анатольевіч Собаль падышоў і ў знак удзячнасці паціснуў руку.

Прызнанне прыйшло хутка. Ансамбль сталі запрашаць на розныя мерапрыемствы. Важным В. П. Жагула  лічыць вершаванае суправаджэнне, якім доўгі час займалася Зінаіда Уладзіміраўна Васілеўская, а зараз — Валянціна Мікалаеўна Тамазанава. Калектыў палюбілі гледачы. Кожнае яго выступленне прымаюць горача, падпяваюць і падтанцоўваюць. Неаднаразова “Заранка” прадстаўляла беларускае мастацтва за мяжой — выязджалі з канцэртамі ў Латвію, Літву, Польшчу.

Пры школе створаны дзіцячы фальклорны калектыў “Званочкі”, якому ў 2007 годзе прысвоена званне “ўзорны”. Сённяшні яго кіраўнік Ігар Эдуардавіч Гваздзеўскі свой шлях у музыку пачынаў менавіта ў ім. На базе “Званочкаў” дзейнічае ансамбль гарманістаў, якім кіруе загадчыца народнага аддзялення музычнай школы Валянціна Мікалаеўна Тамазанава.

Працяг — у вучнях

Калектыў музычнай школы — дружная сям’я. Большасць педагогаў некалі самі тут спасцігалі нотную грамату, а цяпер умела вучаць гэтаму іншых. Нават калі музыка не стане для іх вучняў прафесіяй, то яны абавязкова будуць памятаць свае рэпетыцыі і выступленні, успамінаць выкладчыкаў, якія навучылі чуць і бачыць прыгожае.

Педагогі жывуць агульнымі інтарэсамі. Яны не толькі настаўнікі, але і артысты, паспяхова кіруюць рознымі творчымі калектывамі, выступаюць у іх складзе, пішуць музыку, вершы, робяць да твораў аранжыроўкі. А якія імправізатары! Зладжаная работа дае плён. І несумненная заслуга ў гэтым дырэктара. Ён зарэкамендаваў сябе высокакваліфікаваным спецыялістам, таленавітым музыкантам. Выдатна валодае інструментам і методыкай выкладання, паспяхова перадае свае веды вучням, да кожнага мае індывідуальны  падыход, умее раскрыць здольнасці, развіць талент, прывіць любоў да музыкі і інструмента.

Вучні В. П. Жагулы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі абласных конкурсаў баяністаў. Кацярына Ясінская, напрыклад, з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча ў старэйшай узроставай падгрупе ў намінацыі “баян”. У мінулым годзе ансамбль баяністаў школы ўзнагароджаны дыпломам трэцяй ступені міжрэгіянальнага конкурсу “А гармонік грае, грае”, які праходзіў у рамках “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім.

Дырэктар і іншыя педагогі граматна рыхтуюць вучняў да паступлення ў навучальныя ўстановы культуры. Штогод выпускнікі Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў і філіяла ў Навасёлках паспяхова паступаюць у Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Яго кіраўніцтва неаднаразова прысылала В. П. Жагулу падзячныя пісьмы за  актыўную прафарыентацыйную работу.

— Валянцін Пятровіч — адкрыты і шчыры, — гаварылі калегі. — Інтэлігент. Мае не толькі шматгранны талент, гэта чалавек з моцнай харызмай, абаяльнасцю, шляхецкай высакароднасцю. Бадай, няма таго музычнага інструмента, на якім бы не сыграў музыкант-віртуоз. Але найбольш даспадобы яму баян. Па іх словах, В. П. Жагула —  сапраўдны гаспадар. Колькі сіл і працы ўкладзена ім у рамонт школы! Увогуле, за што б ні ўзяўся, зробіць прафесійна, якасна, з душой.

Тры з паловай гады ў палатцы

Акрамя музыкі, Валянцін Пятровіч мае яшчэ адно захапленне — турызм. У іх кампаніі трое аднаклас­ні­каў і яшчэ трое сяброў дзяцінства і юнацтва, якія жывуць у Маскве, Крыме, Мінску, Наваполацку, Полацку. А летам усе яны на адзін месяц збіраюцца разам і адпачываюць на азёрах. Калі падлічыць, то начлегаў у палатках набярэцца больш за тры з паловай гады. За гэты час пабывалі ў розных мясцінах не толькі Беларусі, але і былога Савецкага Саюза — ад Карэліі да Грузіі. Раней выязджалі на матацыклах, зараз — на машынах. Да іх паступова далучаюцца дзеці і ўнукі.

Урачыстасць з нагоды юбілейнага дня нараджэння Валянціна Пятровіча Жагулы прайшла ў сяброўскай атмасферы. Калегі падрыхтавалі музычныя віншаванні, гучалі шчырыя пажаданні. Было шмат успамінаў, бо жыццё юбіляра насычанае і цікавае. Гаварылі пра планы. Верыцца, што дзякуючы мэтанакіраванасці і настойлівасці юбіляра яны ажыццявяцца.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.