“Пакуль буду жыць — буду спяваць”


IMG_0131

“З песняй у душы” — пад такой назвай 29 студзеня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча прайшоў сольны канцэрт вядомага на Пастаўшчыне вакаліста і музыканта — саліста папулярнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Пятра Караля. Адбыўся ён у рамках творчага праекта “Вечар разам”, які стартаваў у мінулым го­дзе і знайшоў цёплы прыём і водгук у сэрцах пастаўчан.

Як і на папярэднія канцэрты ў рамках названага праекта — Аляксандра Апанасевіча, народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” і народнага хору ветэранаў, паслухаць выступленне сапраўднага рамантыка і лірыка пастаўскай сцэны Пятра Караля, усёй душой адданага музыцы і песні, прыйшлі некалькі соцень пастаўчан. У зале былі і дзеці, і моладзь, але найбольш — людзей сталага ўзросту, з песень маладосці якіх складалася канцэртная праграма.

Адкрыла яе вядомая кампазіцыя ВІА “Самоцветы” “Льётся музыка”. У выкананні Пятра Уладзіміравіча прагучалі і іншыя песні гэтага папулярнага некалі ансамбля, а таксама груп “Цветы”, “Лейся, песня”, “Песняры”, “Верасы”, “Куин”, “Скорпионс”, такіх зорак савецкай, ра­сійскай і замежнай эстрады, як Юрый Антонаў, Аляксандр Сяроў, Муслім Магамаеў, Яак Ёала, Лайма Вайкуле, Валянціна Талкунова, Шарль Азнавур. Гарачыя апладысменты і воклічы “брава!” гучалі з залы ў адказ на “Я люблю тебя до слёз”, “Вечная любовь”, “Листья жёлтые”, “Давай попробуем вернуть”, “Королева красоты”, “Поговори со мною, мама”, “Любимая женщина”, “Ты скажи” і іншыя шлягеры 70—80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Некаторыя з іх П. У. Кароль прысвяціў дарагім яму людзям — любімай жонцы, якая разам з дзецьмі і ўнукамі прысутнічала ў зале, сваёй матулі і блізкаму сябру, заснавальніку групы “25 плюс-мінус” Мікалаю Карпенку, якія пайшлі з жыцця, маладой сямейнай пары, што ў той дзень адзначала шасцігоддзе ўзяцця шлюбу. Апошнюю кампазіцыю — “Там, где клён шумит” — музыкант прысвяціў памяці славутага спевака Аляксандра Ціхановіча, чый зямны шлях завяршыўся напярэдадні, 28 сту­дзеня.

Падтрымаць Пятра Уладзіміравіча і спець з ім дуэтам прыйшлі калегі па эстраднай групе Вольга Балотнікава і Эла Панавас, а таксама Аляксандр Апанасевіч. Харэаграфічнае афармленне нумароў забяспечылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК. Пасля завяршэння паўтарагадзіннага канцэрта спевака па­віншавала дырэктар Дома культуры Ала Чарнюк і разам з букетам кветак уручыла яму сертыфікат аб удзеле ў праекце. А аўтар гэтых радкоў узяла інтэрв’ю.

— Пётр Уладзіміравіч, як даўно вы заспявалі?

— Гэта адбылося прыкладна ў тры гады. Па расказах маці, не ведаючы яшчэ слоў песні, я цягнуў яе матыў. А прафесійна пачаў спяваць з 1977 года, калі паступіў на аддзяленне вакалу ў Даўгаўпілскае музычнае вучылішча — адно з нямногіх у Савецкім Саюзе, дзе рыхтавалі артыстаў аперэты. Але правучыўся там усяго паўтара года з трох праграмных і пакінуў. Нягледзячы на гэта, вось ужо 25 гадоў выхо­джу на сцэну, у тым ліку 24 з іх — у складзе групы “25 плюс-мінус”.

— А як трапілі ў калектыў?

— У 1992-ім прымаў удзел у “Пастаўскіх зорках”. Там мяне заўважыў Мікалай Карпенка і запрасіў у свой ансамбль. На жаль, 12 гадоў таму Мікалая Анатольевіча не стала. Але жыве створаны ім калектыў, і мы стараемся прытрымлівацца выбранага раней кірунку ў музыцы.

— У вашым сольным канцэрце прагучалі творы розных кампазітараў і выканаўцаў. Каго з іх лічыце сваім кумірам? На каго хацелі б быць падобным?

— Я ніколі не імкнуўся і не імкнуся пераймаць кагосьці з вядомых артыстаў. Калі гаварыць пра куміраў, для мяне такім з’яўляецца Юрый Антонаў. Блізкі па духу таксама Валерый Дайнэка, які цяпер спявае ў “Беларускіх песнярах”. А чыста па музыцы самы любімы мой кампазітар — Райманд Паўлс.

— Што слухаеце для душы?

— Па натуры я лірык, таму аддаю перавагу лірычным, меладычным песням. Вельмі люблю аперэту, а таксама рок-балады культавых груп “Куин” і “Скорпионс”, якія магу слухаць гадзінамі. Не цураюся і класічнай музыкі, нярэдка ўключаю Моцарта, Шапэна. З сучасных музыкантаў падабаецца гітарыст Дзідзюля.

— Што для вас значаць музыка і песня?

— Гэта не проста любімы занятак. Гэта частка майго жыцця, прычым большая, тое, што і жыць, і будаваць дапамагае. Калі мне дрэнна, я пачынаю спяваць. Нават на рабоце — а працую я на Пастаўскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм — часта нешта ціхенька сабе напяваю. Мяне там так і называюць — пяюн. Ну, а кожны выхад на сцэну — сапраўднае свята, сустрэча з сябрамі, проста добрымі людзьмі. Шчаслівы, што магу камусьці прыносіць радасць.

— Якія пачуцці пасля сённяшняга канцэрта?

— Эмоцыі перапаўняюць! Адчуваю эйфарыю, палёт, быццам скінуў некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Ганаруся, што нарэшце ажыццявіў сваю даўнюю задумку — зрабіў сольную праграму. Рыхтаваў яе каля месяца і вельмі ўдзячны за дапамогу работнікам раённага Дома культуры і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці. Спадзяюся ў будучым падрыхтаваць яшчэ адну праграму. Са сцэны я не сыду да канца сваіх дзён, таму што яе немагчыма пакінуць. Пакуль буду жыць — буду спяваць.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.