А яна жыве!


vkPYNenruRI

Кожны чалавек, які мае хоць нейкі элементарны ўзровень адукацыі і можа крытычна ацэньваць навакольную рэчаіснасць, разумее, што ў краіне Беларусь, дзе беларусы складаюць звыш 80% насельніцтва, асноўнай мовай павінна быць беларуская.

Яна мусіць гучаць у размовах людзей, на радыё і тэлебачанні, у школах і ўніверсітэтах, у выступленнях дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, творчых асоб. Але сітуацыя, як мы ўсе ведаем, з дакладнасцю наадварот. Зноў чуюцца галасы пра тое, што наша мова мёртвая, што яна штучна створаная, бедная і нераспрацаваная і шмат чаго яшчэ. Але ўсе гэтыя спробы прынізіць яе веліч марныя. Можна прывесці шмат доказаў таго, што наша мова — адна з самых старажытных і багатых славянскіх моў свету, але абмяжуемся адным: сёлета ў верасні ў нашай краіне будзе ўрачыста адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. І гэта падзея — сведчанне высокага цывілізацыйнага развіцця нашага народа, моцы яго духу і нацыянальнай самабытнасці.

На жаль, на сённяшні час статус беларускай мовы ў грамадстве не дужа высокі. Але калі зазірнуць у мінулае і ўзгадаць варункі лёсу, праз якія ёй давялося прайсці, то міжволі прыйдзеш да думкі, што яна павінна была яшчэ гадоў 100-200 таму назад знікнуць, растварыцца, памерці. Прыгадайма ж тыя ўціскі, якія яна зведала.

Беларуская мова сфарміравалася ў часы ВКЛ, у ХІV стагоддзі стала дзяржаўнай і літаратурнай. Гаворкі насельнікаў Пастаўскага краю паслужылі адной з крыніц старабеларускай мовы. У той час гутарковая мова супадала з афіцыйнай дзяржаўнай і ўжывалася тады не толькі ў афіцыйных дакументах унутры краіны, але і выконвала функцыю міжнародных зносін. Пераважная большасць дароўных лістоў, прывілеяў, грамат, купчых, абавязацельстваў ХVІ стагоддзя, якія тычацца Пастаўшчыны, пісалася на старабеларускай мове.

Аднак, пачынаючы з другой паловы ХVІ стагоддзя, назіраецца працэс раздзялення народнай побытавай мовы і афіцыйнай дзяржаўнай. Пасля Люблінскай уніі (1569 г.), калі адбылося аб’яднанне Вялікага княства з Каралеўствам Польскім, вышэйшыя саслоўі пачалі паступова пераходзіць на польскую мову, якая стала, па сутнасці, дзяржаўнай. У ХVІІ стагоддзі дакументы, якія датычаць гісторыі нашага краю, ужо цалкам польскамоўныя: дароўны запіс Юрыя Шорца пастаўскаму францысканскаму кляштару (1617 г.), фундушавы запіс С. Бяганскага таму ж кляштару (1617 г.), інвентары Пастаў (1628 г.), Дунілавічаў (1640 г.), Задзева (1649 г.). У сферы адукацыі, якая тады толькі пачынала складацца, існавала польскамоўнае навучанне.

Пасля ўключэння Пастаўшчыны ў склад Расійскай імперыі (падзелы Рэчы Паспалітай) моўная сітуацыя змянілася нязначна: па-ранейшаму ў афіцыйнай сферы і адукацыі дамінавала польская мова, хоць паболела расійскіх чыноўнікаў ды пачалі адкрывацца брацкія ўніяцкія, а пасля скасавання уніі — праваслаўныя школкі. Аднак паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гадоў прымусілі царскі ўрад праводзіць больш жорсткую русіфікатарскую палітыку. Афіцыйнай мовай паступова станавілася руская, а беларуская заставалася мовай простага люду. Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя пачала адраджацца беларуская літаратурная мова. Падчас кайзераўскай акупацыі (1915-1917 гг.) на заходняй частцы Пастаўшчыны (Лынтупшчына, Камайшчына) у якасці афіцыйных ужываліся нямецкая і польская мовы.

У міжваенны час, пасля ўваходжання ў склад Польшчы, на нашых землях праводзілася актыўная палітыка паланізацыі мясцовага насельніцтва. Польская мова стала мовай справаводства, асветы, рэлігіі і, часткова, побыту.

Беларускія школы забараняліся, прыём з беларускамоўных школ у вышэйшыя навучальныя ўстановы абмяжоўваўся, не дазвалялася карыстацца роднай мовай у дзяржаўных установах. Паскарэнню паланізацыі садзейнічалі польскі дзяржапарат, асаднікі, друк, польскія школы і каталіцкі Касцёл. Асаблівая ўвага надавалася моладзі. Частку вучняў на вакацыях за дзяржаўны кошт вазілі на экскурсію ў этнічную Польшчу, каб яны “напоўніліся” польскім духам. З-за такой палітыкі да 1939 года ва ўсёй Заходняй Беларусі фактычна не засталося беларускіх школ.

Верасень 1939 года рэзка змяніў моўную сітуацыю ў нашым краі. Пасля далучэння раёна да СССР афіцыйнымі мовамі сталі беларуская і руская, бо для ўсталявання савецкай улады ў раён была накіравана група работнікаў з Расіі і Усходняй Беларусі, якія ўзначалілі партыйныя, савецкія, праваахоўныя органы, арганізацыі і ўстановы. Толькі з усходніх раёнаў на адказныя пасады на Пастаўшчыну было прыслана 250 чалавек, у школы — 33 чалавекі. Польская мова фактычна была забаронена, адкрываліся пераважна беларускамоўныя школы. Польскую прагімназію ў Лынтупах ператварылі ў беларускую няпоўную сярэднюю школу, гімназію ў Паставах — у педагагічнае вучылішча. Мясцовая газета “Новы шлях” выдавалася на беларускай мове.

Нападзенне Германіі на СССР і акупацыя нямецкімі войскамі нашай зямлі прывялі да ўсталявання новай моўнай палітыкі. Дзяржаўнымі мовамі сталі нямецкая і беларуская: афіцыйныя дакументы выдаваліся на дзвюх мовах. Уся сістэма адукацыі стала беларускамоўнай, зразумела, з абавязковым вывучэннем нямецкай. Выкладанне вялося ў духу нацызму, савецкія і польскія падручнікі спальваліся.

Пасля вызвалення Пастаўскага раёна ад нямецкіх захопнікаў сітуацыя з мовамі зноў карэнным чынам змянілася. Таксама, як і ў 1939 годзе, для ўсталявання савецкага ладу і калектывізацыі ў раён прыехала група кіруючых работнікаў пераважна з Расіі. Яны не ведалі мовы мясцовага жыхарства. З гэтай прычыны, і не толькі, беларуская мова пачала выцясняцца са справаводства і з некаторых сфер жыцця, у першую чаргу з адукацыі: Пастаўскае педагагічнае вучылішча, гарадскія школы і некаторыя сельскія паступова перайшлі на рускую мову навучання. У выніку гэтага ў пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя беларускую мову выцеснілі амаль з усіх сфер жыцця, захоўваючы толькі ў беларускамоўных сродках масавай інфармацыі, асяродку свядомай творчай інтэлігенцыі ды беларускіх школах на вёсцы. У сельскай мясцовасці жыхары ў побыце карысталіся трасянкай — руска-беларускай моўнай помессю з дабаўленнем асобных польскіх слоў.

Палітычная лібералізацыя сістэмы ўлады, распад СССР, стварэнне сапраўды незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь — далі магчымасць беларусам трэці раз за ХХ стагоддзе рэалізаваць сваё права на дзяржаўнасць роднай мовы. У 90-я гады працэс белару­сізацыі пачаў набіраць імклівую хаду: на мове загаварылі дзяржаўныя чыноўнікі, павялічыліся наклады беларускіх газет і часопісаў, паступова павялічвалася колькасць беларускіх школ і класаў, пачалі пашыраць сваю дзейнасць беларускія арганізацыі і рухі. Але па розных прычынах гэтыя працэсы замарудзіліся.

Гістарычны агляд моўных працэсаў у нашым краі дазваляе зрабіць некалькі высноў: а) на працягу апошняга тысячагоддзя адбылося дзевяць кардынальных змен у моўнай сітуацыі раёна; б) за ўвесь разгледжаны перыяд гісторыі выдзяляюцца толькі тры этапы (прычым два апошнія вельмі кароткія), калі моўныя працэсы развіваліся ў інтарэсах карэннага насельніцтва — беларусаў, астатні час дамінавалі мовы нацыянальных меншасцей (руская і польская); в) ад пачатку ХVІІ стагоддзя і да пачатку ХХІ афіцыйная дзяржаўная мова не супадала з народнай штодзённай мовай зносін.

Відавочна, што ў такіх умовах нашай роднай мове не тое што развівацца —  проста выжыць было складана. Але яна жыве! І гэта найлепшы доказ яе моцы!

Ігар ПРАКАПОВІЧ, старшыня Пастаўскай

раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

 



1 комментарий по теме “А яна жыве!

  1. Патрэбны і карысны артыкул! Сцісла і дабротна напісаны.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.