Надзейна з мужам і Надзеяй


IMG_0369

31 студзеня пастаўчанка Ала Іванаўна Дзямідка адзначала 50-годдзе. Павіншаваць імянінніцу прыехалі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, а разам з імі і я, аўтар гэтых радкоў.

Першай да імянінніцы звярнулася загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Вольга Алегаўна Гінько. Яна ўручыла Але Іванаўне кветкі, падарунак, пажадала здароўя, бадзёрасці, заставацца дабрадушнай, такой, якой прывыклі яе бачыць і сама Вольга Алегаўна, і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Ала Баляславаўна Мураўская, якая таксама прысутнічала. Станоўчых эмоцый, аптымізму, сямейнага дабрабыту пажадала Вольга Анатольеўна Грузд, старшыня раённай арганізацыі  таварыства Чырвонага Крыжа.

— Напэўна, з самай раніцы прымаеце віншаванні? — пытаюся ў юбіляркі.

— Ды не, першае пачула адразу пасля дванаццаці ночы, — усміхаецца яна. — Яшчэ не спалі, бо ў нас быў чарговы кінавечар. Так робім падчас Надзіных канікулаў: выбіраем цікавы фільм і глядзім разам ці па тэлевізары, ці па камп’ютары, абмяркоўваем. І вось дачка раптам так загадкава гаворыць: “А ў нас хтосьці нара­дзіўся…” Ну і пачаліся віншаванні, пажаданні. Дарэчы, найлепшы з падарункаў да майго юбілею — Надзіна сесія, дакладней, яе вынік — сярэдні бал 9,6. Раніцай пазванілі мама, стрыечная сястра, іншыя сваякі, знаёмыя. У “Аднакласніках” яшчэ не глядзела — а там у мяне шмат сяброў.

Далучаюся да віншаванняў і я і спрабую ўспомніць, колькі ж гадоў мы знаёмыя. “27”, — гаворыць імянінніца. Прыгадала, як напрыканцы 1990-га Ала Вітко патэлефанавала ў рэдакцыю наконт новай назвы нашай газеты. Я зняла трубку і размаўляла з ёй. Потым паехала ў Хрыстова, дзе жыла яе сям’я, і напісала артыкул “Трымай, саломінка, трымай” — ён быў надрукаваны 22 снежня. А крыху больш чым праз месяц, 31 студзеня 1991-га, у Алы быў чарговы дзень нараджэння.

— І сёння ў гэтай сувязі яшчэ адна па­дзея — 26 гадоў нашаму знаёмству, — гаворыць Алін муж Генадзь. — Тады, у 1991-ым, якраз 31 студзеня, Ала атрымала мой першы ліст. Неўзабаве прыйшоў адказ, і ён стаў падарункам ужо да майго дня нараджэння.

Успаміналі, што той Алін дзень нараджэння быў надта марозны. Як і ў 1974 годзе, калі і здарылася непапраўнае, што раздзяліла жыццё сямігадовай дзяўчынкі на “да” і “пасля”. Дагэтуль стаіць у вушах пачутае ад яе мамы Альфрэды Францаўны: “Трапіла пад колы аўтамабіля… Спінны мозг перастаў правільна функцыянаваць…”

Уявіць цяжка, праз якія выпрабаванні давялося прайсці сям’і, і я не акцэнтую на гэтым увагі. Але не сказаць пра тое, колькі аптымізму і настойлівасці было ў той кволай дзяўчынкі, затым — дзяўчыны і жанчыны, не магу. Ні разу не стаўшы нагамі пасля трагедыі на зямлю, яна цвёрда адчувала сябе на ёй, трымалася і трымаецца ўпэўнена, якія б перашкоды ні паўставалі і што б ні здаралася. Вельмі ўдзячна ўсім добрым людзям, хто сустракаўся на жыццёвым шляху. Шмат шчырых слоў адрасавала работнікам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і персанальна дырэктару Дзіяне Іванаўне Пякарскай. З якімі пытаннямі да іх ні звяртаюцца Дзямідкі, невырашальных не бывае. Не забываюць, запрашаюць у паездкі, на экскурсіі, канцэрты і сходы, прадастаўляюць транспарт. І сёння яе перамога над немаччу — само жыццё, дзе ёсць дачушка Надзея, студэнтка-чацвёртакурсніца БДУ, якая вывучае англійскую філалогію, муж, мама. З імі спакойна, яны — Аліна радасць і надзея.

Пакідаючы гасцінных і шчырых людзей, пажадалі яснага сонца ў кожнае акенца і каб усім ім было заўсёды цёпла, утульна і камфортна.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.