Параметры перавыкананы, але рэзервы ёсць

Общество

Прадстаўнік Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Валерый Паўлавіч Ходзюш уручае пасведчанне сацыяльнаму работніку другой катэгорыі Іне Сянькевіч.
Прадстаўнік Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Валерый Паўлавіч Ходзюш уручае пасведчанне сацыяльнаму работніку другой катэгорыі Іне Сянькевіч.

У канцы лютага тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падвёў вынікі работы за мінулы год. Перад пачаткам мерапрыемства ўсе змаглі азнаёміцца з выставай вырабаў работнікаў ТЦСАН, якая разгарнулася ў фае першага паверха райвыканкама. Са справаздачамі выступілі загадчыкі аддзяленняў і дырэктар ТЦСАН Д. І. Пякарская. На сходзе прысутнічалі намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Т. П. Шэлег, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто.

Сацыяльная абарона нашага раёна — гэта шматфункцыянальная сістэма, якая дынамічна развіваецца. У ТЦСАН дзейнічае 9 аддзяленняў,  1 філіял, 10 сацыяльных пунктаў, працуюць больш за 200 чалавек. На тэрыторыі раёна пражывае каля 10 тысяч грама­дзян пажылога ўзросту. І іх колькасць пастаянна павялічваецца. Кожны месяц па сацыяльныя паслугі звяртаецца 900 чалавек. Летась цэнтр атрымаў больш за 2 мільярды недэнамінаваных рублёў даходаў. Палова з іх пералічана ў раённы бюджэт, астатнія зрасходаваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра.

Зладжанай работай вызначаюцца ўсе структурныя падраздзяленні. Адно з буйнейшых — дапамогі на даму. Сацыяльныя работнікі для сваіх падапечных з’яўляюцца поварамі, псіхолагамі, цырульнікамі, паштальёнамі, культработнікамі, у многіх выпадках замяняюць радню, якой няма або жыве далёка. Не было ні аднаго выпадку скасавання кантракта, заключанага паміж цэнтрам і кліентам. Людзі часта звоняць, каб выказаць словы падзякі за клопат, добрасумленнасць, спагаду.

Вялікі аб’ём работ выконваюць члены трох гаспадарчых брыгад. Цяпер ёсць попыт на распілоўку, шчапанне і складзіраванне дроў, з прыходам вясны асноўнай будзе дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, летам — абкошванні прыдамавых тэрыторый, добраўпарадкаванні могілак, пастаянна — рытуальныя паслугі і шмат іншага.

Цэнтр укараняе інавацыйныя тэхналогіі, распрацоўвае новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, накіраваныя на пераадоленне сацыяльнай ізаляцыі адзінокіх і адзінока­пражываючых грамадзян. 10 інвалідам першай і другой груп, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, медыка-санітарныя паслугі на даму аказвае медыцынская сястра раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Шмат робіцца ў рамках праекта “Аказанне дапамогі вязням” сумесна з германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучае” пры падтрымцы міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне”.

Дзяржава праяўляе вя­лікі клопат пра тых, хто застаўся сам-насам з адзінотай, бездапаможнасцю. Такія людзі маюць магчымасць годна стараваць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання ў Паставах і Лынтупах, дзе для іх створаны ўмовы, прыбліжаныя да дамашніх.  З павагай і любоўю да насельнікаў адносіцца абслуговы персанал.

Спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра створаны банк даных людзей з абмежаванымі магчымасцямі, абследуюцца ўмовы іх пражывання, аказваецца неабходная дапамога. З гэтай катэгорыяй насельніцтва працуе аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў. Яны займаюцца тут у розных гуртках, клубах. Набытыя навыкі і вопыт дазваляюць ім працаваць у вытворчых майстэрнях. Сістэмная работа прыносіць плён. Па выні­ках работы за мінулы год аддзяленне (загадчыца — Вольга Алегаўна Гінько) прызнана лепшым сярод структурных падраз­дзяленняў ТЦСАН.

У райцэнтры і Лынтупах працуюць ад­дзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. У іх праводзіцца мноства забаўляльных мерапрыемстваў, у якіх пажылыя людзі прымаюць самы актыўны ўдзел. Палюбіліся заняткі аэробікай, скандынаўскай хадзьбой. А з якім захапленнем наведваюць заняткі ў гуртках па інтарэсах! Выраблена шмат сувенірнай прадукцыі. Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам санаторыя “Прыазёрны” на яе рэалізацыю. 8 сакавіка ТЦСАН прыме ўдзел у выставе-продажы на гандлёвым комплексе “Момо” горада Мінска.

Адзін з важных момантаў работы цэнтра — падбор кадраў. Улічваюцца дзелавыя і асабістыя якасці кандыдатаў на тую ці іншую пасаду. Удасканальваецца работа па атэстацыі работнікаў, прымаюцца меры для іх прафесійнага росту. У адпаведнасці з дагаворам аб супрацоўніцтве ў сферы дадатковай адукацыі, заключаным паміж камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава, летась некалькі сацыяльных работнікаў прайшлі падрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы і Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь. На падвядзенне вынікаў прыехаў прадстаўнік Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Валерый Паўлавіч Ходзюш, які ўручыў пасведчанні групе сацыяльных работнікаў, што на бясплатнай аснове прайшлі спецыяльнае навучанне ў гэтай установе.

— Работнікі сацыяльнай сферы не толькі чулыя, спагадныя, але і надзвычай творчыя, — гаварыў у заключэнне намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — У захапленні ад вашых работ, прадстаўленых на выставе. Яны фантастычныя! Дзякуй за тое, што не пакідаеце сам-насам з бядой тых, каго яна напаткала, дапамагаеце ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Вынікі работы нядрэнныя, параметры перавыкананы, але рэзервы для развіцця сацыяльнай службы ў раёне яшчэ ёсць. Плануецца адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян у Варапаеве, будуць практыкавацца дамы для сумеснага пражывання сірот, інвалідаў. Добра, што кіраўніцтва цэнтра імкнецца падтрымліваць сацыяльных работнікаў, забяспечвае іх веласіпедамі, спецвопраткай.

— У вобласці 25 тэрытарыяльных цэнтраў. Пастаўскі займае лідзіруючыя пазіцыі, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў аблвыканкама Т. П. Шэлег. — Ваша работа цэніцца ў вобласці. Нездарма кожны год сярод пераможцаў розных узроўняў — пастаўчане. Лаўрэатамі звання “Чалавек года Віцебшчыны” былі дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская, дырэктар Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Павел Іванавіч Паўловіч, сёлета — загадчыца Лынтупскага аддзяленнях кругласутачнага знаходжання Надзея Тадэвушаўна Гатоўская. Плён прыносяць цеснае супрацоўніцтва, узаемаразуменне з раённым выканаўчым камітэтам, спонсарамі, сельскімі Саветамі. Не спыняйцеся на дасягнутым. Шукайце і ўкараняйце новыя формы эфектыўнай работы, нясіце лю­дзям свае паслугі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.