Прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Общество

Удзельнікі ўрачыста-жалобнай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак.
Удзельнікі ўрачыста-жалобнай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак.

15 лютага 1989 года апошнія ваенныя часці і падраздзяленні савецкіх войскаў пакінулі Афганістан. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і штогод адзначаецца ў нашай краіне.  Шануецца ён і на Пастаўшчыне.

У той вайне, якая доўжылася амаль 10 гадоў, удзельнічалі сотні ваеннаслужачых авіяцыйнага палка, які дыслацыраваўся ў Паставах, а таксама дзясяткі нашых землякоў, прызваных на тэрміновую ваенную службу, і тыя, хто праходзіў яе афіцэрамі. Большасці з іх пашчасціла застацца жывымі. Але не адно дзесяцігоддзе пра  жорсткую вайну ў Афганістане і іншых гарачых кропках свету балюча нагадваюць магілы нашых землякоў Міхаіла Лапко, Аляксандра Урбеля, Радзівона Мішуты і Сяргея Галяка. 15 лютага  прадстаўнікі райвыканкама, раённага ваеннага камісарыята, Пастаўскага гарнізона разам з роднымі загінулых усклалі на іх магілы вянкі.

У ганаровай варце ля помніка воінам-землякам.
У ганаровай варце ля помніка воінам-землякам.

У другой палове дня ў скверы па вуліцы Гагарына,  ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам,  сабраліся непасрэдныя ўдзельнікі афганскай вайны, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў. Тут адбыўся мітынг, прысвечаны 28-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Адкрыў яго начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата маёр Валерый Баравік.

Да прысутных звярнуўся капітан запасу Юрый Каравацкі, які разам з іншымі выконваў свой воінскі абавязак у складзе абмежаванага кантынгента савецкіх войскаў у Афганістане. Ён быў сведкам і ўдзельнікам розных, у тым ліку трагічных, падзей, таму самым каштоўным лічыць мір, спакой, блакітнае неба над галавой.

Былыя “афганцы” Мікалай Горбач і Мікалай Маціеўскі.
Былыя “афганцы” Мікалай Горбач і Мікалай Маціеўскі.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання памяць загінулых, успомнілі сваіх баявых таварышаў і  землякоў, якія  пайшлі з жыцця. У іх гонар прагучаў збройны салют, а да помніка ляглі вянкі ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў,  раённых арганізацый  ветэранаў і Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, моладзі, сілавых структур, працоўных калектываў. Ветэраны-“афганцы” ўсклалі да пастамента чырвоныя гваздзікі.

Затым удзельнікі мітынгу накіраваліся ў раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча на мерапрыемства пад назвай “Пакуль мы памятаем — мы жывём”. Падзеі згаданай вайны ўжо сталі гісторыяй, але для тых, хто прысутнічаў у зале РДК і паглядзеў дакументальны фільм “Афганістан. Апошні салдат”, яны ўсплылі па-новаму, выклікалі хваляванне, трывожныя ўспаміны. Да глыбіні душы  кранулі і Раісу Сяргееўну Чашун — сястру капітана Ра­дзівона Мішуты, які загінуў на афганскай зямлі.  Арганізатары мерапрыемства ўручылі жанчыне кветкі.

І сёння трымаюцца разам удзельнікі баёў у Афганістане Анатолій Калмык, Валянцін Пабядзінскі (сядзяць у першым радзе), Аляксандр Гаршкоў, Браніслаў Дук, Віктар Сталярэнка, Віктар Жураў і Валерый Клямчэня.
І сёння трымаюцца разам удзельнікі баёў у Афганістане Анатолій Калмык, Валянцін Пабядзінскі (сядзяць у першым радзе), Аляксандр Гаршкоў, Браніслаў Дук, Віктар Сталярэнка, Віктар Жураў і Валерый Клямчэня.

Пра вернасць воінскай прысязе, гонар і мужнасць, самаадданасць і гераізм, якія ў найскладанейшых умовах праяўлялі воіны-інтэрнацыяналісты, на сустрэчы гаварылі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў,  старшыня раённай арга­нізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Лушчык, атаман Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандр Зазулін. Кожны воін-“афганец” можа ганарыцца сваім мінулым, і вельмі добра, што многія з іх актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай дзейнасці, прапагандзе патрыятычных каштоўнасцей, выхаванні моладзі. Прамоўцы шчыра падзякавалі віноўнікам урачыстасці за  актыўную грамадзянскую пазіцыю, выказалі надзею, што яны і ў далейшым будуць  памочнікамі ва ўвасабленні ў жыццё  самых лепшых каштоўнасцей.

Воінаў-інтэрнацыяналістаў парадавалі выступленні салістаў Вольгі Балотнікавай, Аляксея Конанава, Наталлі Ананкінай, Алі­ны Вайцяхоўскай, Юліі Запольнай, арт-студыі “Экспромт” раённага Дома культуры, танцавальных калектываў “Непаседы” і “Скай Дэнс” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.