Самыя трапныя — вайскоўцы


Каманда-пераможца радыётэхнічнага цэнтра.
Каманда-пераможца радыётэхнічнага цэнтра.

17 лютага на базе сярэдняй школы №1 адбыліся спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечаныя 90-годдзю ДТСААФ і 100-годдзю беларускай міліцыі. У іх прынялі ўдзел каманды раённага аддзела ўнутраных спраў, 1-га радыётэхнічнага цэнтра (в/ч 25888), авіяцыйнага атрада “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях,  Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Удзельнікаў спаборніцтваў па стральбе і іх галоўнага ініцыятара — старшыню раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерыя Лушчыка — вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён адзначыў высокую грамадскую значнасць сілавых структур і абароннага таварыства, якія шырока прадстаўлены ў горадзе і актыўна ўзаемадзейнічаюць у розных кірунках. Прызнаннем іх аўтарытэту і заслуг з’яўляецца прысваенне Валерыю Антонавічу Лушчыку ганаровага звання  “Чалавек года Пастаўшчыны-2016”.

Перад пачаткам спаборніцтваў удзельнікі атрымалі інструктаж.
Перад пачаткам спаборніцтваў удзельнікі атрымалі інструктаж.

Дзякуючы яго сабранасці, арганізаванасці і прафесіяналізму, дапамозе памочнікаў з ліку актывістаў ДТСААФ, на высокім узроўні ў асабістым і камандным заліках прайшлі і спаборніцтвы па стральбе. На агнявы рубеж выходзілі па тры мужчыны і адной жанчыне. Яны выконвалі практыкаванне “ВП-2“ (стральба стоячы без рэменя дзесяццю выстраламі па мішэні №9).

Назіраючы за спартсменамі на агнявым рубяжы, арганізатары спаборніцтваў пераканаліся ў тым, што стралкі трэніраваліся,  прыбылі з уласнымі падрыхтаванымі  і прыстралянымі вінтоўкамі. Таму і вынікі паказалі добрыя.

IMG_8912

У асабістым заліку першае месца заняў Уладзімір Козел (аддзяленне Дэпартамента аховы), другое — Яўгеній Хмяльніцкі (раённы аддзел МНС), трэцяе — Іван Танана (авіяцыйны атрад).

З перавагай усяго ў адно ачко камандную перамогу атрымалі  Аляксей Дубовік, Анатолій Дзевятоўскі, Яўгеній Каралёў і Таццяна Баравік з 1-га радыётэхнічнага цэнтра. “Серабро” заваявалі Валерый Жук, Андрэй Якубовіч, Уладзімір Козел і Людміла Клачкова з раённага аддзела Дэпартамента аховы. На трэцяе месца прэтэндавалі каманды раённых аддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях. Прызёрамі, у адпаведнасці з умовамі спаборніцтваў, сталі ратаўнікі, за каманду якіх выступалі Уладзімір Ластоўскі, Яўгеній Хмяльніцкі, Мікалай Савельеў і Таццяна Дарашкевіч.

. А. Лушчык віншуе з перамогай Уладзіміра Козела.
. А. Лушчык віншуе з перамогай Уладзіміра Козела.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і прызамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Іх удзельнікі ўнеслі прапанову зрабіць спаборніцтвы па стральбе і іншых ваенна-прыкладных дысцыплінах традыцыйнымі з яшчэ большай колькасцю сапернікаў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.