Прычынай стала п’янства


image15463289_8bfb6e56c5284c086efa64f468812d79

8 студзеня каля 20.30 у раённы аддзел унутраных спраў з Пастаўскай ЦРБ паступіла паведамленне пра тое, што ў бальніцу з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі, а менавіта тупой траўмай грудной клеткі, шматлікімі пераломамі рэбраў з левага і правага бакоў, абмежаваным пнеўматораксам справа, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і страсеннем галаўнога мозгу, дастаўлены 43-гадовы жыхар Старога Двара. Прыбыўшы на месца здарэння, следча-аператыўная група ўстанавіла: цялесныя пашкоджанні пацярпеламу прычыніў яго сын, 1994 года нараджэння, які нанёс бацьку толькі ў вобласць грудной клеткі не менш за сем удараў кулаком. А прычынай такога варварскага ўчынку стала п’янства.

Героі гэтай крымінальнай драмы з самай раніцы пачалі паднімаць сабе настрой спіртным. Удвух выпілі тры бутэлькі віна па 0,7 літра. Апошнюю, чацвёртую, бацька вырашыў выпіць адзін і забраў яе сабе. Сыну такое, зразумела, не спадабалася. Адабраўшы віно, ён у адплату пусціў у ход кулакі… Ледзь жывога мужчыну ў лужыне крыві знайшла жонка, прыйшоўшы вечарам з работы. Яна ж выклікала хуткую дапамогу.

Раней у гэтай сям’і ўжо адбываліся канфлікты на глебе ўжывання алкаголю. Нярэдка іх ініцыятарам быў абвінавачваны, які, нягледзячы на малады ўзрост, знаходзіўся на ўліку ў нарколага. Летась у адносінах да яго была ўзбуджана крымінальная справа за тое, што вымагаў у маці грошы на спіртное, пагражаючы заведзенай бензапілой. Але потым справу спынілі, бо жанчына не захацела прыцягваць сына да адказнасці.

На гэты раз пазбегнуць пакарання маладому чалавеку не ўдасца. Ён узяты пад варту ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яму пагражае ад 4 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Разглядаць такога роду справы, калі даходзіць да наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, следчым даво­дзіцца нячаста. Звычайна яны ўзбуджаюцца па фактах катавання (сістэматычнага нанясення пабояў) або пагрозы забойствам. Пасля гэтага грамадзяне спыняюцца, не пераходзяць да больш актыўных дзеянняў. А вось сама праблема п’янства нас, супрацоўнікаў камітэта, як і міліцыянераў, вельмі непакоіць. Прычым асабліва актуальная яна для сельскай мясцовасці, што пацвярджаюць расследаваныя апошнім часам злачынствы названай катэгорыі (усе адбыліся менавіта на сяле). Чым усё гэта можа закончыцца, наглядна прадэманстраваў прыведзены вышэй прыклад.

У. ФАМІН, начальнік Пастаўскага

раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.