“Малайцы! Брава! Біс!”


IMG_9788У адзін з выхадных дзён разам з народным хорам ветэранаў вайны і працы      пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні адправілася на іх канцэрт у Варапаеўскі гарпасялковы Дом культуры. За гады актыўнага творчага жыцця гэты калектыў стаў жаданым госцем на ўсіх раённых мерапрыемствах, выступаў на сцэнічных пляцоўках розных гарадоў Беларусі. Здавалася б, для яго ўдзельнікаў выхад на сцэну — прывычная справа. Тым не менш артысты крыху хваляваліся: у гарпасёлку ні разу не былі, ці збяруцца гледачы? Як аказалася, дарэмна — глядзельная зала запоўнілася. Сярод прысутных былі людзі рознага ўзросту.

Як толькі са сцэны загучалі першыя акорды, зала заапла­дзіравала. У рэпертуары хору — творы як вядомых, так і сама­дзейных беларускіх і рускіх аўтараў. Калектыў больш за 35 гадоў знаходзіцца ў творчым “палёце”,  падтрымлівае лепшыя песенныя традыцыі. Высокі вынакальніцкі ўзровень, багаты рэпертуар падкупляюць гледача.

Прысутныя цёпла прымалі кожнае выступленне хору, жаночай вакальнай групы, а таксама салістак Таццяну Анатольеўну Сабецкую, Святлану Лукінічну ­Аліхвер, Марыю Вавілаўну Ніканаву, Таццяну Паўлаўну Фядосенка, Ганну Васільеўну Пылеву. Падчас песень “Матуліны рукі”, “Родная хата”, “Соловьи”, “Вспоминайте о нас” многія гледачы змахвалі слёзы. А колькі апладысментаў “сарваў” саліст Уладзімір Іванавіч Стубайла! Пранікнёна гаварыла пра калектыў кіраўнік клуба ветэранаў «Памяць» Таццяна Віктараўна Казакевіч.

Канцэрт доўжыўся больш за гадзіну. “Малайцы! Брава! Біс!” часта гучала з залы. На “Развітанне славянкі” прысутныя ўсталі. Мастацкі кіраўнік Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры Ірына Паўлаўна Кузьміч падзякавала ўдзельнікам хору за цудоўнае выступленне. А гледачы не спяшаліся дадому. Многія падыходзілі да артыстаў, іх кіраўніка Паўла Пятровіча Рагіні, каб сказаць шчырыя словы, па­дзяліцца ўражаннямі.

Алена Ліманоўская і Ганна Альховік дзякуюць Паўлу Пятровічу Рагіню за канцэрт.
Алена Ліманоўская і Ганна Альховік дзякуюць Паўлу Пятровічу Рагіню за канцэрт.

Ганна Альховік і Алена Ліманоўская з катэгорыі маладых. “Язык не паварочваецца назваць вашых артыстаў пажылымі, — гаварылі яны П. П. Рагіню. — Звонкія галасы, бляск у вачах, шчырыя ўсмешкі на тварах — сапраўдныя артысты, прыклад аптымізму для нашага пакалення. Ад канцэрта атрымалі асалоду. Малайцы! Творчага даўгалецця хору, ба­дзёрасці, энтузіязму”.

— Некалі ў Варапаеве была дапаможная школа, — гаварыла Марыя Аляксееўна Ізотава. — Я ў ёй працавала, у нас быў свой хор. Спяваць любіла і люблю. Канцэрты — гэта стымул да жыцця. Хаджу на ўсе мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Доме культуры. Па-добраму пазайздросціла ўдзельнікам хору ветэранаў: іх выступленні на сцэне не падпускаюць старасць. З прычоскамі і макіяжам, энергічныя, творчыя… А як адпрацавана кожная песня! У захапленні і ад дырыжора. Адчуваецца, ён чалавек таленавіты, умее зацікавіць іншых.

— Канцэрт цудоўны! — захаплялася былая настаўніца Ала Антонаўна Татыржа. —  Колькі энергіі артысты падарылі! Яны — сапраўдныя працаўнікі сцэны, адданыя песні людзі. Творчага ім даўгалецця, жыццялюбства.

Не старэюць душой ветэраны — гэта пра ўдзельнікаў хору. Калі ўсе яны расселіся ў аўтобусе, канцэртмайстар Аляксей Конанаў узяў у рукі баян, і артысты зноў заспявалі…

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.