Замацавалі веды

Общество

Пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства Іван Жаўнярук, Дзмітрый Данілюк і Васілій Дзевятоўскі.
Пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства Іван Жаўнярук, Дзмітрый Данілюк і Васілій Дзевятоўскі.

Каля 150 чалавек заканчваюць сёлета Пастаўскі дзяржаўны каледж, у тым ліку 44 — з кваліфікацыяй “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”.

Майстры вытворчага навучання 210-й і 211-й груп Адам Часлававіч Кузміч і Алена Паўлаўна Крэміс у цэлым задаволены адносінамі юнакоў да выбранай прафесіі. За тры гады вучобы будучыя механізатары прайшлі ўсебаковую падрыхтоўку. Тое, наколькі паспяхова яны засвоілі праграмны матэрыял, пацвердзіў нядаўні конкурс прафесійнага майстэрства. З кожнай групы ў ім удзельнічала па 5—6 чалавек.

Тэарэтычная частка ўключала білеты па ўстройстве трактара і правілах дарожнага руху. Веды канкурсантаў ацэньвалі выкладчыкі Сяргей Венія­мінавіч Шылёнак і Дзмітрый Алікавіч Мажэйка. Яны ўлічвалі тое, як навучэнцы ведаюць і ўмеюць расказаць пра назначэнне трактара, яго рабочыя органы, тэхналагічныя рэгуліроўкі, магчымыя няспраўнасці і метады іх выяўлення, розныя тэхнічныя працэсы. У кожным білеце па правілах дарожнага руху ўтрымлівалася 10 пытанняў. У тэарэтычнай частцы конкурсу ўпэўнена адчувалі сябе Васілій Дзевятоўскі, Дзмітрый Данілюк, Іван Жаўнярук, Юрый Лашчотка, Іван Лапачонак, Данііл Мацюшонак, Арцём Чашун, Сяргей Калінскі. Яны і на практыцы лепш за іншых справіліся з заданнямі, якія ўключалі ваджэнне колавага трактара заднім ходам пры пад’ездзе да навясной сельгасмашыны, габарытны дворык (разварот у абмежаванай прасторы) і крананне трактара з месца пад горку. За паслядоўнасцю дзеянняў навучэнцаў, іх навыкамі ўважліва сачылі і фіксавалі кожную памылку старшы майстар Юрый Веніямінавіч Шылёнак і майстар вытворчага навучання Мікалай Сяргеевіч Папко. А калі падсумавалі колькасць балаў па кожнай дысцыпліне, то высветлілася, што больш за іншых іх набраў і стаў пераможцам конкурсу навучэнец 210-й групы Дзмітрый Данілюк. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Васілій Дзевятоўскі і Іван Жаўнярук.

З гэтым дасягненнем трэцякурснікаў павіншаваў і ўручыў ім граматы дырэктар каледжа Мікалай Мікалаевіч Лысёнак. Ён адзначыў, што з такіх перамог шлях у прафесію пачыналі многія былыя выпускнікі навучальнай установы, якія выдатна зарэкамендавалі сябе на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, жніве, выкананні іншых сельскагаспадарчых работ.

На наступны дзень працягам конкурсу з’явілася інтэлектуальная гульня “Брэйн-рынг”, у якой удзельнічалі каманды “Пакарыцелі палёў” і “Механізатары”. У склад кожнай уваходзіла па сем навучэнцаў выпускных груп №210 і №211.  Ім давялося выконваць заданні і адказваць на пытанні, якія датычылі пройдзенага матэрыялу, па ўстройстве трактароў, ахове працы, правілах дарожнага руху. Больш змястоўных і поў­ных адказаў на рахунку “Меха­нізатараў”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.