Заканамерны фінал


08082015_7

Пастаўлена кропка ў рэзананснай крымінальнай справе, узбуджанай у адносінах да жыхара раёна, які здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога адзін падлетак загінуў, а другі атрымаў траўмы. Папярэдняе следства праводзіла Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, а матэрыялы крымінальнай справы разгледжаны судом Пастаўскага раёна.

Дзеянні 37-гадовага пастаўчаніна кваліфікаваны следчымі па частцы 4 артыкула 317 і частцы 3 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь як парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека, пакінутага без дапамогі тым, хто паставіў пацярпелага ў небяспечнае для жыцця становішча.

Коратка нагадаю абставіны, пры якіх адбылося гэта здарэнне. Майскім вечарам каля 22 гадзін па дарозе Юнькі — Варапаева — Мярэцкія з боку вёскі Чорнае рухаўся аўтамабіль, якім кіраваў нецвярозы вадзіцель. У пэўны момант ён няправільна ацаніў дарожную абстаноўку, праявіў злачынную нядбайнасць  і неабачлівасць. У выніку аўтамабіль выехаў на паласу сустрэчнага руху і часткова на левую абочыну. Рэзкім манеўрам кіроўца вярнуўся на сваю паласу, але пры гэтым аўтамабіль занесла. На той момант па правым краі праезнай часткі ў спадарожным напрамку адзін за адным ішлі трое юнакоў, першы з якіх вёў справа ад сябе веласіпед. З таго моманту, як вадзіцель убачыў пешаходаў, ён меў тэхнічную магчымасць прадухіліць наезд, своечасова знізіць скорасць, спыніцца, але не зрабіў гэтага. У выніку манеўра пярэдняй правай часткай аўтамабіля былі збіты два пешаходы. Адзін падлетак атрымаў цяжкія траўмы, ад якіх у бальніцы памёр. Другі юнак таксама пацярпеў, але атрымаў лёгкія траўмы, якія не неслі пагрозы здароўю. Пасля наезду ва­дзіцель не спыніўся, неабходнай дапамогі пацярпелым не аказаў, аб здарэнні ў медыцынскую ўстанову і міліцыю не паведаміў, а з месца здарэння ўцёк.

З тлумачэнняў падсуднага вынікала, што ў той дзень пасля работы ён выпіў. Адчуваў сябе ўпэўнена, усё ясна ўсведамляў. Паколькі застаўся дома адзін (жонку з дзецьмі напярэдадні адвёз да цешчы), захацелася прыдбаць яшчэ адну бутэльку гарэлкі. Таму і накіраваўся ў Варапаева. Ехаў быццам бы і ўпэўнена, але ў нейкі момант страціў канцэнтрацыю ўвагі, што і прывяло да рэзкага манеўра. Калі метраў за сто перад сабой убачыў падлеткаў, то нічога зрабіць не паспеў, толькі адчуў удар. Што было потым, чалавек не памятаў.

А было наступнае. Па гэтай жа дарозе вяртаўся ў раённы аддзел унутраных спраў супрацоўнік міліцыі. Ён і заўважыў на абочыне (за кіламетр да месца здарэння) пакарабачаны аўтамабіль, на якім былі разбіты лабавое шкло, фары, люстэркі задняга бачання. Спыніўся, каб высветліць абставіны. Каля машыны, побач з вадзіцельскімі дзверцамі, стаяў нецвярозы чалавек. Міліцыянер пасадзіў яго ў свой службовы аўтамабіль, каб адвезці ў аддзел. У той жа час каля месца здарэння ехала мясцовая жыхарка, якая ўбачыла на дарозе пагнуты веласіпед і падлеткаў. Адзін з іх ляжаў на праезнай частцы дарогі. Два другія былі моцна напужаныя, сказалі, што іх збіла аўтамашына, і прасілі дапамогі. Неўзабаве прыбылі супрацоўнікі ДАІ і брыгада хуткай дапамогі, пад’ехаў і міліцыянер з віноўнікам наезду. Апошняга адвезлі ў раённы аддзел унутраных спраў і ўзялі пад варту.

Падчас судовага пася­джэння віноўнік трагічнага здарэння сваю віну прызнаў, раскаяўся, прасіў прабачэння ў пацярпелых. Суд вынес наступнае рашэнне:  пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартным сродкам, тэрмінам на пяць гадоў, са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 2100 рублёў і выплатай маральнай кампенсацыі пацярпелай (маці загінулага юнака) у памеры 20 000 рублёў.

Хацелася б, каб гэта трагічная гісторыя стала папярэджаннем для кожнага вадзіцеля, які дазваляе сабе сесці за руль у нецвярозым стане. Рана ці позна, а заканамерны фінал такой небяспечнай язды наступае.

Н. ЖУКАВА, суддзя.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.