Прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны

Местная власть

015

23 лютага ў Паставах прайшлі мерапрыемствы, прыcвечаныя Дню  абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пачаліся яны з ускладання вянкоў і кветак да помніка воінам-вызваліцелям у гарадскім скверы. А затым прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ваеннаслужачыя Пастаўскага гарнізона, ветэраны працы і Узброеных Сіл сабраліся ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. На самым пачатку ўрачыстасці ў выкананні народнага хору ветэранаў вайны і працы прагучала песня “Абаронцы Айчыны”. Саліраваў удзельнік вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна  Мікіта Аўгусціновіч. Дэбютнае выступленне, падрыхтаванае мастацкім кіраўніком калектыву, былым ваенным дырыжорам Паўлам Пяровічам Рагінем,  выклікала заслужаныя апладысменты.

Служыць — іх прызванне

— Дзень абаронцаў Айчыны мае багатую і слаўную гісторыю, з’яўляецца сімвалам мужнасці, самаахвярнасці, годнасці і гонару, —  адзначыў, вітаючы прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў. — З гэтай нагоды мы віншуем усіх, хто ў розныя гады прайшоў школу армейскай загартоўкі, для каго служба Радзіме — не проста выкананне воінскага абавязку, а прызванне і сэнс жыцця. Менавіта такімі з’яўляюцца ваеннаслужачыя Пастаўскага гарнізона.

Больш чым на 90 кіламетрах забяспечваюць ахову Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь з суседняй Літвой воіны аддзела пагранічнай службы “Паставы”, якім камандуе падпалкоўнік Алег Барысавіч Зелюкоў. Аналіз аператыўна-службовай дзейнасці аддзела сведчыць пра тое, што на ўчастку, які ім ахоўваецца, не дапушчана парушэнняў.  У выніку зладжаных дзеянняў асабовага складу, узаема­дзейных органаў, мясцовага насельніцтва затрыманы 43 парушальнікі Дзяржаўнай граніцы і 118 — пагранічнага рэжыму. Канфіскаваны наркатычныя сродкі, цыгарэты, іншыя забароненыя для перавозу рэчы.   

Дзяжурнымі сіламі 1-га радыё­тэхнічнага цэнтра ажыццяўляецца кантроль за парадкам карыстання паветранай прасторай і перасячэння Дзяржаўнай граніцы краіны паветранымі суднамі. Кожны дзень суправаджаецца ў сярэднім да 300 лакацыйных цэляў.

У лістападзе мінулага года цэнтр адзначыў сваё 20-годдзе. Адметна, што за ўвесь гэты перыяд у  яго адказнай зоне не было дапушчана парушэнняў. Пастаянна абнаўляюцца тэхніка, абсталяванне. Вось і ў 2016 го­дзе на баявое дзяжурства “заступілі”  новыя радыёлакацыйныя станцыі і радыё­вышынямеры айчыннай мадэрнізацыі. Асабовы склад часці ўдзельнічае ў розных вучэннях і манеўрах, дзе ваеннаслужачыя дэманструюць высокі ўзровень  спецыяльнай падрыхтоўкі і прафесіяналізм. У іх ліку камандаванне часці назвала маёра Дзмітрыя Валянцінаві­ча Дзевятоўскага, капітана Сяргея Уладзіміравіча Швядэнку, старшага прапаршчыка Юрыя Дзянісавіча Запольнага, старшыну Аляксандра Іванавіча Рубана, сяржанта Аляксандра Яў­гень­евіча Кісяля, яфрэйтара Аляксандра Віктаравіча Пісарчыка.

Эфектыўна выконваюць задачы па арганізацыі медыцынскага абслугоўвання і забеспячэння органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь камандаванне і супрацоўнікі 1-га ваеннага шпіталя. Найбольшых поспехаў у службовай дзейнасці дабіліся падпалкоўнікі Яўгеній Сяргеевіч Герасімаў, Ігар Міхайлавіч Шаламіцкі, капітан Уладзімір Валер’евіч Мятліцкі, прапаршчык Аляксандр Казіміравіч Гайлюш, Тамара Францаўна Януковіч, Наталля Алегаўна Мінаева, Алена Адольфаўна Юхно, Алена Сігізмундаўна Січкар.

На Пастаўшчыне ваенная прафесія вельмі прэстыжная. Толькі летась курсантамі вышэйшых ваенных навучальных устаноў краіны сталі 12 юнакоў, 110 прызваны на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Беларусі.

В. П. Арэхаў шчыра павіншаваў усіх прысутных са святам, пажадаў, каб яно заўсёды было мірным і радасным.

Са 100-гадовым юбілеем!

069
Падчас ушаноўвання 100-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іларыёна Савельевіча Русалоўскага.

Па традыцыі на свяце за бездакорную службу, высокія дасягненні ў выкананні службовых абавязкаў прайшло ўзнагароджванне прадстаўнікоў воінскіх часцей гарнізона. Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны начальніку ад­дзела пагранічнай службы “Паставы” Алегу Барысавічу Зелюкову, начальніку сакрэтнай часці ваеннага камісарыята раёна Дзянісу Іванавічу Шылько, намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце 1-га радыётэхнічнага цэнтра Дзмітрыю Валянцінавічу Дзевятоўскаму, начальніку медыцынскай часткі 1-га ваеннага шпіталя Міхаілу Георгіевічу Рабізу. Начальнік шпіталя Сяргей Дзмітрыевіч Півень адзначаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

А потым вядучая ўрачыстага сходу Алена Слядзеўская запрасіла на сцэну ганаровага госця, нашага земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іларыёна Са­вельевіча Русалоўскага і абвясціла, што ў яго сёння вельмі незвычайны, памятны дзень — споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Усе ў зале віталі ветэрана працяглымі  апладысментамі стоячы. З гэтай выдатнай датай яго павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч і ўручылі Падзяку старшыні райвыканкама, Ганаровую грамату абласной арганізацыі ветэранаў, падарунак і кветкі.

Г. Ф. Літвіновіч нагадала пра асноўныя жыццёвыя вехі юбіляра. Ён, вясковы хлопец з Пастаўшчыны, у гады Вялікай Айчыннай вайны аказаўся ў запасным стралковым палку, быў мінамётчыкам. Дэмабілізаваўся з арміі  ў 1946-ым. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў”, а таксама 15-цю юбілейнымі медалямі. Іларыён Савельевіч выбраў самую мірную прафесію. Працаваў вадзіцелем на льнозаво­дзе, на аўтабазе райспажыўтаварыства, вайсковай часці. На заслужаны адпачынак пайшоў толькі ў 77 гадоў.

Усе, хто знаёмы з ветэранам, ведаюць яго як вельмі сціплага, працавітага чалавека, добрага сем’яніна. Ён ахвотна сустракаецца з дзецьмі, не прамінае ні аднаго свята, на якія  запрашаюць удзельнікаў вайны, працаўнікоў тылу, ахвяр фашызму —  вязняў. На жаль, іх становіцца ўсё менш і менш. Таму і жадалі 100-гадоваму юбіляру здароўя і яшчэ многіх гадоў жыцця. Іларыён Савельевіч не збіраецца здаваць пазіцыі, тым больш што заўсёды адчувае ўвагу і клопат дзяцей, усіх родных. І ў дзень нараджэння яны былі побач з самым дарагім і любімым чалавекам, дарылі яму сваю любоў і пяшчоту.

Крэатыўнае шоу

121
Каманда “Сапраўдныя хлопцы”.

У 2012 годзе ў раённым Доме культуры быў распачаты праект “Великолепная пятёрка”. У конкурснай праграме ўдзельнічала 5 каманд па 5 чалавек кожная. На гэты раз арганізатары шоу, пакінуўшы яго першапачатковую назву, вырашылі не абмяжоўваць удзельнікаў ні ў колькасці, ні ў творчых падыходах да выканання заданняў.

217
Каманда “ЖылМен”.

Спаборнічалі чатыры каманды: “Сапраўдныя хлопцы” (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях), “Сірэна закону” (раённы аддзел унутраных спраў), “Газавік” (раён газазабеспячэння) і “ЖылМен” (унітарнае прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка”). Конкурс складаўся з трох этапаў: візітка “Наш пазыўны”, хатняе заданне “Мужчынская работа” і музычна-танцавальны “Мінута славы”.

264
Каманда “Газавік”.

Пераможцу вызначалі гледачы. Пры ўваходзе ў глядзельную залу ім раздалі жэтоны з парадкавымі нумарамі каманд. Такім чынам кожны атрымаў магчымасць быць у ролі эксперта і суддзі.  Забягаючы наперад, трэба сказаць, што для гледачоў і асабліва балельшчыкаў гэта была няпростая задача, бо ў кожнай камандзе на пэўных этапах была свая іскрынка.

265
Пераможца конкурсу — каманда “Сірэна закону”.

Нягледзячы на сур’ёзнасць прафесій, адказныя службовыя абавязкі, канкурсанты крэатыўна расказвалі пра сваю дзейнасць, прыгадвалі розныя кур’ёзныя гісторыі, дэманстравалі выпадкі з рэальнага жыцця. Гледачы бачылі на сцэне сваіх знаёмых, якіх добра ведаюць па прафесійнай дзейнасці, з якімі сустракаліся ў розных жыццёвых сітуацыях. Але ў шоу-праграме міліцыянеры, ратаўнікі, газавікі і работнікі камунальнай службы паўсталі зусім іншымі — творчымі, вясёлымі і, безумоўна, таленавітымі.

Пра гэтыя і іншыя якасці канкурсантаў на падвядзенні вынікаў гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Усім камандам былі ўручаны дыпломы ўдзельнікаў і салодкія прызы — тарты. А пераможцам гледачы аднадушна прызналі вельмі дружны, творчы, з’яднаны калектыў супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.