Служыць Радзіме — ганарова

Правовое поле

Яўгеній і Уладзіслаў Бурак.
Яўгеній і Уладзіслаў Бурак.

Уладзіслаў Бурак нарадзіўся ў вёсцы Целякі нашага раёна, тут жывуць яго бацькі — Міхаіл Фадзеевіч і Ірына Антонаўна. Хлопец — курсант чацвёртага курса факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

— Чаму выбраў прафесію афі­цэра?

— Найперш прывабіла тое, што пасля заканчэння будзе канкрэтнае размеркаванне. Выпускнікам іншых навучальных устаноў нярэдка даводзіцца працаўладкоўвацца самім. Шмат плюсаў і падчас вучобы: курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, атрымліваюць стыпендыю, штогод да водпуску выплачваецца матэрыяльная дапамога. Хто жадае, можа бясплатна наведваць заняткі па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі “С” і, здаўшы экзамен, атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.

— Ідзе чацвёрты год вучобы. Не расчараваўся?

— Ніколькі. Хоць напачатку, канешне ж, было няпроста. Вучоба пачыналася з праходжання курса маладога байца. Ён доўжыўся месяц. За гэты час нас, учарашніх школьнікаў, ператварылі ў сапраўдных салдат, прывілі нормы і правілы службовай этыкі, калектывізму. Вельмі хвалюючы момант — прыняцце прысягі.

— А якія ўмовы для заняткаў?

— У адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў: добрая матэрыяльна-тэхнічная база, у аўдыторыях і класах, лабараторыях і кабінетах найноўшае радыётэхнічнае і радыёэлектроннае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі, шырока выкарыстоўваюцца сучасныя ін­фармацыйныя тэхналогіі, трэнажорныя сродкі, ёсць добры вучэбны палігон. Вялікая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы курсантаў. Працуюць шматлікія секцыі, рэгулярна ладзяцца розныя спаборніцтвы.

Заняткі праводзяць высока­кваліфікаваныя выкладчыкі, сярод якіх дактары і кандыдаты навук, прафесары і дацэнты. Праграма падрыхтоўкі насычаная, а высокая навуковасць дысцыплін, якія выкладаюцца, ставіць выпускнікоў нашага факультэта ў адзін рад з выпускнікамі вядучых ВНУ Беларусі.

— Сярод курсантаў ёсць землякі?

— Так. Дзяніс Карпушаў, Раман Чыпко, Уладзіслаў Нагановіч, Аляксандр Бартось, Уладзімір Тарасевіч. На першым курсе, толькі авіяцыйнага факультэта, вучыцца мой родны брат Жэня.

— Ты змяніўся за час вучобы?

— Ваенныя дысцыпліны прывілі адказнасць, загартаваўся характар, выпрацавалася сіла волі, навучыўся прымаць пра­вільныя рашэнні. Я магу пастаяць не толькі за сябе, але і за тых, хто побач. Вялікіх складанасцей у вучобе няма, трэба толькі безагаворачна выконваць загады камандзіраў, грунтоўна рыхтавацца да заняткаў, шмат увагі ўдзяляць страявой падрыхтоўцы, рабіць усё для таго, каб потым бездакорна служыць Радзіме. Гэта ганарова.

— Стаць ваенным хочуць многія. Але адной мары, вядома ж, мала…

— Найперш патрэбны моцнае здароўе, добрая фізічная падрыхтоўка і глыбокія веды. Я вучыўся спачатку ў Целякоўскай базавай школе, затым у Пастаўскай гімназіі. Спорт любіў з дзяцінства, вёў актыўны лад жыцця. Удзячны настаўніку фізкультуры Аляксандру Леанідавічу Вавінскаму, які быў патрабавальным да нас, вучыў вынослівасці, а таксама настаўнікам Ніне Дзмітрыеўне Субач (беларуская мова), Юрыю Мікалевічу Варанько (фізіка), Наталлі Нікадзімаўне Кундро (матэматыка).  На іх уроках я атрымаў веды, якія дазволілі паспяхова здаць тэсціраванне і паступіць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Поў­ную інфармацыю пра яе і ўступную кампанію можна знайсці на афіцыйным сайце навучальнай установы.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.