“Залатое пяро “Белай Русі”

Общество

5903_big.ts1484939419

Конкурс пад такой назвай праводзіць сярод вучнёўскай і рабочай моладзі рэспубліканская грамадская арганізацыя “Белая Русь” пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і інфармацыі. У ім чатыры намінацыі: “Журналістыка ХХІ стагоддзя” — конкурс даследчых эсэ, у якіх утрымліваюцца індывідуальныя ўражанні і погляд аўтара на тэму праблем і тэндэнцый развіцця сучасных СМІ, а таксама іх уплыў на светапогляд моладзі; “Беларусь вачыма дзяцей” — конкурс друкаваных матэрыялаў пра культурна-гістарычную і духоўную спадчыну Беларусі; “Сямейны альбом” — конкурс фота­здымкаў, якія адлюстроўваюць каштоўнасць сямейных традыцый і сувязь пакаленняў; “Твой погляд” — конкурс відэапраектаў, якія асвятляюць праблемы падрастаючага пакалення беларусаў.

У конкурсе могуць прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, а ў намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей” — ад 12 да 17 гадоў. Прымаюцца друкаваныя матэрыялы аб’ёмам да трох старонак (шрыфт Times New Roman, 14 размер шрыфта, міжрадковы інтэрвал 18 пт.); фота — не больш за 5 здымкаў. Фотаработы прадстаўляюцца ў электронным варыянце, у фармаце JPG, прыдатныя для друку ў фармаце А3 (кожны фотаздымак павінен мець аўтара і назву). Відэаролік павінен быць кратны 15 секундам (15, 30, 45) і не перавышаць 180 секунд.

Тэрміны правядзення конкурсу наступныя: прыём работ на раённы этап — да 1 красавіка 2017 года, абласны — да 21 красавіка, рэспубліканскі — да 12 мая.

Аргкамітэт па правядзенні раённага этапа конкурсу ўзначальвае галоўны рэдактар раённай газеты “Пастаўскі край” Фаіна Альфонсаўна Касаткіна. У яго  склад увайшлі таксама Алена Ананьеўна Храпун — вядучы спецыяліст Пастаўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, Юлія Валер’еўна Лазікевіч — выконваючая абавязкі рэдактара “Паставы-ТБ”, Наталля Францаўна Семянас — старшыня пярвічнай  арганізацыі РГА “Белая Русь” СШ №2.

Пераможцы, чые конкурсныя работы зоймуць на раённым этапе першае, другое і трэцяе месцы, будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі, а ўсе ўдзельнікі — заахвочвальнымі.

Запрашаю маладых пастаўчан прыняць актыўны ўдзел у конкурсе. Магчыма, менавіта ваша пяро будзе прызнана залатым і вы станеце пераможцам не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім этапах. Пераможцы рэспубліканскага этапа ўзнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прызамі ў размеры: першае месца — 10 базавых велічынь, другое — 7, трэцяе — 5.

Конкурсныя работы на раённы этап прымаюцца на электронны адрас рэдакцыі газеты “Пастаўскі край”: E-mail: postkr@mail.ru, postkr@tut.by.

В. РОМЕЛЬ, старшыня

раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.