Шахматны калейдаскоп

Спорт

9

Адбыліся гульні IV адборачнага турніру чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Усяго іх будзе сем, а пазней восем мацнейшых удзельнікаў па кругавой сістэме вызначаць чэмпіёна. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета нікому не ўдалося выйграць два турніры запар. У стартавым поспех святкаваў Аляксандр Мурзо (ПМЦ), а ў другім — Сцяпан Дзяшук (УП ЖКГ). У наступным з вялікім адрывам перамог Аляксандр Сямёнаў (ЦРБ). У чацвёртым прынялі ўдзел 17 шахматыстаў. Інтрыга трымалася да апошніх партый. У выніку першае месца заняў індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Стахоўскі, які  выйграў пяць партый і адну (з А. Таразевічам) згуляў унічыю. На паўачка адстаў урач Андрэй Паўлаў. Тройку прызёраў замкнуў Дзмітрый Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”). За крок ад іх размясціліся Сцяпан Дзяшук і аўтар гэтага агляду.

* * *

ІІІ этап міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў 2002 года нараджэння і маладзейшых адбыўся ў Глыбокім. Праводзілася сем тураў па швейцарскай сістэме.

Напружаная барацьба разгарнулася сярод юных шахматных каралеў. Для вызначэння прызавых месцаў давялося падлічваць дадатковыя паказчыкі. У выніку пастаўчанка Ева Іванова (раённы Цэнтр дзяцей і моладзі) набрала 4,5 ачка і заняла чацвёртае месца. Трэба ўлічыць і тое, што Ева маладзейшая за сваіх саперніц.

Нагадаю, Е. Іванова з’яўляецца чэмпіёнкай вобласці 2016 года сярод дзяўчынак ва ўзросце да 8-мі гадоў і будзе абараняць гонар Віцебшчыны на першынстве краіны, якое адбудзецца 17-24 красавіка ў Оршы.

* * *

Па стане на 6 лютага ў шахматным клубе “Гамбіт” абнародаваны абноўлены рэйтынг-ліст шахматных каэфіцыентаў (класічны варыянт) сярод мацнейшых шахматыстаў Пастаўшчыны. Прапаную вашай увазе першую дзясятку: Аляксандр Сямёнаў (1996 ачкоў), Дзмітрый Стахоўскі (1909), Андрэй Паўлаў (1762), Віктар Шастакоў (1726), Сцяпан Дзяшук (1689), Аляксандр Таразевіч (1677), Уладзімір Пляшак (1677), Юрый Катовіч (1669), Авенір Чырванец (1647), Дзмітрый Крупадзёраў (1570).

Сярод школьнікаў тройка прызёраў выглядае так: Яўгенія Ліпская (1451), Матфей Іваноў (1390), Яўген Літвіновіч (1257).

Нарматыў кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь складае 2000 ачкоў і павінен быць пацверджаны на афіцыйных спаборніцтвах не ніжэй за абласныя.

У нядзелю, 26 лютага, у памяшканні СШ №2 адбудзецца Кубак раёна па хуткіх шахматах (пачатак у 10 гадзін).

Ю. КАТОВІЧ, настаўнік Андронаўскай ЯСБШ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.