А зараз вызначаюцца ў працы

Общество

Словы падзякі і падарункі ад І. А. Далецкай і В. Я. Ушкур атрымлівае С. І. Булах.
Словы падзякі і падарункі ад І. А. Далецкай і В. Я. Ушкур атрымлівае С. І. Булах.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Варапаеўскай дыстанцыі пуці адбылося ўшаноў­ванне былых “афганцаў”.

Віноўнікі ўрачыстасці — манцёры пуці Сяргей Уладзіміравіч Хоміч і Сяргей Іванавіч Булах, токар Станіслаў Часлававіч Кішко. На жаль, па ўважлі­вых прычынах не змаглі прыйсці Генадзій Станіслававіч Гваздзеўскі, Віктар Зянонавіч Лоўкіс і Леанід Сцяпанавіч Дзехцяронак. На долю гэтых мужчын падчас тэрміновай армейскай службы выпала выпрабаванне выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.

Воіны-інтэрнацыяналісты Варапаеўскай дыстанцыі пуці Станіслаў Часлававіч Кішко, Сяргей Іванавіч Булах і Сяргей Уладзіміравіч Хоміч.
Воіны-інтэрнацыяналісты Варапаеўскай дыстанцыі пуці Станіслаў Часлававіч Кішко, Сяргей Іванавіч Булах і Сяргей Уладзіміравіч Хоміч.

— Мінула 28 гадоў з таго дня, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскія землі, — гаварыў, адкрываючы сход, намеснік начальніка дыстанцыі Аляксандр Іосіфавіч Ушкур. — Але ў вашай памяці, паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, не сцерлася тое, што давялося перажыць. Вы — людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія.  І цяпер старанна працуеце на сваіх участках, з’яўляецеся для іншых прыкладам вытрымкі, дысцыплінаванасці, адказнасці. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, згоды ў сем’ях, мірнага неба над галавой.

— Часта кажуць, што афганская вайна для нас была чужой, — працягвала старшыня прафсаюзнай арганізацыі дыстанцыі Вера Яўгеньеўна Ушкур. — Але яна закранула многія беларускія сем’і, у тым ліку і вашы. На чужой зямлі вы пралівалі сваю кроў, страцілі баявых таварышаў. Не магу гаварыць пра гэта спакойна. Ком падкочвае да горла, калі толькі ўяўляю, праз якое пекла вам давялося прайсці. Вы свята захоўваеце баявое братэрства, падтрымліваеце адзін аднаго, удзельнічаеце ў патрыятычным выхаванні моладзі. Дзякуй за годнае выкананне воінскага абавязку, старанную працу ў дыстанцыі пуці.

— У Афганістане ваявалі многія хлопцы майго пакалення, — гаварыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая. —  Я памятаю, як іх праводзілі на службу. Хвалююча, трывожна. У вас не пыталіся згоды на тую вайну, вас пасылалі выконваць воінскі абавязак. Як балелі сэрцы маці ў чаканні пісем і дэмабілізацыі сыноў! Вярнуліся не ўсе. У тым ліку і з нашага раёна. Светлая ім памяць. А вам, шаноўныя ўдзель­нікі баявых дзеянняў у Афганістане, нізкі паклон.

З нагоды памятнай даты з дня вываду савецкіх войск з Афганістана ад імя раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая ўручыла воінам-інтэрнацыяналістам дыпломы, а В. Я. Ушкур — прэміі і кветкі.

Мужчыны вельмі расчуліліся такой увагай, і па тварах было бачна, што памяць не дае ім спакою і сёння, сэрцы не адпускае боль. Перад аўдыторыяй успамінаць і дзяліцца сваімі перажываннямі цяжка, гаварыць пра тую трагічную вайну прасцей з баявымі таварышамі. Патрыятызм, справядлівасць, узаемадапамога былі для іх не пустымі словамі. Менавіта братэрства падтрымлівала і неаднойчы выручала ў далёкай краіне за тысячы кіламетраў ад дому. А сёння былыя воіны-інтэрнацыяналісты вызначаюцца ў працы і з’яўляюцца прыкладам для іншых.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.