Афганістан стаў часткай лёсу


IMG_0929

Уладзімір Варашкевіч, як і большасць яго равеснікаў, з дзяцінства любіў тэхніку, таму пасля школы і падаўся вучыцца на вадзіцеля. Атрымаўшы пасведчанне, тры месяцы адпрацаваў на аўтатранспартным прадпрыемстве на МАЗе. 17 мая 1977 года яго прызвалі на тэрміновую службу. Праходзіў яе ў войсках Ваенна-марскога флоту ў Таліне. Можна было там застацца, ды хлопца цягнула на Пастаўшчыну, у родныя Курсевічы. З выбарам далейшай дарогі доўга не вагаўся:  знаёмы прапанаваў службу па кантракце ў батальёне аэрадромнага забеспячэння вайсковай часці, якая дыслацыравалася ў шостым гарадку. Былі курсы ў школе прапаршчыкаў у Балашове, а пасля іх — пасада камандзіра аўтамабільнага ўзвода.

Пра вайну ў Афганістане ведаў не толькі з паведамленняў па радыё і тэлебачанні. Многіх яго саслужыўцаў накіроўвалі туды для выканання інтэрнацыянальнага абавязку. Чакаў, калі і да яго дойдзе чарга. 18 кастрычніка 1986 года прапаршчыка Варашкевіча тэрмінова выклікаў да сябе камандзір часці і загадаў за тры гадзіны перадаць справы іншаму, а ў пяць раніцы адправіцца ў каман­дзіроўку ў Ташкент, адтуль — у Афганістан. Найцяжэй было сказаць пра гэта жонцы і бацькам. Вечарам усе сабраліся за сталом, каб пасядзець разам на развітанне. Можна толькі ўявіць, што рабілася ў душы кожнага. Спаць пайшлі позна, але ад трывожных думак ніхто так і не заснуў.

— Загады ў арміі не абмяркоўваюцца, — гаварыў Уладзімір Альбертавіч. — Таму і паехаў у гарачую кропку. Крыху супакойвала тое, што жонка з чатырохгадовым сынам былі забяспечаны жыллём, калі не вярнуся — ім будзе дзе жыць. Ляцелі ў Джалалабад, а ў Кабуле прыйшло ўказанне змяніць маршрут, і верталёт накіраваўся ў гарнізон Шахджой, які размяшчаўся ў правінцыі Заболь. Рэгіён складаны, не заўсёды забяспечваўся ўсім неабходным для аўтаномнай жыццядзейнасці. Батальён, які тут дыслацыраваўся, прыкрываў адзін з самых напружаных і небяспечных кірункаў — Кабул—Кандагар. Тут рэгулярна праходзілі караваны маджахедаў, якія перапраўлялі з Пакістана ў паўднёвыя правінцыі Афганістана зброю і боепрыпасы. Нашай задачай было іх знішчэнне.

З таго часу мінула амаль 30 гадоў, а ўспаміны не пакідаюць, хоць многае хочацца схаваць у душы як найглыбей. Гаварыць пра канкрэтныя выпадкі былому «афганцу» цяжка. Смерць падсцерагала ў кожнай засадзе маджахедаў, пры кожным баявым выхадзе. Свісцелі кулі над галавой, побач ірваліся міны і гранаты, а пастаўленае заданне трэба было выконваць любой цаной, нягледзячы на страты і, здавалася б, безвыходнае становішча. Для гэтага патрабавалася неймаверная колькасць фізічных сіл і мужнасці. Як і на любой вайне, на афганскай баі таксама былі жорсткімі. А яшчэ смяротнага выстралу можна было чакаць і ад старога, і ад малога. Многія гінулі па нявопытнасці і неасцярожнасці.

Дадому ж пісаў сціплыя пісьмы, расказваў пра горы, на якіх і летам ляжыць снег, пра сезоны дажджоў. І ні слова пра небяспеку. Нялёгка было пераносіць і перапады тэмпературы: зімой слупок тэрмометра ноччу апускаўся да мінус 15 градусаў, а днём падымаўся да 25. У баявых дзеяннях гінулі таварышы. Аднаго разу з 13 чалавек, якія пайшлі на заданне, вярнуліся 11. З шасці, з якімі разам прыляцеў у Шахджой, жывымі засталіся двое. Ён цудам уцалеў. Фізічных ран не меў, а душэўныя баляць па сённяшні дзень. За мужнасць і воінскую доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане, Уладзімір Альбертавіч Варашкевіч узнагаро­джаны двума медалямі “За баявыя заслугі”.

— У чужой азіяцкай краіне нашы воіны захавалі вернасць прысязе і годна выканалі свой абавязак, хоць часам цаной жыцця, — гаварыў У. А. Варашкевіч. — У сэрцы кожнага вайна, якая цягнулася 10 гадоў, пакінула свой адбітак. Не выкрасліць з памяці баявых сяброў, з якімі дзялілі паёк і цыгарэту.

А што перажылі за тыя два гады, што я служыў у Афганістане, бацькі, жонка, малодшы брат (ён таксама служыў па кантракце)! Колькі праліта слёз, колькі малітваў узнесена да Усявышняга! У раён не адзін раз прывозілі ў цынкавых трунах тых, хто загінуў ад душманскай кулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Вялікай радасцю быў водпуск, у які прыехаў праз год знаходжання ў афганскім пекле. І яшчэ цяжэйшым — расставанне, бо яскрава ўяўляў, куды вяртаецца.

Прыехаў праз два гады, а часць расфарміравалі. Пакідаць Паставы не хацелася. Пашанцавала: хутка змог уладкавацца ў верталётную эскадрыллю. Пазней даслужваў у пагранічных войсках. Больш за дзесяць гадоў назад атрымаў права на пенсію і развітаўся з арміяй. Але без справы не мог, працаваў ва УП ЖКГ, прафтэхкаледжы.

— Добра, што існуе традыцыя збірацца разам у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, — гаварыў У. А. Варашкевіч. — Заўсёды іду на мітынг да помніка тым, чыё жыццё абарвала тая неаб’яўленая вайна. Жыве і нават з гадамі мацнее баявое братэрства. Шмат добрых і светлых падзей адбылося пасля вываду савецкіх войск з Афганістана, але падчас сустрэч памяць пачынае зваротны адлік, пераносіць нас у тыя вогненныя гады. Дай Бог, каб вярталіся мы ў вайну толькі ў снах, а нашы нашчадкі не зведалі яе ніколі.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.