І мы на ралі пабывалі


Вось так мнагалюдна было на выставе-дэгустацыі прадукцыі райспажыўтаварыства ў Парыжы падчас правядзення ралі.
Вось так мнагалюдна было на выставе-дэгустацыі прадукцыі райспажыўтаварыства ў Парыжы падчас правядзення ралі.

Напэўна, ужо ўсе чулі пра трактарнае ралі “Парыж — Мосар”, якое адбылося 28 студзеня. Тым не менш хочацца падзяліцца асабістымі ўражаннямі. А найперш падзякаваць кіраўніцтву раёна, па распараджэнні якога быў вы­дзелены камфартабельны аўтобус, на якім мы, ветэраны працы, і іншыя жадаючыя змаглі паехаць на мерапрыемства.

Перад яго пачаткам у памяшканні Парыжскага сельскага Дома культуры адбылася дэгустацыя хлебабулачных і каўбасных вырабаў райспажыўтаварыства, а таксама сыроў і іншай прадукцыі малочнага завода. На ўра разыходзілася бясплатная юшка з рыбгаса “Навінкі”, а ААТ “Навасёлкі-Лучай” прадаваў такія смачныя шашлыкі, што за імі таксама стаяла чарга. Дом рамёстваў “Стары млын” арганізаваў выставу цікавых работ народных майстроў. Мы бачылі ўсё гэта і радаваліся таму, як годна падрыхтаваліся ў нашым раёне прыняць удзельнікаў ралі і шматлікіх гледачоў. А павесялілі прысутных сталічныя артысты — народны ансамбль песні «Белы птах» і ўдзельнікі клуба вясёлых і знаходлівых.

Ну, а самае відовішчнае, канешне ж, ралі, у якім удзельнічала восем трактароў. Перад стартам не толькі дзеці, але і многія дарослыя з задавальненнем фатаграфаваліся на іх фоне. А на фініш у Мосар мы трапілі якраз у той момант, калі трактары вялізнымі мячамі забівалі галы ў імправізаваныя вароты. Гэта выклікала такое захапленне!

Удзячны, што пабывалі на такім незвычайным свяце. І звяртаюся да ўсіх ветэранаў: у якую  паездку ці на якое мерапрыемства вас ні запрашалі б, не адмаўляйцеся, бо такія зносіны — і новыя ўражанні, і зарад бадзёрасці.

Н. БУЛАВІНЦАВА, старшыня пярвічнай

 арганізацыі ветэранаў райвыканкама.

 Фота Тамары Пашкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.