Працай і павагай адпаліраваныя брыльянты


Юбіляры са старшынёй Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайцем і ксяндзом-пробашчам Яцэкам Хутманам.
Юбіляры са старшынёй Камайскага сельскага Савета Г. Ч. Урбанайцем і ксяндзом-пробашчам Яцэкам Хутманам.

На брыльянтавае вяселле Рэгіны Юльянаўны і Руфіна Адамавіча Барэйка першай запрасіла стрыечная сястра “нявесты” Яўгенія Францаўна Канавальчык, якая прыйшла даць віншаванне ў газету: “Моцная сям’я, прыстойныя людзі — варта пра такіх расказаць на старонках газеты. Хай будуць прыкладам сумленнага сямейнага жыцця для маладых”. Потым патэлефанаваў старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Часлававіч Урбанайць: “У нядзелю з 60-годдзем сумеснага жыцця будзем віншаваць Барэйкаў са Старчун. Яны з ліку тых пар, якія праз усё жыццё пранеслі веру, пачуццё любові, павагі, узаемаразумення, здолелі разам прайсці праз выпрабаванні і дажыць да такога цудоўнага юбілею. Прыязджайце!”

З юбілярамі я была знаёмая — два гады таму, калі рыхтавала матэрыял пра Старчуны, Рэгіна Юльянаўна як старэйшына вёскі шмат чым дапамагала — суправаджала да будучых герояў газетных артыкулаў, расказвала пра вясковыя справы, успамінала мінулае. Таму прапанову папрысутнічаць на Імшы, падчас якой юбіляры дзякавалі Богу за пражытыя гады, прыняла з радасцю.

У камайскім касцёле — адным з самых старажытных у Віцебскай дыяцэзіі — нейкая асаблівая аўра, тут па-іншаму задумваешся пра каштоўнасці жыцця і вечнасць. Спрыяюць гэтаму не толькі ўнутранае ўбранства святыні, роспісы, абразы, але і гучанне аргана, галасы арганісткі і хору, казанне ксяндза-пробашча Яцэка Хутмана, які добра ведае кожнага парафіяніна. З гонарам святар гаварыў і пра Рэгіну Юльянаўну і Руфіна Адамавіча.

Са шчырымі віншаваннямі да юбіляраў звярнуўся старшыня сельскага Савета Генадзій Часлававіч Урбанайць: “Пабольш было б такіх сем’яў, як ваша. Працавітыя, акуратныя, заўсёды гатовыя дапамагчы іншым. Вы выхавалі добрага сына. Хоць ён жыве ў Вільнюсе, у бацькоўскім доме часты госць. Радуюць унук і ўнучка. Жадаю прычакаць праўнукаў і цешыцца імі. Рэгіна Юльянаўна — правая рука мясцовай улады. Дбае пра парадак у вёсцы, сумесна з ёй вырашаем розныя надзённыя пытанні. Дзякуй за супрацоўніцтва. Бадзёрасці вам, здароўя і даўгалецця”.

Урачыста гучыць гімн у гонар “маладажонаў”, а яны не стрымліваюць эмоцый. З віншаваннямі падыходзяць парафіяне. Адчуваецца, Барэйкі — паважаныя людзі.  

— Гады кладуцца цяжарам на плечы, — гаварыла Рэгіна Юльянаўна. — Ужо і спрыт не той, і ў рукі, ногі холадна. А 60 гадоў назад мы, дзяўчаты, у адных сукенках падчас нашага вяселля бегалі на вайшкунскае возера на лёдзе катацца. Весела было! Калі большасць бесклапотным часам лічаць дзяцінства і юнацтва, то ў мяне адлік шчасця пачаўся з замуства.

Рэгіне ішоў шосты год, калі ў канцы 40-х на ваенныя зборы ў Гродна забралі бацьку. Дадому ён не вярнуўся. Доўгія гады пошукаў завяршыліся тым, што дачка даведалася: з прыходам немцаў ён трапіў у палон, пазней быў расстраляны, пахаваны ў Торуні. Можна толькі ўявіць, як цяжка жылося маладой жанчыне з маленькай дачушкай. Тым не менш Рэгіна пра­бівала сабе дарогу, закончыла 10 класаў, уладкавалася на работу спачатку сакратаром у Крукоўскі сельскі Савет, потым у аддзяленне паштовай сувязі.

Руфін Адамавіч родам з Вайшкун. Закончыў механізатарскія курсы, адслужыў у арміі і вярнуўся на радзіму. У 1956 годзе яго накіравалі на дапамогу ў старчунскі калгас. Жыў на кватэры побач з невялікай хацінкай Дэгісаў (дзявочае прозвішча Рэгіны Юльянаўны — аўт.). Жыццё ў вёсцы тады было вясёлым — танцы, вячоркі, шмат моладзі, больш за трыццаць дзяўчат. А выбраў 22-гадовую Рэгіну. Яна не мела матэрыяльнага багацця, затое па характары добрая, вясёлая. 

— З Руфінам зусім па-іншаму пайшло жыццё, ён узяў на сябе ўсю цяжкую работу, — успамінала жанчына. — Найперш прыняліся за будаўніцтва новага дома. Не ўсё маглі зрабіць самі, таму наймалі лю­дзей. Толькі праз пяць гадоў справілі наваселле. Нарадзіўся сынок. Я завочна заканчвала тэхнікум сувязі. Шмат дапамагала мама, якая доўга жыла разам з намі. І муж, і я любім працу, не цураліся яе ніколі, любую выконвалі з задавальненнем.

Для Рэгіны Юльянаўны і Руфіна Адамавіча заўсёды на першым месцы былі інтарэсы сям’і. А калі здараліся якія праблемы — вырашалі іх разам. Выхаваныя ў веры, заўсёды кіраваліся Божымі запаведзямі, і гэта дапамагала пазбягаць канфліктаў. Штодня рупіліся і на асноўнай рабоце, і на ўласнай гаспадарцы, якая на той час прыносіла немалы прыбытак.

У згодзе і любові пражыта 60 гадоў. Барэйкі шчаслівыя, што лёс злучыў іх дарогі ў адну. Рэгіне Юльянаўне 82, але яна энергічная, вясёлая. Муж на чатыры гады старэйшы. Цяжкая праца адбілася на здароўі — баляць ногі. З заняткаў цяпер толькі догляд трусоў ды курэй.

Пасля Імшы госці накіраваліся ў гасцінны дом Барэйкаў. З дапамогай дзяцей быў накрыты святочны стол, сабраліся стрыечныя сёстры і браты, сяброўка дзяцінства Ядвіга Місулайціс, якая 60 гадоў таму была сведкай на вяселлі, суседкі, яшчэ адна сяброўка Антаніна Шчэрба з Крукоў. Блізкія людзі па-добраму зайздросцілі брыльянтавым юбілярам, жадалі, каб доўга гарэў агеньчык у іх доме, а ўзаемнае цяпло грэла сэрцы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.