Шыркаўскія землі і сёння сняцца

Личности

3.2

Эдмунд Казіміравіч Навумчык жыве адзін. Хапае часу на роздум і ўспаміны. А іх за 83 гады набралася нямала.

Нават з адкрытымі вачыма выразна бачыць сваю малую радзіму — маляўнічую вёсачку Яцавічы. У школу хадзіў у Вялікія Споры. Закончыў сем класаў. Хацеў падацца ў горад, ды ў той час для гэтага патрэбна была даведка з сельскага Савета. Яе не выдалі. Таму шаснаццацігадовым юнаком уступіў у мясцовы калгас “Слава”. Кіраўніцтва запрыкмеціла граматнага хлопца і даручыла весці ўлік працадзён калгаснікаў. Потым займаўся выдачай кармоў, загадваў зерняскладам. А ў дваццаць чатыры выбралі брыгадзірам.

Няпроста было кіраваць равеснікамі яго бацькоў. Ды і да тэхнікі цягнула. Паступіў на вучобу ў Пастаўскае рамеснае вучылішча (так у той час называўся сённяшні каледж — аўт.), атрымаў пасведчанне трактарыста. На якой толькі тэхніцы ні давялося папрацаваць! Першым быў гусенічны ДТ, затым Т-74. А па МТЗ-50 сам ездзіў на Мінскі завод і прыгнаў трактар са сталіцы ў Шыркі. Работы выконваў тыя, якія даручалі: араў, баранаваў, сеяў. І ў камандзіроўках бываў: са Смаргоні вазіў цэглу, з Глыбокага — камбікорм, у Шаркаўшчыну — бульбу, усю зіму на палі з ферм — арганіку, тарфа­крошку.

— Людзі майго пакалення надзвычай працавітыя, — гаварыў Эдмунд Казіміравіч. — А ўмовы работы адрозніваліся ад сённяшніх. Было шмат мінусаў, былі і плюсы. Чаму землі ўраджаем радавалі? Бо атрымлівалі неабходную колькасць угнаенняў. Сельскагаспадарчая прадукцыя цанілася. За выручаныя ад яе рэалізацыі грошы можна было ўдосталь купіць паліва, запчастак. Наш калгас “Слава” быў адным з лепшых у раёне.

У той час прыйшла слава і да Э. К. Навумчыка. У 1966 годзе яго ўзнагародзілі медалём “За працоўную доблесць”, а ў 1978-ым — ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Яно і не дзіўна, бо любую работу выконваў з вялікай адказнасцю.

— Міла мне працавалася на шыркаўскіх землях, — успамінаў. — Яны і цяпер часта сняцца. Адзіная нязручнасць таго часу — дрэнныя дарогі, па якіх трэба было дабірацца на работу з Яцавіч, дзецям у школу далёка было хадзіць. Папрасіў у старшыні праўлення выдзеліць кватэру на цэнтральнай ся­дзібе, але так і не дачакаўся яе. А сустрэўся неяк з Францам Людвікавічам Вайцякянам, які ўзначальваў суседні калгас імя Чапаева, расказаў пра праблему, і той запрасіў у сваю гаспадарку, праўленне прадаставіла дом.

Але Навумчык з той катэгорыі людзей, якія хочуць мець усё сваё, нажытае ўласным мазалём. Таму з часам і хату з Яцавіч перавёз у Вярэнькі, адбудаваў і перасяліўся з сям’ёй.

— Сам сабе часам цяжкасці ствараў, — жартуе. — Дом у Яцавічах можна было прадаць, а калгасны выкупіць. Ды пашкадаваў, бо сваімі рукамі будаваў яго, у ім сыны нарадзіліся… Столькі радасці тыя сцены бачылі! А цяпер адзін застаўся. Жонка 24 гады таму памерла ў 50-гадовым узросце ад невылечнай хваробы, праз 10 гадоў трагічна абарвалася жыццё старэйшага сына Андрэя, малодшы, Генадзь, пэўны час жыў з сям’ёй разам са мной, а пазней перабраўся ў Нарач. Працуе дальнабойшчыкам. Калі вяртаецца з паездкі дадому,  абавязкова наведваецца. Тэлефануюць нявесткі, унукі. Ужо і праўнука маю. У маладых цяпер зусім іншы рытм жыцця.

Эдмунд Казіміравіч нярэдка заглядвае да суседа Валянціна Крываноса, які таксама быў механізатарам былога калгаса імя Чапаева (цяпер ААТ “Вярэнькі-агра”). Па кожным кавалачку вярэнькаўскіх земляў у думках пройдуцца, успомняць, як працавалася. Палі тут не з лепшых — гарыстыя, дробнаконтурныя. Асаблівы спрыт трэба мець, каб з тэхнікай на іх упраўляцца. Але такія прафесіяналы, як Э. К. Навумчык, і выпрацоўкі высокай дабіваліся, і якасць забяспечвалі. Механізатары ніколі не дзялілі работу на выгадную і нявыгадную, не лічыліся з часам, у полі шчыравалі ад цямна да цямна.

Цяпер дзень ветэрана працы праходзіць спакойна: зранку працепліць печкі, згатуе ежу, накорміць вартаўніка дома — сабаку, сходзіць да Валянціна Казакевіча па малако, загляне ў мясцовы магазін, па дарозе абмяркуе з вяскоўцамі падзеі, якія адбываюцца не толькі ў мясцовай гаспадарцы, але і ў краіне, свеце. Душа баліць у хлебароба за тое, што пусцеюць вёскі. Зямля ж па-ранейшаму патрабуе да сябе гаспадарлівых адносін. Вось толькі з кожным годам становіцца менш тых, хто яе любіў і шчыраваў на ёй.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.