Андрэю Дунцу ўсяго васямнаццаць. А ён ужо сапраўдны вайсковец — стройны, падцягнуты, пунктуальны.
Ды яно і не дзіўна — перш чым стаць курсантам Ваеннай акадэміі, хлопец закончыў Мінскае кадэцкае вучылішча.
— Паступіў пасля дзявятага класа, — узгадвае. — На трэці курс замест адлічаных набіралі ўсяго трох чалавек. А прэтэндэнтаў было ажно адзінаццаць.
Андрэй паступіў, бо меў патрэбны багаж ведаў (Юнькаўскую базавую школу закончыў з сярэднім балам атэстата 8,7) і дастатковую фізічную падрыхтоўку. Па словах юнака, у кадэцкую сям’ю ўліўся лёгка, і ўсё там падабалася.
Дарэчы, гэтае ж кадэцкае вучылішча закончыў і яго старэйшы брат Валодзя. А цяпер ён — на апошнім курсе Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Такім чынам, адзін з прадстаўнікоў сям’і Дунец будзе стаяць на варце правапарадку, а другі — бяспекі краіны. Вось якія годныя прафесіі выбралі браты!
— Быць афіцэрам — для мяне гонар, — прызнаецца Андрэй. — Выбраў факультэт супрацьпаветранай абароны, таму што яго выпускнікі самыя запатрабаваныя. Мяркуйце самі, калі якая небяспека пагражае краіне, то яна ў асноўным з неба. І ёй трэба супрацьстаяць. Да таго ж, закончыўшы вучобу на гэтым факультэце, буду мець дзве спецыяльнасці: ваенную “Інжынер. Спецыяліст па кіраванні” і цывільную “Інжынер па радыётэхнічных сістэмах”.
Першую экзаменацыйную сесію Андрэй здаў паспяхова і атрымаў водпуск, які якраз прыпаў на навагоднія святы. Іх сустракаў разам з бацькамі і братам. Родным было пра што пагаварыць і чаму парадавацца.
Вераніка ФІЛАНОВІЧ.
У працяг тэмы: Падчас размовы са мной курсант Андрэй Дунец прасіў падкрэсліць перавагі вучобы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Яны наступныя: тэрмін навучання ідзе ў залік тэрміновай ваеннай службы; курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і атрымліваюць стыпендыю каля двухсот рублёў, а тыя, каму падчас вучобы прысвойваецца званне, і вышэйшую; да штогадовага водпуску атрымліваюць матэрыяльную дапамогу; выдатнікам вучобы назначаюцца імянныя стыпендыі; тым, хто вучыцца на “выдатна” і “добра” па выніках экзаменацыйнай сесіі павышаюцца аклады грашовага забеспячэння; на 3-5 курсах курсанты жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце ў пакоях на 4-6 чалавек; зімой і летам даецца канікулярны водпуск на 14 і 30 сутак адпаведна з бясплатным праездам да месца і назад па тэрыторыі Беларусі. Курсанты бясплатна паглыблена вучацца па праграме вадзіцеляў катэгорыі “С” з правам здачы экзамена ў ДАІ.
Зацікавіліся, юнакі? У такім разе звяртайцеся ў раённы ваенны камісарыят.