Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае сотні тысяч энергічных, таленавітых, ініцыятыўных, спагадных і крэатыўных маладых людзей па ўсёй краіне. У нашым раёне яго членамі з’яўляюцца 1092 чалавекі, дзейнічаюць 82 пярвічныя арганізацыі. Райкам БРСМ прыкладвае шмат намаганняў, каб вольны час моладзі Пастаўшчыны быў насычаным, змястоўным і цікавым: праводзіць разнастайныя акцыі, мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы.
Назаву толькі самыя значныя і масавыя, тыя, што сапраўды ва ўсіх на слыху. эта грамадска-патрыятычныя акцыі, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці нашай краіны, “За Беларусь!” і “Спяём гімн разам!”. Стала традыцыяй сумесна з прадстаўнікамі розных пакаленняў абмяркоўваць надзённыя пытанні на сустрэчах, якія праходзяць у фармаце адкрытага дыялогу, “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. У рамках акцыі “Дзякуй за Перамогу” хлопцы і дзяўчаты ўручаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны віншавальныя адрасы і паштоўкі, дапамагаюць па гаспадарцы, займаюцца добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, а падчас акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” атрымліваюць віншаванні самі — ва ўрачыстай абстаноўцы лепшым прадстаўнікам маладога пакалення ўручаюць пашпарты. Яшчэ адно любімае мерапрыемства моладзі — ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, якая, да таго ж, носіць і спартыўны характар.
Ахвотна моладзь далучаецца да дабрачынных акцый “У школу з добрым сэрцам”, “Ад сэрца да сэрца”, “Цуды на Раство”, валанцёрскага марафона па зборы сродкаў на лячэнне цяжкахворых дзяцей “Усе фарбы жыцця для цябе”, аказвае шэфскую дапамогу ветэранам, інвалідам і адзінокапражываючым.
Штогод маладыя людзі раёна актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, заняткі фізічнай культурай і спортам: “Моладзь супраць курэння”, “Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць”, “Скураны мяч”, спаборніцтвах па лазертагу, аэрахакеі і іншых. Надзвычай папулярнымі з’яўляюцца культурна-масавыя мерапрыемствы “Лідар — новае пакаленне!”, “Школьны марафон”, мерапрыемствы да Дня моладзі.
Для членаў БРСМ існуюць разнастайныя бонусы і скідкі. Напрыклад, тым юнакам і дзяўчатам, якія плануюць паступаць у ВНУ сілавых структур, ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” дае рэкамендацыйныя лісты, хадайнічае аб выдзяленні месцаў у інтэрнаце абітурыентам цывільных вышэйшых устаноў адукацыі, у рамках правядзення лідар-змены выдае пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.
У Паставах прадстаўнікам самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны прадастаўляецца скідка 5% у магазіне аўтазапчастак “Аўтамагазін” (вул. Савецкая, 69) і ў раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ пры падрыхтоўцы вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў катэгорыі “В”. 3-7% яны могуць сэканоміць пры набыцці тавараў у магазіне “Тэхнамір” (вул. Чырвонаармейская, 17/3). Скідка ў памеры 10% дзейнічае на студыйную фотаздымку і фота на дакументы ў фотастудыі “Сірыус АТ” (вул. Чырвонаармейская, 4, уваход з боку Беларусбанка), і пры набыцці абанемента ў басейн, размешчаны ў мікрараёне 5 гарадка, а на прагляд фільмаў у кінатэатры “Радзіма”— ажно 20%.
Саюз моладзі — гэта вялікая сям’я сяброў і аднадумцаў, якія не сядзяць на месцы, а гатовыя прыкласці ўсе намаганні і здольнасці да таго, каб зрабіць цікавейшым і ярчэйшым сваё і жыццё аднагодкаў. Калі вам ад 14-ці да 31 года, вы маеце актыўную грамадзянскую пазіцыю — далучайцеся, не пашкадуеце! Каб уступіць у грамадскае маладзёжнае аб’яднанне, трэба звяртацца да сакратароў пярвічных арганізацый па месцы вучобы альбо працы ці ў райкам БРСМ па адрасе: г. Паставы, плошча Леніна, 25, кабінет №55 (будынак райвыканкама, 3-ці паверх), тэл. 2-39-71.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
другі сакратар райкама БРСМ.