Музычныя падарункі роднай мове


i

У мінулую суботу, 18 лютага, у канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па ву­ліцы Чырвонаармейскай прайшло цікавае мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы. Тут адбыўся канцэрт, які падарыў прысутным шмат станоўчых эмоцый і моцную энергетыку.

На сцэне для гледачоў — прыхільнікаў беларускай мовы — выступалі як пастаўскія выканаўцы, так і госці горада. Ярка і кранальна прагучалі песні “Александрына”, “Спадчына”, “Мой лёс”, “Вясна” ў выкананні ансамбля “Скіфы”. Пранікнёна праспявалі песню “Простыя словы” муж і жонка Сіланавы. Выдатную праграму падрыхтаваў гурт “Тутэйшыя”, у якім іграюць і спяваюць вучні старэйшых класаў гімназіі і школ горада. Асабліва ўпадабалі слухачы песні “Зорачкі”, “Я жыву тут”, “Тры чарапахі” і іншыя. Аматарам цяжкага рока невялікую праграму прапанаваў гурт з Нарачы “Дабл”. Не ўсе слухачы здолелі вытрымаць такое музычнае напружанне, але сапраўдныя прыхільнікі рока атрымлівалі асалоду.

Канцэрт быў арганізаваны Пастаўскай раённай аргані­зацыяй Таварыства беларускай мовы сумесна з ансамблем “Скіфы” пад кіраўніцтвам Віктара Верацельнікава. Вёў імпрэзу Вадзім Шышко. У невялікіх перапынках паміж выступленнямі гледачам прапаноўваліся пытанні віктарыны з гісторыі нашай літаратуры і культуры, за правільныя адказы на якія ўдзельнікі атрымлівалі цукеркі.

Хочацца падзякаваць усім удзельнікам мерапрыемства за тое, што на свяце роднай мовы мы былі разам.

Ігар Пракаповіч, старшыня Пастаўскай

арганізацыі Таварыства беларускай мовы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.