У госці — з казкай

Духовность

IMG_0596

Так робяць выхаванцы нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы. Вось ужо трэці год каля дзясятка хлопчыкаў і дзяўчынак з вялікім задавальненнем займаюцца батлейкай.

— Вяртаем даўнюю традыцыю, — гаворыць кіраўнік гуртка Таццяна Мікалаеўна Петух, прыхаджанка храма. — Лічыцца, што на беларускіх землях гэты від мастацтва зарадзіўся ў пачатку XVI стагоддзя. Батлейку выбралі з той мэтай, каб у даступнай форме даносіць дзецям ідэі дабра і міру, сутнасць Евангелля. Гэтыя тэмы яны праходзяць на занятках у нядзельнай школе, і нашы спектаклі дапамагаюць іх лепш засвоіць. Разыгрываем павучальныя сюжэты, інсцэніруем казкі, легенды, прытчы. Паколькі свайго вопыту ў гэтым плане не было, звярнулася да метадычных распрацовак выкладчыкаў нядзельнай школы Інстытута тэалогіі БДУ, якія сцвярджаюць: лепш за ўсё дзіця ўспрымае біблейскі сюжэт тады, калі яго пераказаць сваімі словамі, а яшчэ лепш, каб яно ўбачыла лялечны спектакль.

Пачыналі з казкі “Нябесны госць”, якую падрыхтавалі да Раства. З цікавасцю чыталі тэкст, потым разбіралі яго па ролях, завучвалі. Адначасова шылі лялькі: вялікія рабіла кіраўнік, меншыя — гурткоўцы. Самі майстравалі папяровы батлеечны домік (а  драўляны, дасканалы і прыгожы, зрабіў пастаўскі майстар Сяргей Жаваранкаў — аўт.). Нарэшце адбылася прэм’ера. Затым да Вялікадня падрыхтавалі пастаноўку прытчы “Вяртанне блуднага сына”, прытым персанажы быццам былі перанесены ў наша жыццё. Летась батлеечнікі паказалі “Цара Ірада”, прытчу пра добрага самараніна, “Грушавае дрэва”. А сёлета падрыхтавалі казку “Жамчужына прынцэсы Адальміны”. Сутнасць і гэтай, і папярэдніх пастановак заключаецца ў тым, што яны вучаць быць добрымі і міласэрнымі.

Рэпетыцыі праходзяць у Доме рамёстваў, які знаходзіцца амаль побач з царкоўнай нядзельнай школай, што вельмі зручна для дзяцей. За прадастаўленую магчымасць яны і іх бацькі ўдзячны кіраўніцтву Цэнтра культуры і народнай творчасці. А вось спектаклі ладзяцца ў адным з класаў школы. Акрамя таго, з казкай батлеечнікі хо­дзяць у госці. Так, падчас калядных свят гурткоўцы пабывалі ў двух аддзяленнях тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячым сацыяльным прытулку, дзіцячым ад­дзяленні ЦРБ, і ўсюды іх прымалі вельмі шчыра. Спыняцца на дасягнутым не збіраюцца, бо праект захапіў і кіраўніка, і ўдзельнікаў.

Галіна ПІШЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.