Далёка ад роднай зямлі


tajga

— Не разумею, чаму вы здзіўляецеся акцэнту ў маёй гаворцы? — казаў мне больш за 40 гадоў таму на станцыі Скаварадзіно Амурскай вобласці мясцовы жыхар Роберт Антонавіч Залеўскі, які працаваў у адной з вайсковых часцей на будаў­ніцтве БАМа. — У нас тут амаль што кожны трэці сібірак — выхадзец з заходніх раёнаў Беларусі.

Тады гэтыя словы вельмі здзівілі: адкуль? Прыпомнілася мне і многа іншых сустрэч саракагадовай даўнасці падчас службы за Уралам і размоў з тымі, хто жыве далёка ад сваёй гістарычнай радзі­мы. З іх вынікала, што першыя перасяленцы-землякі засялялі Сібір і Далёкі Усход не па  сваёй волі. Гэта былі тыя, хто ў канцы XVIII стагоддзя прымаў удзел у польскім паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Ён першы даў “вольную” сваім сялянам, і за ім пайшлі людзі. Паўстанне было жорстка падаўлена. Бунтаўшчыкоў вывезлі на бяскрайнія прасторы Сібіры і Далёкага Усходу. У ліку перасяленцаў былі святары, афі­цэры, чыноўнікі, дваране, памешчыкі, мяшчане, сяляне — яўрэі, палякі, татары, немцы. Бацька майго далёкага родзіча Семянаса хадзіў у мора з Мурманска. Цяпер мой сваяк жыве ў Калінінградзе. А ў яго жонкі продкі ў XVIII стагоддзі трапілі ў Сібір таксама па вышэйзгаданай прычыне.

Другая хваля беларусізацыі прыпала на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. Дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі Пётр Аркадзьевіч Сталыпін задумаў засяліць бяскрайнія прасторы за Уральскім хрыбтом сялянамі з заходніх губерняў і такім чынам правесці аграрную рэформу ў краіне. Зразумела, не ад лёгкай долі сяляне згаджаліся на перасяленне, але іх вабіла перспектыва атрымаць 50 царскіх рублёў на сям’ю (карова ў той час каштавала 5 рублёў), каб абжыцца на новым месцы. У той перыяд за Урал пераехала каля трох мільёнаў нашых землякоў. Ехалі доўга, па паўгода і больш, у асноўным на гужавым транспарце. А калі да тых, хто застаўся на ра­дзіме, пачалі даходзіць першыя звесткі ад перасяленцаў, гэта хваля стала затухаць, бо ўмовы аказаліся неспрыяльныя. З-за гэтага многія вярнуліся, але шмат хто і застаўся.

У перадваенныя і ваенныя гады ў Сібір з Беларусі высялялі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Былі сярод іх і ні ў чым не вінаватыя людзі. Муж маёй цёткі Лёнечкі — Мікалай Кухальскі з вёскі Мар’янова, якую ў 1943 годзе за сувязь з партызанамі спалілі немцы — літаральна з зямлянкі, дзе тулілася сям’я, у 1946-ым быў прымусова вывезены на Сахалін, дзе працаваў на лесанарыхтоўках пад узброенай вартай. Вярнуўся праз сем гадоў злы і пакрыўджаны на ўвесь свет. Неўзабаве ажаніўся на маёй цёці Лёні і выехаў у Польшчу. У знак пратэсту нават перастаў гаварыць па-руску, толькі па-польску.

Яшчэ адна з прычын беларусізацыі Сібіры і Далёкага Усходу — людзі ваенныя, якіх куды толькі ні закідваў лёс. І самому давялося служыць за Уралам сем гадоў. Многія з маіх саслужыўцаў стварылі ў Сібіры сем’і і засталіся там жыць. Напрыклад, аднапалчанін капітан Валянцін Кісялёў ажаніўся на мясцовай жанчыне, продкі якой — выхадцы з Магілёўшчыны — трапілі ў Сібір у ліку перасяленцаў у пачатку ХХ стагоддзя. У 80-ых гадах мінулага стагоддзя Кісялёў перавёўся служыць у Мінск, дзе цяпер і жыве яго сям’я. Такім чынам праўнучка тых, хто асвойваў бяскрайнія сібірскія прасторы, трапіла на сваю гістарычную ра­дзіму. Мой саслужывец маёр У. П. Аўсянкоў, ураджэнец Гомельшчыны, ажаніўся на дзяўчыне з Краснаярска, стварыў там сям’ю, выгадаваў двух сыноў, мае ўнукаў, асеў у Камсамольску-на-Амуры. Наш былы камандзір, а зараз генерал-маёр запасу У. П. Падлужны, “памяняў” Гомель на Хабараўск. Сярод іркуцян — нашы знаёмыя Лешчыкі, чые карані ў вёсцы Валодзькі і якія зрэдку прыязджаюць да нас пагасціць. І гэты спіс можна прадоўжыць.

У садовым таварыстве “Прырода” з моманту яго ўтварэння  па суседстве з намі гаспадарыць сям’я Бабрычэнкаў. Шчырыя да працы як Анатоль, так і яго жонка Маша. І дзяцей выгадавалі годна. Дык вось Марыя Аляксееўна родам з-пад Краснаярска, але яе карані ў Докшыцкім раёне. У 1975 годзе яе муж падчас вайсковай службы быў за Уралам і прывёз адтуль маладую жонку. Як высветлілася, амаль на яе гістарычную радзіму. Пацікавіўся ў Марыі Аляксееўны, ці вядома ёй пра тое, як яе продкі трапілі ў Сібір. Вельмі ўразіла, што яна вельмі добра ведае і карані, і вытокі, і сваё генеалагічнае дрэва.

Яна ўзгадала, што ўсё пачалося ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Іх сям’я Ціханоўцаў (яе прапрадзед  быў выхадцам з Польшчы), якая жыла ў вёсцы Мількунь Бягомльскай воласці, вырашыла пераехаць у Сібір з прычыны беззямелля і голаду. Спачатку прапрадзед адправіў хадаком свайго старэйшага сына Ягора (прадзеда Марыі Аляксееўны), чалавека энергічнага, прабіўнога, знаходлівага і абачлівага. Той вярнуўся праз два гады і сказаў, што яму спадабалася. Збіраліся ў няблізкую дарогу аж да 1899 года. У ліку перасяленцаў была і дачка Ягора Васільевіча Лізавета ва ўзросце 7 гадоў. Да Волгі дабраліся на кані, а далей па Транссібірскай магістралі, якая ўжо працавала і дала штуршок для асваення прастораў Далёкага Усходу. Для жыхарства ім вызначылі Бярозаўскую воласць, Новасоксенскі ўчастак Ачынскага павету. Першую вуліцу ў Новасоксе пралажылі ўздоўж берага ракі Сокса. Усе ціханоўцы нядрэнна абжыліся, адбудаваліся па суседстве брат з братам, не губляючы радні. У гэтым сяле Марыя Аляксееўна і нарадзілася. Узгадала, што жылі дружна, дапамагалі адно аднаму, інакш не перажылі б ні рэвалюцый, ні грамадзянскай вайны, ні калчакаўшчыны, ні калектывізацыі, ні пажару, калі ад усёй вёскі засталося 18 хат, ні вайны, на якую пайшлі ўсе мужчыны. Сумесна прымалі рашэнні аб куплі касілак, конных грабляў і іншых неабходных гаспадарчых прылад. Раскулачвання пазбеглі таму, што ніколі нікога не наймалі, працавалі на зямлі толькі сваёй сям’ёй.

Вуліца ў сяле была шырокая. З аднаго боку стаялі дамы перасяленцаў з Арлоўскай губерні, а на ўсходняй — беларусаў. Другая вуліца ішла паралельна і засялялася ўжо дзецьмі першых перасяленцаў. Бабуля Марыі Аляксееўны выйшла замуж у 1920 годзе, а маці ў замустве — Паўшок. Сярод радні ёсць Шаўчэнкі, Івановы, Хацкевічы, Ставеры, Мядзельцы, Дунаевы, Снапковы, Кашкевічы, Салаўёвы, Белабародавы  і нават італьянцы Б‘янконе. А прозвішча Ціхановец падчас перапісу насельніцтва 1950 года змянілася на Ціхановіч. Жылі, працавалі на зямлі, гаспадарылі.

Марыя Аляксееўна адзначыла, што ў сяле аж да пачатку 70-ых гадоў ХХ стагоддзя не было ніякага медыцынскага работніка. У галодныя пасляваенныя 50-ыя многія памерлі ад хвароб і эпідэмій, у тым ліку і яе тата. Таму марыла стаць медыкам, каб ратаваць чалавечыя жыцці. Ім і стала (да нядаўняга часу Марыя Аляксееўна працавала ў 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь). Цяпер нашчадкі Ціханоўцаў жывуць у Краснаярскім краі і ў Краснаярску, на Сахаліне, у Магадане, Амурскай вобласці, Санкт-Пецярбургу, Кіргізіі, Валгаградскай вобласці і нават у Рыме. Калі нядаўна да Бабрычэнкаў прыязджалі сваякі з Санкт-Пецярбурга, усе разам ездзілі ў Мількунь, распытвалі ў старажылаў пра продкаў, знайшлі прыкладнае месца, дзе стаяла хата прапрадзеда Васіля Андрэевіча Ціханоўца.

Пагалоўная большасць перасяленцаў, іх дзеці і ўнукі памятаюць свае карані і нават ганарацца сваім паходжаннем. Напрыклад, губернатар Амурскай вобласці сцвярджаў: “Я ніколі не саромеўся сваёй мовы і не апускаў вочы долу, калі мяне звалі “бульбаш”. Гэта мова маіх продкаў, і так гаворыць цэлая краіна на маёй гістарычнай Радзіме”.

Карэнны іркуцянін Валерый Лешчык падчас прыезду на Бацькаўшчыну, у вёску Валодзькі, адзначыў: “Беларусь мяне прыемна ўразіла. Ветлівыя, інтэлігентныя людзі, чыстыя гарады, многа новабудоўляў. Добра ведаю і перадаю сваім дзецям, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь стала адным партызанскім атрадам. У партызанах загінуў мой дзед, а бабулю расстралялі немцы… Заўсёды ганарыўся тым, што мае карані ў Беларусі”.

Леанід СЕМЯНАС,

няштатны карэспандэнт.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.