Аднаго старання мала


Загадчыца фермы Валянціна Курто (крайняя злева) з аператарамі машыннага даення.
Загадчыца фермы Валянціна Курто (крайняя злева) з аператарамі машыннага даення.

З даяркай фермы “Луцк-Казлоўскі” ААТ “Парыж-агра” Тэрэзай Дуброўскай  сустрэліся ў лістапа­дзе мінулага года ў Паставах. На свяце да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ёй былі  ўручаны дыплом і падарунак за атрыманне ў сваёй гаспадарцы ў пашавы перыяд найвышэйшых надояў малака ад каровы. Пагутарыць з жанчынай тады не ўдалося. Але нядаўна такая магчымасць надарылася. Справа ў тым, што і за першыя месяцы стойлавага ўтрымання жывёлы Тэрэза Альфонсаўна зноў дабілася самай высокай  у  гаспадарцы прадукцыйнасці жывёлы. Павіншаваць яе на ферму прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Герасіменка і дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Барташэвіч.

Перад вячэрняй дойкай ва ўтульным пакоі для адпачынку сабраліся амаль усе работнікі невялікага калектыву. Пра яго справы расказала загадчыца фермы, яна ж па сумяшчальніцтве і асемянатар, Валянціна Курто. У 2013 годзе была праведзена рэканструкцыя асноўнага і падсобных памяшканняў фермы, устаноўлены новы халадзільнік, механізавана раздача кармоў. Няма праблем з кадрамі: пастаяннымі даяркамі працуюць Ірына Махнуціна, Марыя Козіч, Тэрэза Дуброўская, Жанна Шылько і падменная Ірына Ба­лінская. Ёсць слесар па абслугоўванні абсталявання, падсобныя работнікі. Разам з аператарамі машыннага даення яны абслугоўваюць 175 дойных кароў, а таксама нецеляў і цялушак  для ўзнаўлення статка. З іх будзе паступова фарміравацца  група першацёлак, якіх згадзілася раздойваць самы малады жывёлавод — Марына Вазеева.

Слесар Мікалай Счасны.
Слесар Мікалай Счасны.

Валавы надой малака  за мінулы год склаў на ферме 411,7 тоны, сярэдні надой ад каровы — 2380 кілаграмаў, а ў групе Тэрэзы Дуброўскай — 2872.  Быць наперадзе жанчыне дапамагаюць багаты вопыт, старанне.  Увогуле, загадчыца фермы хва­ліла ўсіх работнікаў, адзначала іх  заслугу ў тым, што  прадукцыя  рэалізоўвалася вышэйшым сортам, а цяпер і сортам «экстра».

Аднак у параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна надоі ў Луцк-Казлоўску невысокія.   А ў Ласіцы і Губіне яны яшчэ ніжэйшыя і склалі за мінулы год адпаведна  2029 і 1803 кілаграмы малака. Такое становішча назіраецца даўно. І каб яго выправіць, аднаго старання работнікаў ферм мала. Яны не вінаватыя ў тым, што на сельгаспрадпрыемстве не нала­джана як мае быць абнаўленне статка, упускаюцца лепшыя тэрміны нарыхтоўкі кармоў, недастаткова канцэнтратаў, няма добрай пашы. А цяпер да ўсяго дабаўляецца і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, бо сельгаспрадпрыемства аб’яўлена банкрутам. Даказаць сваю жыцця­дзей­насць яно можа толькі ростам вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі высокай якасці. Людзі гатовы працаваць з большай аддачай і мець адпаведную заработную плату, але для гэтага павінны быць створаны і адпаведныя ўмовы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.