Хроніка здарэнняў


hronika_1_0

Пагроза — не жарт

17 студзеня з заявай аб прыцягненні да адказнасці свайго сужыцеля ў РАУС звярнулася 24-гадовая жыхарка вуліцы Зялёнай у Паставах. Яна паведаміла, што некалькімі днямі раней 25-гадовы грамадзянскі муж, які нідзе не працуе, у ходзе сваркі прыставіў да яе жывата кухонны нож і стаў пагражаць забойствам. У адносінах да маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа. У выпадку, калі ўсё апісанае вышэй пацвердзіцца, яму пагражаюць штраф, папраўчыя работы або арышт на тэрмін да 6 месяцаў.

Затрымалі  з доказамі

27 студзеня пасля атрымання хабару ад жыхаркі Пастаў за незаконную выдачу ёй бальнічнага ліста  супрацоўнікамі Віцебскага ўпраўлення ўнутраных спраў і Пастаўскага РАУС у сваім службовым кабінеце быў затрыманы адзін з урачоў цэнтральнай райбальніцы. У адносінах да яго ўзбудзілі крымінальную справу і на час следства змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ходзе расследавання справы высветлілася, што ліпавыя бальнічныя лісты за грошы медык выдаваў і іншым грамадзянам. Двое з іх ужо прыйшлі ў міліцыю з пакаяннем.

Пакаталіся…

Вечарам 4 лютага 15-гадовы жыхар г.п. Варапаева, узяўшы ў сваёй маці ключы ад “Фольксвагена-Пасата”, вырашыў разам з сябрам адвезці знаёмага ў Мосар. Калі вяртаўся назад, на перакрыжаванні дарог Варапаева—Гута—Кейзікі трапіў на вочы экі­пажу патрульнай машыны ДАІ, які нёс там службу. Праігнараваўшы патрабаванне міліцыянераў спыніцца, падлетак выключыў святло фар і даў газу. Але ўцячы не атрымалася: на вуліцы Ленінскай у гарпасёлку лоб у лоб сутыкнуўся з “Таётай-Ярыс”. На шчасце, яе вадзіцель і пасажыр не пацярпелі. А вось віноўнік ДТЗ і яго 14-гадовы сябар атрымалі траўмы і былі дастаўлены ў цэнтральную райбальніцу.

Адзначыў Новы год

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 26-гадовага жыхара вуліцы Юбілейнай у Паставах. Устаноўлена, што ў ноч на 1 студзеня, знаходзячыся ў нецвярозым стане, малады чалавек з хуліганскіх намераў знішчыў рэкламны шчыт магазіна “Азбука ремонта”, устаноўлены на плошчы Леніна ў райцэнтры. Цяпер хулігана чакае лава падсудных.

Па зводках РАУС падрыхтавала

 Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.