З дынастыі ваеннаслужачых

Правовое поле

IMG_0791

Пытанне, якую выбраць прафесію, перад начальнікам штаба — першым намеснікам начальніка 1-га радыётэхнічнага цэнтра маёрам Дзмітрыем Анатольевічам Захаравым ніколі не паўставала, бо з дзяцінства дакладна ведаў, што стане ваеннаслужачым, як і яго родныя.

Бацька Дзмітрыя быў ваенным лётчыкам і часта браў яго з сабой на аэрадром, дазваляў любавацца верталётам Ми-8 (гэту баявую машыну ён і ўздымаў у паветраную прастору да звальнення ў запас). Маці і дзядзька хлопчыка служылі ў ракетных войсках, дзядуля быў намеснікам начальніка медыцынскай службы авіяцыйнага палка, які дыслацыраваўся ў Паставах, а бабуля — загадчыцай сталовай для лётнага саставу.  

— Мне было на каго трымаць раўненне. Да таго ж у савецкія часы быць ваеннаслужачым лічылася надзвычай ганарова і прэстыжна, пра службу ў арміі марылі многія хлопчыкі і дзяўчынкі, дарэчы, як і сёння, — гаварыў Д. А. Захараў. — Вельмі падабалася ваенная тэхніка, а віды самалётаў і верталётаў і ўвогуле ведаў на “выдатна”. Не палохала і частая змена адрасоў прапіскі: нара­дзіўся я ў Паставах, затым былі Чыта і Львоўская вобласць, сярэднюю школу скончыў у Пружанах.  

Пасля заканчэння ў 2004 годзе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь першым месцам яго службы сталі родныя Паставы. Пачынаў начальнікам радыёлакацыйнай станцыі ў 1-м радыётэхнічным цэнтры, а праз чатыры гады ўзначаліў аналагічнае падраздзяленне ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы. Але ў 2010 годзе ў рамках аптымізацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь яно было расфарміравана, а Дзмітрый Захараў у ліку іншых вайскоўцаў пераве­дзены ў Мачулішчы, у вайсковую часць 39872, на пасаду начальніка радыёлакацыйнага вузла. Праз год вярнуўся ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр, дзе і служыць зараз.

Дзмітрый Анатольевіч займаецца арганізацыяй і кантролем за ўсёй дзейнасцю падраздзялення: нясеннем баявога дзяжурства, станам воінскай дысцыпліны, баявой падрыхтоўкай асабовага складу, улікам маёмасці і іншым. Калегі і кіраўніцтва характарызуюць начальніка штаба як выдатнага спецыя­ліста, заўсёды гатовага працягнуць руку падтрымкі баявым таварышам. За час службы камандаванне  і мясцовыя органы ўлады неаднойчы заахвочвалі яго, а летась атрымаў яшчэ і дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За бездакорную службу” III ступені, які яму ўручыў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Аляксеевіч Раўкоў.

— Мне падабаецца ўсведамляць значнасць сваёй работы, адчуваць дачыненне да абароны суверэнітэту Ра­дзімы і аховы Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы. Таму і імкнуся несці службу добрасумленна, — дзя­ліўся Д. А. Захараў меркаваннем пра тое, што яму дазваляе быць паспяховым у прафесіі.

Дома ж яго чакае, як прынята гаварыць, надзейны тыл — жонка Святлана і дачушка Анастасія. Дзяўчынцы год і чатыры месяцы, яна нядаўна пачала хадзіць. І зараз кожны дзень разам з мамай выбягае сустракаць тату са службы, здымае з яго галавы шапку і прымярае. Хто ведае, можа, і яна ў свой час прадоўжыць сямейную традыцыю служыць Айчыне.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.