Забыць нельга дараваць


1354666864-0420142

Садавіна п’яніла. Зоя прысела на лавачку, з кошыка выбрала самы спелы яблык, абмахнула яго рукой, адкусіла. “Якая смаката!” — толькі і прамовіла. А думкі, быццам ракета на старце, ірванулі ў іншым кірунку. Вось калі адбылося знаёмства з Толікавай бацькаўшчынай. Абаім ужо за шэсцьдзесят. Яна — удава, ён разведзены. Яе дочкі замужам, абедзве ўладкаваліся ў суседнім горадзе, а яго дзеці ад першага шлюбу засталіся з маці ў сталіцы, з другой і трэцяй жонкамі сынамі-дочкамі абзавесціся не паспеў. Пахаваўшы бацькоў, вярнуўся ў свой горад, уладкаваўся на працу, атрымаў пакой у інтэрнаце. Аднойчы сустрэліся ў бібліятэцы. Павіталіся, разгаварыліся, як тады, на школьных спаборніцтвах…

Закончыўшы вясковую васьмігодку, Толя стаў вучыцца ў гарадской школе. Тут і ўбачыў Зою ўпершыню. Абое старанныя, цікаўныя, спартыўныя. Бліжэй пазнаёміліся на спаборніцтвах. Да таго ж іх маці працавалі ў адной арганізацыі. І калі абедз­ве даведаліся, што дзеці сябруюць, жартуючы, адна адну сталі называць сваццямі, а дзяцей — зяцем і нявесткай. Два гады праляцелі непрыкметна, і выпускнікі, атрымаўшы атэстаты, зазбіраліся ў інстытуты. Зоі не пашанцавала: не хапіла балаў. Толя паехаў вучыцца ў Мінск. На першым часе перапісваліся, зрэдку сустракаліся. А ў адзін з яго прыездаў прагаварылі аж да рання. Успаміналі школу, свае класы і аднакласнікаў. Яна дзялілася ўражаннямі пра тэхнікум, у які трапіла, можна сказаць, выпадкова, абы не заставацца дома, ён — пра інстытуцкія справы, выкладчыкаў, сяброў. Любіў паўтараць: “А ў нашай групе… У нашым інтэрнаце…” Аднойчы павёў гаворку пра цікавую студэнтку-паляшучку. Зоя не стала дапытвацца, навошта ёй ведаць пра тую дзяўчыну. “Мы сябруем, — супакойвала сябе, — а сябрам давяраюць. Сам Толя на гэтым настойвае заўсёды. Дык чаго хвалявацца?”

А тыдняў праз колькі паштальёнка прынесла пісьмо. Канверт падпісаны не Толевай рукой, але зваротны адрас — яго. Зоя асцярожна распячатала. На прыгожай паштоўцы красавалася запрашэнне на рэ­гістрацыю шлюбу. “Але што гэта? — засумнявалася дзяўчына. — Маім жа імем запрашаюць мяне на ўрачыстасць. Ну Толік жартаўнік!” Перачытала яшчэ раз, звярнула ўвагу на дату, месца рэгістрацыі. Задумалася. Верыць не хацелася, але вечарам маці пацвердзіла: хлопец жэніцца, а яго абранніцу завуць так, як і яе — Зоя. Апанавалі адчай, разгубленасць, паліліся слёзы…

Час прытупіў боль. Закончыла тэхнікум, працавала, выйшла замуж. Адна за адной нарадзіліся дачушкі, якім аддавала сябе спаўна. Пра свайго былога сябра ніколі ні ў кога не пыталася. Надта раніла душу “прызнанне” Толевай мамы аднойчы пры сустрэчы: “Не перадаю прывітання ад сына, ён жа ўжо несвабодны”. Сёе-тое пра яго, у тым ліку і пра разводы, ад людзей чула. Недзе год таму сустрэліся ў бібліятэцы. Надта хацелася сказаць: “Ну што, зараз “и я ничья, и ты ничей”, ды стрымалася. Цяпер жа, едучы на веласіпедах разам у вёску, не змаўчала. Дарога няблізкая — дзесяць кіламетраў, нагаварыліся. Потым, пакуль ён парадкаваўся ў садзе, многае перадумала. І ўсё роўна застаецца на раздарожжы: і забыць нельга, і дараваць немагчыма.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.