Увагай не абдзелена

Личности

IMG_0354

Старыя дрэвы не пера­садж­ваюць. Ведаю многіх пажылых людзей, якія ўпарта не жадаюць перабірацца са сваіх апусцелых вёсачак да дзяцей у горад, а калі і едуць, то толькі на зіму, а вясной вяртаюцца ў родныя сцены.

Эвеліна Феліксаўна Скрыпко — выключэнне з правілаў. У Паставы з Калееўцаў яна пераехала сем гадоў таму  праз месяц пасля пахавання мужа.

— А ён жа быў намнога маладзейшы за мяне, — расказвала жанчына. — Замуж выйшла позна. Жылі ў згодзе, даражылі адно адным. Нарадзіла сыночка. Праўда, з гадамі сталі непакоіць думкі: вось не стане мяне, як Ізот будзе дажываць адзін?..

Атрымалася інакш — жыццё Ізоція Усеваладавіча абарвалася ў 70 гадоў. Загубіў цукровы дыябет. Спачатку адну нагу ампутавалі, потым — другую. Дагледзела мужа да апошніх хвілін.

— І што мне было шкадаваць у апусцелай вёсачцы? — разважае Феліксаўна. — А ў Паставах ужо была куплена з дапамогай сына вось гэта кватэрка (аднапакаёўка ў мікрараёне пятага гарадка — аўт.). Пасля пераезду пяць гадоў жыла ў ёй адна. А потым пасяліла ўнучку Олю з дачушкай. Оля гадуе яе без мужа, свайго жылля не мае. Як было не прыняць? Тым больш што і дзіцячы садок тут на месцы. Вось так утраіх і жывём. Весела, Лізачка не дае замаркоціцца — яе ўсюды хапае.

Пытаюся, ці спраўлялі юбілей (я і пазнаёмілася з Эвелінай Феліксаўнай дзякуючы пададзенаму ў газету яе пляменнікамі віншаванню з 90-годдзем).

— Ну вось, цяпер увесь раён ведае мой узрост, — зазначае жанчына. — А свята прыйшлося адкласці, бо якраз напярэдадні юбілею захварэла — прычапілася прастуда. Ды і ціск скача. Але ж у горадзе ўсё на месцы — і хуткая дапамога прыязджала, і доктарка з офіса прыходзіла.

Наведваюцца да Феліксаўны і сяброўкі, пляменнікі, нявестка, унук. А сын, які з сям’ёй таксама жыве ў пятым гарадку, заходзіць кожны дзень. “Валодзя — мой адзіны сынок, — кажа маці. — Добрым чалавекам вырас. Ён — вадзіцель міжгародняга аўтобуса. Працавіты, спагадны. Даражыць мной, усё бачыць і ведае, чым трэба дапамагчы. І сям’я ў яго добрая, радуюся за іх”.

Калі я наважылася сфатаграфаваць Эвеліну Феліксаўну, то пачула: “Але ж каб прыгожа атрымалася. Мяне многія памятаюць у калгасе, дзе працавала. Няхай паглядзяць, што Эвеліна яшчэ нішто сабе”.

І гэта праўда. Бачыць, чуе, абслугоўвае сябе, ды яшчэ пры патрэбе і за праўнучкай прыгледзіць. А гэта так важна — і ў паважаным узросце быць не абдзеленай увагай і запатрабаванай.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.