У нашых — «серабро»!

Спорт

Пастаўчане — уладальнікі сярэбраных медалёў чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне “Б” вышэйшай лігі. Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА.
Пастаўчане — уладальнікі сярэбраных медалёў чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне “Б” вышэйшай лігі. Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА.

“АСДЮШАР-Камунальнік” (Гродна) — “Атлант” (Паставы) — 0:3, 0:3

1 дзень. 0:3 (20:25; 18:25; 22:25).

2 дзень. 0:3 (15:25; 20:25; 16:25).

Сёлета напружаная барацьба ў дывізіёне “Б” вышэйшай лігі вялася на папярэднім этапе да апошняга тура. Пастаўчанам у выязных матчах у Гродне трэба было набіраць ачкі, каб выканаць асноўную задачу сезона і фінішаваць у тройцы мацнейшых. Дабіцца поспеху было няпроста, бо і сапернік — мала­дзёжная зборная Прынёманскага краю — выйшаў на пік формы напярэдадні старту ў спаборніцтвах Алімпійскіх дзён моладзі Беларусі. У абодвух паядынках была напружаная барацьба. Першая сустрэча з трох партый увогуле расцягнулася на паўтары гадзіны, саперніцтва ішло ачко ў ачко, за кожны мяч.

На гэты раз у пастаўчан зноў спрацавала іх грозная зброя — гульня ў атацы першым тэмпам. Гродзенцы ніяк не маглі справіцца з імклівымі камбінацыямі ў выкананні вопытных кандыдатаў у майстры спорту Віталя Варанца і Данілы Шышко пасля зручных пасаў Дзмітрыя Аксёненкі. На задняй лініі забяспечыў на­дзейны прыём Андрэй Русак, а калі не пайшла гульня ў дыяганальнага Мікалая Фітковіча, яго паспяхова замяніў Юрый Рабека. Як заўсёды, вёў партнёраў за сабой капітан Аляксандр Сідарэнка, а большы вопыт гасцей забяспечыў ім перавагу ў канцоўках. У выніку была здабыта такая важная перамога, якая аўтаматычна вывела нашу каманду на трэцяе месца.

У паўторнай сустрэчы пастаўчане правялі ратацыю свайго складу — на пляцоўку выйшлі адпачываўшыя напярэдадні Ян Сакалоўскі і М. Фітковіч. Трэнеры “Атланта” далі потым пагуляць і іншым рэзервістам, бо матч праходзіў ужо з іх перавагай. Гродзенцы не здаваліся, але госці гулялі спакойна, на куражы і пераканаўча абыгралі свайго саперніка. Крыху пазней пастаўчане даведаліся, што двайны поспех на выездзе ў Гродне прынёс ім пасля трохгадовага перапынку сярэбраныя медалі. Узнагароды такой вартасці наша каманда заваявала ў 4-ты раз у сваёй гісторыі. Раней яна двойчы брала “золата” нацыянальнага першынства і тры разы — “бронзу”.

Аматары спорту шчыра віншуюць з гэтым дасягненнем трэнераў Г. Г. Савосіна, М. С. Рамейку, П. А. Вавінскага і валейбалістаў Д. Аксёненку, Д. Бабровіча, В. Варанца, Д. Радзевіча, Д. Шышко, П. Марцінкевіча, В. Коўтуна, А. Сідарэнку, Д. Захарэвіча, Ю. Рабеку, М. Ралаўца, М. Фітковіча, А. Русака, Я. Сакалоўскага.

Бронзавыя медалі выйгралі аршанцы, якія дома згулялі з лікам 3:2 і 0:3 з мінскім “РДВАР-2”. Пастаўчане цяпер прадоўжаць барацьбу за выніковыя 7-10 месцы ў чэмпіянаце краіны. У першым з двух тураў 2-5 сакавіка яны згуляюць у Магілёве з мясцовым МВК, “РДВАР-1” (Мінск) і “Заходнім Бугам” (Брэст).

Уладзімір ШЫК.



1 комментарий по теме “У нашых — «серабро»!

  1. Шчырыя виншаванні! Поспехаў у далейшым станаўленні каманды, бо праблем, як здаецца збоку, вельмі многа. Пакуль не хапае таго запалу, які быў у камандзе некалькі гадоў раней.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.