Спрэчка за медалі

Спорт

5

“Атлант” (Паставы) – “Узлёт” (Орша) – 3:2, 0:3

1 дзень. 3:2 (25:16; 21:25; 25:19; 18:25; 15:8)

2 дзень. 0:3 (18:25; 16:25; 21:25)

Для абедзвюх каманд гэтыя сустрэчы сталі важнейшымі ў чарговым сезоне, бо ад іх вы­нікаў залежала, ці стануць сапернікі прызёрамі нацыянальнага першынства. У суботнім матчы шквал эмоцый перапаўняў пляцоўку ФАКа. Сярод шматлікіх гледачоў была і група падтрымкі з Оршы. Спачатку барацьба ішла ачко ў ачко. Акрыленыя пастаўчане загулялі на сапраўдным куражы, калі іх падманным ударам вывеў наперад рэзервовы распасоўшчык Дзмітрый Аксёненка. Адолець вопытных аршанцаў было няпроста, бо пасля асечкі ў стартавай партыі яны не разгубіліся, узмацнілі гульню ў абароне, ускладнілі свае планіруючыя, складаныя для прыёму падачы.

З пераменным поспехам барацьба ішла да пятай скарочанай партыі. Рашаючы сэт пастаўчане пачалі ўпэўнена, выйшлі наперад пасля трапных удараў з розных пазіцый дыяганальных — капітана Аляксандра Сідарэнкі і Мікалая Фітковіча. Пры падтрымцы сваіх прыхіль­нікаў наша каманда давяла першы двухга­дзінны паядынак да перамогі, а рашаючыя мячы правялі Андрэй Русак, Віталь Варанец і Дзмітрый Аксёненка прама з моцнай падачы.

На жаль, развіць свой поспех у паўторнай сустрэчы пастаўчане не здолелі, бо, як патлумачыў старшы трэнер М. С. Рамейка, рана супакоіліся, не настроіліся на няпростую барацьбу. На наступны дзень ход супрацьстаяння на пляцоўцы дыктавалі госці, дзейнічалі без памылак. А ў нашай каманды гульня не заладзілася.

Толькі ў трэцяй партыі пастаўчане паспрабавалі вярнуць сабе гульнявую ініцыятыву, аднак канцоўку мацней правялі аршанцы. Госці ўзялі рэванш і з 20 набранымі ачкамі сталі галоўнымі прэтэндэнтамі на сярэбраныя медалі. У пастаўскага “Атланта” на 2 балы меней, яны былі трэцімі і ў мінулыя выхадныя паспяхова правялі  матчы на выездзе ў Гродне. Наш сапернік — гродзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік” —адставаў ад пастаўчан на 5 ачкоў, а напярэдадні змог заваяваць бал у Мінску, дзе прайграў лідару — сталічнаму “РДВАР-1” з лікам 2:3 і 1:3. Маладыя мінчане і, што прыемна, пастаўчане ў сакавіку ў фінальным этапе павядуць барацьбу далей за выніковыя 7-10 месцы ў чэм­піянаце Беларусі. У дывізіёне “Б” каманды, якія фінішуюць на 3-5 месцах, разыграюць у тры туры свой турнір за 11-13 месцы без уліку набраных ачкоў на папярэднім этапе першынства.

 Уладзімір ШЫК.

Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.