Майстар-клас ад Аляксандры Герасімені

Спорт

Аляксандра Герасіменя і Станіслаў Чымбург.
Аляксандра Герасіменя і Станіслаў Чымбург.

Напярэдадні калядных свят заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, двухразовы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане і ўладальніца бронзавай узнагароды ў Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандра Герасіменя падзялілася ў сацыяльных сетках сваім намерам праводзіць для беларускіх школьнікаў бясплатныя майстар-класы.  На заманлівую прапанову ў ліку іншых у краіне адклікнуліся бацькі юных плыўцоў з Пастаў і запрасілі знакамітую спартсменку ў наш горад.

Якой жа вялікай была радасць, калі Аляксандра згадзілася на сустрэчу і 26 студзеня больш за дзве гадзіны правяла ў акружэнні выхаванцаў трэнера Аляксандра Бучнева і іх бацькоў. На фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў мікрараёне пятага гарадка госцю вітаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург і ўручыў ёй  кветкі і сувеніры. Станіслаў Ула­дзіміравіч нагадаў, што, акрамя алімпійскіх “серабра” і “бронзы”, Аляксандра Герасіменя з’яўляецца ўладальніцай залатых узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы, трохразовай чэмпіёнкай Уні­версіяд, удастоена ордэна Айчыны III ступені.

Пра спартыўныя дасягненні найлепшай спартсменкі Беларусі — а такі тытул ёй прысуджаўся ў 2011 годзе — добра ведалі і дзеці, і дарослыя. З затоенай увагай яны слухалі расказ Аляксандры пра тое, як яна прыйшла ў плаванне, што дапамагае дабівацца высокіх вынікаў у вялікім спорце.  А. Герасіменя падкрэсліла, што ў яе няма сакрэтаў, затое ёсць некалькі пра­вілаў, якіх яна прытрымліваецца не толькі ў спорце, але і ў жыцці.

049

Самае важнае — верыць у сябе, уласныя сілы, і поспех абавязкова прыйдзе. Для гэтага трэба выкладвацца на трэніроўках не на 100, а на ўсе 200 працэнтаў, быць у добрых узаемаадносінах з трэнерам, адчуваць пастаянную падтрымку бацькоў. Дарэчы, яны ў яе былыя спартсмены і выдатна разумеюць: каб быць у форме,  трэба  захоўваць рэжым дня, харчавання, знаходзіць сілы адмовіцца ад пэўных жыццёвых спакусаў.

Юныя спартсмены, іх трэнер і бацькі задавалі Аляксандры пытанні, цікавіліся яе далейшымі планамі, ці будзе ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 2020 года. “Што да алімпіяды, то хацелася б прыняць у ёй удзел, — сказала спартсменка. — Усё залежыць ад таго, у якой буду знаходзіцца форме і наколькі падрыхтаванымі акажуцца саперніцы”.

Тытулаваная плыўчыха з задавальненнем раздавала аўтографы, фатаграфавалася з юнымі спартсменамі, а затым для групы хлопчыкаў і дзяўчынак правяла майстар-клас у басейне ФАКа.  У іх ліку  былі пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па плаванні сярод дзяцей і падлеткаў “Фестываль плавання “Залатая рыбка” на яе імя.  Пасля заняткаў адзначыла, што сярод выхаванцаў трэнера Аляксандра Бучнева ёсць перспектыўныя, здольныя дзеці, якія могуць звязаць сваё жыццё з плаваннем. Аляксандра Герасіменя падзякавала за цёплы прыём, пажадала пастаўскім плыўцам поспехаў і дасягнення спартыўных вышынь.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.