Трэнд адраджэння гісторыі і культуры

Экономика

IMG_0048

У першыя дні лютага ў Мінску, у рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў, працавала выстава “Прафтур-2017”. Прыняць удзел у яе адкрыцці пашчасціла і старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі. Наш раён прадстаўлялі я і Мікалай Сляпнёў — старшыня прафсаюзнай арганізацыі раённага вузла электрасувязі.

У першы дзень знахо­джання ў сталіцы сабраліся на расшыранае пасяджэнне, якое правяла старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі Ніна Сямёнаўна Гаўрылава. На ім абмеркавалі калектыўна-дагаворныя адносіны, ахову працы на прадпрыемствах, турысцка-экскурсійную дзейнасць, паслухалі кансультацыі спецыялістаў з нашай сферы, абмяняліся вопытам.

На наступны дзень адправіліся ў Палац культуры прафсаюзаў Беларусі, дзе нашай увазе было прапанавана маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне “Сем таямніц Беларусі”.  Аўтары пастаноўкі пастараліся паказаць, чым славіцца наша краіна. Прыемна, што асобны блок прысвечаны Віцебшчыне — Марку Шагалу, “Славянскаму базару”.

Уразіла выстава “Прафтур-2017”, арганізатарамі якой сталі федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, УП «Беларустурыст» і УП «Белпрафсаюзкурорт». Яе мэта — дэманстрацыя экскурсійна-турыстычнага патэнцыялу ўсіх рэгіёнаў краіны, адраджэння гісторыі і культуры, расшырэнне магчымасці адпачынку і аздараўлення членаў працоўных калектываў. Тут быў прадстаўлены не толькі экскурсійны турызм, але і па­дзейны, прамысловы, медыцынска-аздараўленчы, спартыўны, навукова-пазнавальны, агра- і экатурызм. На выставе прысутнічалі  тураператары з Балгарыі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі.

Выставачныя стэнды займалі тры паверхі Палаца культуры. Наведвальнікі маглі даведацца, як цікава і з карысцю правесці водпуск або адпачыць у выхадныя, апрабаваць некаторыя працэдуры прафсаюзных здраў­ніц, прайсці бясплатную ўльтрагукавую дыягностыку на выяўленне астэапарозу. Ладзіліся кулінарнае шоу і дэгустацыя нацыянальных страў кухань свету. На праекце “Шляхецкі густ” былі прадстаўлены стравы, якімі частавалі шляхцічаў і вяльможаў.

Унікальны гасцінічны эка-нумар прэзентавалі ўнітарнае прадпрыемства “Беларустурыст” і канцэрн “Беллегпрам”, якія супрацоўнічаюць па папулярызацыі айчынных брэндаў. У нумары ўсе прадметы ін­тэр’еру — ад мэблі да дамашняга тэкстылю — выкананы з натуральных матэрыялаў беларускіх вытворцаў. Мэбля з дрэва, пасцельная бялізна з ільну, гліняны посуд — усё гэта стварае атмасферу ўтульнасці і камфорту. Такія нумары плануецца абсталяваць у гасцініцах сеткі прадпрыемства “Беларустурыст”.

— Наша краіна багатая самабытнымі традыцыямі, — гаварыў на адкрыцці выставы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. — Кожны год у рэгіёнах ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, сярод якіх адметныя фестывалі, тэматычныя святы, шоу, конкурсы, выставы, аналагаў якім няма ў іншых краінах. Па­дзейны турызм — гэта трэнд і гарантыя новых уражанняў.

— Усплеск цікавасці замежных турыстаў да Беларусі выкліканы менавіта нашай самабытнасцю, — такую думку выказала генеральны дырэктар прафсаюзнага аператара Людміла Сянькоўская. — Госці любяць нашу чыстую краіну. І гэта не толькі гарады, лясы, рэкі, але і натуральная прадукцыя, якая карыстаецца вялікім попытам.

“Беларустурыст” распрацаваў унікальны каталог падзейнага турызму Беларусі. Гартаючы яго, прачытала, што Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” і фестываль арганнай музыкі “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, якія праходзяць у нашым раёне, таксама ўключаны ў каталог. 

Р. КУРДО, старшыня прафсаюзнай арганізацыі

раённага вузла паштовай сувязі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.