У карагод, на “Масленіцу ў Дзеда Бая”


000023_423486_big

Напрыканцы мінулага года спартыўна-турыстычны комплекс “Азёркі” ўзбагаціўся новым аб’ектам — пад вечназялёнымі шатамі сосен з’явілася сядзіба Дзеда Бая. Што сабой уяўляе турыстычны праект, хто такі Бай, калі да яго можна наведацца ў госці і іншае, карэспандэнту раённай газеты расказвае інструктар-метадыст па турызме дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”, аўтар сцэнарыяў праекта Наталія КАРНІЛАВА.

— Наталія Яўгеньеўна, раскажыце, калі ласка, пра новы брэнд.

— “Сядзіба Дзеда Бая” — новы турыстычны праект, які набірае папулярнасць. Ён цалкам беларускамоўны, базіруецца выключна на мясцовым матэрыяле, а менавіта — на казках нашага славутага земляка Уладзіміра Дубоўкі, які вельмі пяшчотна і клапатліва ставіўся да народнай творчасці.  Паэт менавіта так, як і яго персанаж з казкі “Цудоўная знаходка” Дзед Бай, збіраў  залатыя зярняткі фальклору, каб перадаць гэта багацце новым пакаленням. І мы ў сваім праекце ставім мэту данесці да дзяцей і дарослых каштоўны скарб нашага славутага земляка, бо ведаць і любіць сваё: мову, гісторыю, літаратуру, народныя традыцыі — надзвычай важна! Усе анімацыйныя праграмы, казачная сцежка, квэсты, якія плануем арганізаваць у хуткім часе, заснаваны на творчасці таленавітага песняра пастаўскай зямлі. І калі хто-небудзь пасля наведвання мерапрыемстваў на нашым комплексе завітае ў бібліятэку, каб знайсці там казкі Дубоўкі, гэта будзе найвышэйшай ацэнкай нашай дзейнасці, пацвярджэннем таго, што працуем  недарэмна.

— А хто займаецца рэалізацыяй праекта?

— Ідэя ўшанавання творчасці паэта ў праекце “Сядзіба Дзеда Бая” належыць мне. Вельмі прыемна, што яна знайшла падтрымку на ўсіх узроўнях. Над рэалізацыяй праекта працуе вялікая колькасць лю­дзей. Так, пры актыўнай падтрымцы мясцовай улады развіццём інфраструктуры комплексу займаецца дзяржаўнае аб’яднанне “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” на чале з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіславам Чымбургам. Дапамогу ў стварэнні фанаграмы аказаў раённы Дом культуры: чароўны голас апавядальніцы Алены Слядзеўскай гучаў на працягу ўсіх навагодніх прадстаўленняў, што вельмі ўпрыгожвала святочную дзею. За дэкарацыі дзякуем выкладчыцы школы мастацтваў імя А. Ромера Ганне Дрылінскай. Шчыра папрацавалі на творчай ніве і самадзейныя  артысты пад кіраўніцтвам Алены Зубко. Абуладкаваннем “Казачнай сцежкі Дубоўкі” займаюцца Валянцін Мелец, Міхаіл Пронька, Валерый Шымко і Данат Шышко. Яны выразаюць драўляныя скульптуры, галоўнай з якіх стане кампазіцыя Дзеда Бая з чароўным куфрам, набітым казкамі. Драўляныя масты пабудаваў лясгас, а альтанку, браму да сцежкі і хатку Бабы Ягі — сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «ГАТЕР». Арганізацыйную работу па фарміраванні груп і прыёме гасцей выконвае маладая супрацоўніца нашага аб’яднання Алеся Гіль. Усім вялікае дзякуй за плённую працу.

— Ці зацікавіў Дзед Бай гасцей спартыўна-турыстычнага комплексу?

— Дзед Бай быў адной з дзеючых асоб у навагоднім прадстаўленні “Карагод казак пастаўскага Паазер’я”. Першай анімацыйную праграму ўбачыла арганізаваная група, якую 16 снежня да нас прывезла прадпрыемства “Беларустурыст”, апошняе прадстаўленне ў гэтым зімовым сезоне адбылося 14 студзеня. Парадавала, што праект выклікаў цікавасць у пастаўчан, якія наведваліся ў сядзібу Дзеда Бая сем’ямі, кампаніямі, было многа дзетак. У індывідуальным парадку пабывалі госці з Расіі, Кітая, Егіпта, Амерыкі. Спадзяёмся, што прыём замежнікаў стане добрай традыцыяй і яны будуць прыязджаць да нас і ў складзе арганізаваных груп. Усяго ў перыяд навагодніх і калядных свят наш комплекс наведалі каля дзвюх тысяч чалавек. Гэта добры пачатак. 

— Калі адбудуцца наступныя прадстаўленні ў Азёрках?

— З 18-га па 26 лютага прапануем турыстам адна­дзённы аўтобусны экскур­сійны тур “Масленіца ў краі казак і легенд” (для арганізаваных груп магчымы дадатковы заказ тура і пасля 26-га лютага). Ён уключае аглядавую экскурсію па Паставах, знаёмства з палацава-паркавым ансамблем Тызенгаўзаў, наведванне Дома рамёстваў “Стары млын” і спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі”, дзе ў карагодзе святочных гулянняў гасцей сядзібы завіруе прадстаўленне “Масленіца ў Дзеда Бая”.

— А што прапануеце пастаўчанам?

— Для іх запланаваны два масленічныя прадстаўленні — 19 і 26 лютага. Пачатак у 14 гадзін. У гэтыя дні дабрацца ў Азёркі з плошчы Леніна ў райцэнтры можна бу­дзе на спецыяльным аўтобусе (адпраўленне з прыпынку ля магазіна “Малако” ў 13.30). Кошт уваходнага білета для дарослых — 4.50, для дзяцей — 3.00 рублі. У праграме — вясёлыя гульні, народныя забавы, песні, танцы ля вогнішча, румяныя бліны з полымя з жару, вітанне прыгажуні Вясны і безліч пазітыўных эмоцый. Да сустрэчы ў сядзібе Дзеда Бая!

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 2-01-93, 8(029)2261210, 8(029)7179649, 8(029)2961645.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.