На Масленіцу да Дзеда Бая

Местная власть

Главная

У мінулую нядзелю на спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі” адбылося тэатра­лізаванае прадстаўленне “Масленіца ў Дзеда Бая”, арганізаванае гаспадарамі сядзібы — дзяржаўным аб’яднаннем “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”.

1.1

1.3

 

Яркае, прыгожае свята Масленіца адзначаецца ў канцы зімы і аднолькава радуе дзяцей і дарослых, бо нікога не могуць пакінуць раўнадушнымі гульні, песні, танцы,  смех, частаванне блінамі, чаем, рознымі прысмакамі. Усё гэта, а таксама іншыя масленічныя атрыбуты прысутнічалі ў Азёрках.  Але перш чым як мае быць павесяліцца, на ўпрыгожанай сцэне, што размясцілася сярод  магутных дрэў, адбылося казачна-забаўляльнае прадстаўленне. Падалося, што яго асноўныя героі затрымаліся тут з часу калядных і навагодніх  выступленняў.

1.2

 

—Так яно і ёсць, — пацвердзіла інструктар-метадыст па турызме галоўнай фізкультурна-спартыўнай установы раёна Наталія Карнілава. — Толькі да вядомых казачных персанажаў нашага славутага земляка Уладзіміра Дубоўкі — Дзеда Бая, цёткі Ганны, Бабы Ягі, Дзеда Мароза і Зімы, якія былі вядучымі дзеючымі асобамі на Новы год,  яшчэ далучыліся дачка сонца Мілавіца і ўдалы  дзяцюк Цікаўны. Быў напісаны новы сцэнарый з ухілам на традыцыі і забавы масленічных гулянняў.

1.4

Тыя, хто ўважліва сачыў за прадстаўленнем на сцэне, не расчараваліся: пераадолеўшы розныя перашкоды, не зважаючы на інтрыгі, якія чыніла Баба Яга, дзея мела шчаслівае завяршэнне. Гледачы з ­удзячнасцю праводзілі  Дзеда Мароза і Зіму, радаснымі воклічамі віталі вястунню вясны — Мілавіцу. Менавіта яна разам з Цікаўным і іншымі персанажамі  вадзілі карагоды, аргані­зоў­валі гульні, іншыя забавы. Дзеці і дарослыя ахвотна ўдзельнічалі ў перацягванні каната, прымяралі “калодкі”, спаборнічалі ў спрыце і сіле.  А вось дабрацца да фігуры пеўня, размешчанай на вяршыні гладкага 6-метровага слупа,  удалося толькі аднаму шчасліўчыку. Кульмінацыйным момантам гуляння ў Азёрках стала спальванне чучала Зімы.

1.5

1.6

І, вядома ж, якая Масленіца без бліноў! Работнікі грамадскага харчавання райспажыўтаварыства напяклі іх шмат і на любы смак. Багата разнастайных страў, у тым ліку прыгатаваных па бабуліных рэцэптах, было і ў карчме. Пад­сілкаваўшыся, адведаўшы духмянага чаю, заваранага на зёлках, гараджане знаёміліся з наваколлем. Інфраструктура спартыўна-турыстычнага комплексу пастаянна мяняецца і абнаўляецца. Усё больш розных кампазіцый з’яўляецца на “Казачнай сцежцы Дубоўкі”, якая з цягам часу стане захапляльным маршрутам.

1.7

У пастаўчан ёсць магчымасць трапіць у святочную атмасферу провадаў зімы. Заўтра ў 14 гадзін адбу­дзецца яшчэ адна сустрэча з героямі “Масленіцы ў Дзеда Бая”. Не прамініце цікавую дзею!

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.