Вопыт супраць маладосці

Спорт

partner-04_0

“РДВАР-2” (Мінск) — “Атлант” (Паставы) — 3:1, 2:3

1 дзень. 3:1 (25:15; 16:25; 25:19; 25:21)

2 дзень. 2:3 (17:25; 25:18; 38:36; 13:25; 9:15)

Напрыканцы папярэдняга этапа нацыянальнага першынства барацьба ў дывізіёне “Б” вышэйшай лігі вельмі абвастрылася, а з каманд-удзельніц найбольш прыбавіў наш чарговы сапернік. Маладыя мінчане напярэдадні на сваёй пляцоўцы выйгралі абодва паядынкі ў моцных каманд Оршы і Гродна і  стартавую партыю ў пастаўчан. Гаспадары ўвогуле ў абароне ў гэтых матчах дзейнічалі вельмі надзейна, перайграць іх на блоку пастаўчанам было няпроста. Калі здавалася, што гульня наладзілася, у складзе пастаўчан атрымаў траўму нагі і выбыў са строю асноўны распасоўшчык Васіль Коўтун. Крыху пазней пакінуў пляцоўку з-за пашкоджання спіны вопытны Даніла Шышко. Страта двух вядучых валейбалістаў паспрыяла мінчанам дабіцца поспеху ў першай сустрэчы.

Яшчэ больш драматычным і напружаным выдаўся паўторны паядынак. У пастаўчан ролю лідара атакі ўзяў на сябе Ян Сакалоўскі, на задняй лініі забяспечылі на­дзейны прыём Андрэй Русак і лібера Дзяніс Захарэвіч. Упэўнена стаў разыгрываць камбінацыі рэзервовы пасуючы Дзмітрый Аксёненка. Аднак з-за недакладных завяршальных удараў развіць свой поспех госці не здолелі. Рашаючай у паўторным матчы стала трэцяя партыя, якая працягвалася  40 рэкордных мінут. Гаспадары хоць і выйгралі яе, але патрацілі  занадта шмат сіл. Пастаўчане без асаблівых праблем дабіліся рэваншу, а гэта перамога вывела іх з 16 набранымі ачкамі на 2-е месца ў турнірнай табліцы.

У нашым дывізіёне датэрмінова званне мацнейшых у Беларусі і залатыя медалі выйграла сталічная каманда “РДВАР-1”, якая на выездзе ва ўпартай барацьбе дабілася дзвюх перамог у Оршы з лікам 3:1. Пасля 8-мі тураў у трох каманд стала па 16 ачкоў, але па дадатковых паказчыках пастаўскі “Атлант” ідзе другім за кошт лепшай розніцы партый і колькасці перамог у чэмпіянаце краіны. Наш наступны сапернік з Оршы, які ў гэтыя выхадныя прыедзе ў Паставы, апусціўся на 4-е месца. Важнейшыя матчы сезона ў барацьбе за медалі пройдуць сёння, 11 лютага, у 18.00 і  заўтра ў 10.30. У выпадку поспеху пастаўчане атрымаюць выдатныя шанцы выйграць “серабро”.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.