Захоўваць гісторыю, выхоўваць патрыётаў

Экономика

Р. Н. Ластоўская і Р. Л. Курачэнка.
Р. Н. Ластоўская і Р. Л. Курачэнка.

У канцы студзеня адбылося расшыранае пасяджэнне прэзідыума савета раённага аб’­яднання прафсаюзаў.

З інфармацыяй выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая. “У пачатку года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдастоена высокай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адра­джэнне”, — гаварыла Іна Аляксееўна. — Яна прысуджана за праекты Федэрацыі, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку дзяцей, навучэнцаў, працоўнай моладзі.  Адным з аб’ектаў, на якім за сродкі прафсаюзаў праведзена маштабная рэканструкцыя, стаў мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Яна яшчэ не завершана. У планах Федэрацыі — правесці пошук страчанай баявой тэхнікі. Знойдзеныя экспанаты будуць адрэстаўраваны і выстаўлены ля падножжа Кургана Славы ў музеі баявой тэхнікі пад адкрытым небам. Менавіта на яго абсталяванне і будуць зрасходаваны грашовыя сродкі прэміі”.

Увазе прысутных быў прадэманстраваны кароткі фільм пра Курган Славы. Падчас яго прагляду можна было ўбачыць, якія работы тут праводзіліся і як ён змяніўся пасля частковай рэканструкцыі. Гэта не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці ёсць знакавыя мемарыялы. У Віцебскай — той, дзе пахаваны Герой Савецкага Саюза, камандзір партызанскай брыгады Мінай Філіпавіч Шмыроў (у народзе яго называюць бацькам Мінаем). Кожнае абласное, раённае аб’яднанне, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўносяць значны ўклад у рэканструкцыю памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і ў цэлым у захаванне нашай гістарычнай памяці.

Прафсаюзы надаюць вялікае значэнне рабоце па патрыятычным, маральным і духоўным выхаванні грамадзян. Галоўныя задачы, над якімі яны працуюць, гэта садзейнічанне развіццю нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, усведамленню неабходнасці шанаваць гісторыю, культуру і традыцыі краіны. А яшчэ актывізацыя цікавасці да вывучэння гістарычнай спадчыны Беларусі, захаванне памяці пра подзвіг абаронцаў Айчыны.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў.

Вялікая работа ў гэтым напрамку праводзіцца і ў нашым раёне. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў прыняло рашэнне адзначыць тых, хто займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, клапоціцца пра помнікі героям-землякам і месцы пахавання невядомых салдат, уно­сіць вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці. Ганаровымі граматамі аб’яднання і падарункавымі сертыфікатамі ўзнагароджаны намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Кісялёў, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Сяргей Мікалаевіч Герасіменка,  заснавальніца музея баявой і працоўнай славы СШ №2 Рэгіна Норбертаўная Ластоўская і дырэктар раённага краязнаўчага музея Раіса Леанідаўна Курачэнка.

Рэгіна Норбертаўна расказала пра гісторыю стварэння музея, яго экспазіцыі, запрасіла на экскурсію. Раіса Леанідаўна падрабязна спынілася на той рабоце, якая праведзена ў раёне па аднаўленні па­дзей і ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Яна падзякавала раённаму аб’яднанню праф­саюзаў за дапамогу ў добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання воінаў мінулых войнаў на тэрыторыі раёна.

— Праз два гады Паставы будуць адзначаць сваё 610-годдзе, — гаварыла Р. Л. Курачэнка. — У работні­каў музея шмат планаў у сувязі з падрыхтоўкай да гэтай даты. Хацелася б, каб далучыліся і іншыя пастаўчане, прадстаўнікі працоўных калектываў. Цяпер у музеі працуюць 15 выстаў. Кожная цікавая па-свойму. Калі хто яшчэ не пабываў у нас, то прыходзьце: у раённым краязнаўчым музеі ёсць на што паглядзець.

Прафсаюзнае жыццё ў раёне ўсё больш актывізуецца. На гэты раз старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая запрасіла пярвічныя праф­саюзныя арганізацыі да ўдзелу ў конкурсе “Клуб вясёлых і знаходлівых”, які мае адбыцца ў канцы красавіка. Пачаўся агляд-конкурс на лепшую пярвічку.

Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Г. Ф. Літвіновіч расказала пра сумесную з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў работу, заклікала да далейшага цеснага супрацоўніцтва.

Па выніках пасяджэння прэзідыума савета прынята разгорнутая пастанова.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.