Амуры з аншлагам


 

8.2

У раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча напярэдадні Дня закаханых з аншлагам прайшла маладзёжная конкурсная шоу-праграма “Неўтаймоўныя амуры”.

Энергію маладосці, запал, аптымізм, а таксама прызнанне ў каханні прадэманстравалі прадстаўнікі чатырох школ горада. А прадставілі іх вядучыя Надзея Маразевіч і Улад Кузьміч. 

Пад першым нумарам на сцэну выйшлі вучні СШ №4 Павел Храпун і Лізавета Жук. Ліза рыхтуецца да паступлення  ў вышэйшую навучальную ўстанову, актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, займаецца спортам, шмат чытае. Яе партнёр Павел — вясёлы і ў той жа час адказны малады чалавек, многа часу праводзіць з сябрамі, захапляецца футболам, камп’ютарнымі гульнямі.

 Другім у конкурснай праграме выпала выступіць вучням СШ №5 Мікіту Семяніхіну і Кацярыне Дзергач. Сябры і настаўнікі ведаюць Мікіту як вельмі актыўнага юнака, які выдатна гатуе, сябруе са спортам, аднагодкамі. Кацярына прыгожа малюе, піша вершы, танцуе. Аб’ядноўваюць рабят уменне граць на гітары і мара пакарыць нябесныя прасторы — Кацярына хоча стаць сцюардэсай, а Мікіта — пілотам.

Глеб Андрэйчык і Ксенія Корвель, у якіх быў трэці нумар, вучацца ў СШ №1.  Ксенія з дзяцінства займаецца танцамі, хоча  стаць прафесійным харэографам. Любіць спорт, цэніць сяброўства. Галоўныя рысы Глеба —  жыццярадаснасць, таварыскасць, пачуццё гумару. Ён любіць бег і  заняткі на турніку.

Ветлівы, абаяльны, клапатлівы Мікіта Багачоў з СШ №2  марыць стаць урачом. Дар’я Шыпіцына — рамантычная, добрая, сціплая. Шмат часу аддае чытанню, танцам, вельмі любіць дзяцей, падабаецца прафесія настаўніка пачатковых класаў.

Парам трэба было раскрыць свае таленты, паказаць вынаходлівасць, лепшыя пачуцці закаханых людзей. У першым конкурсным заданні яны рабілі гэта з дапамогай гісторый, у аснову іх былі пакладзены такія вядомыя казкі, як «Аленький цветочек», «Бременские музыканты», «Варвара-краса, длинная коса» и «Приключения Аладдина». Затым адбыўся танцавальны конкурс «Зажигательныя ритмы», падчас якога рабяты выканалі сучасны танец, вальс, рок-н-рол, сальсу. А далей яны пераўвасобіліся ў герояў папулярных кіна­фільмаў мінулага стагоддзя: «Девчата», «Приключения Шурика», «Вечера на хуторе близ Диканьки, или ночь перед Рождеством», «Свадьба в Малиновке».  Дзякуючы сваім сябрам, аднакласнікам канкурсанты паспяхова справіліся з  заданнямі, паказалі сябе сапраўднымі артыстамі, танцорамі, прадэманстравалі захопленасць. Верыцца, што і ў рэальным жыцці яны будуць такімі ж неўтаймоўнымі, шчаслівымі і абавязкова ажыццявяць свае мары.

8.1

Асаблівасцю праграмы стала тое, што найлепшую пару павінны былі вызначыць гледачы, якім перад пачаткам прадстаўлення раздалі талончыкі з парадкавымі  нумарамі ўдзельнікаў. Больш за  іншых галасоў набралі Павел Храпун і Лізавета Жук. Добрых слоў заслужылі і іншыя пары. Усім ім уручаны дыпломы раённага Дома культуры. Шчырымі апладысментамі віталі “амураў” усе прысутныя ў зале. Ім прысвяцілі свае выступленні ўдзельнікі мастацкай сама­дзейнасці.

На здымках: вядучыя конкурсу На­дзея Маразевіч і Улад Кузьміч; Мікіта Семяніхін і Кацярына Дзергач (СШ №5), Дыр’я Шыпіцына і Міката Багачоў (СШ №2), пераможцы шоу-праграмы Лізавета Жук і Павел Храпун (СШ №4), Глеб Андрэйчык і Ксенія Корвель (СШ №1).

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.