Зноў закружыў у танцы “шляхту” баль (+фота)


IMG_0197

10 лютага ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры прайшоў традыцыйны зімовы “Шляхецкі баль”, які сабраў “паноў” і “паненак” з усіх куточкаў раёна, а таксама шматлікіх гледачоў.

У першыню гэта мерапрыемства ладзілася раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці тры гады назад. Праводзячы ў канцы 2014-га баль у Дунілавічах, арганізатары наўрад ці спадзяваліся, што ён набудзе такую папулярнасць у моладзі. Ужо на наступны год на танцавальную вечарыну ў стылі XVIII-XIX стагоддзяў у Навасёлках з’явілася “шляхта” літаральна з усіх “засценкаў” Пастаўшчыны, прычым не адна, а са сваімі групамі падтрымкі.

Не менш прадстаўнічым аказаўся і сёлетні баль, на які завіталі “шляхцічы” і “шляхцянкі” з Варапаева, Гуты, Парыжа, Дунілавіч, Ваўкоў, Кураполля, Андрон, Лынтуп, Палесся, Дварчан, Навасёлак, Ляхаўшчыны і Лукашова. Паглядзець на старажытную дзею прыйшло і прыехала нямала гасцей усіх узростаў — ад малых да старых. Усіх сустракаў музыкай духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам Л. У. Косава.

І вось неабходныя прыгатаванні завершаны. Госці занялі свае месцы, удзельнікі балю прывіталі адно аднаго. Час пачынаць імпрэзу. Чаканячы крок, у залу ўваходзяць барабаншчыцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза (кіраўнік — Н. А. Сіўко) і выстройваюцца перад сцэнай, на якой размясціўся духавы аркестр. Гучыць урачысты марш. Потым на сцэну паднімаюцца музыканты аркестра народных інструментаў Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры пад кіраўніцтвам В. А. Танана, каб зайграць паланэз — высакародны парадны танец, якім звычайна распачыналіся шляхецкія балі. Пад яго гукі прыгожыя дзяўчаты ў пышных вячэрніх сукенках і галантныя кавалеры ў строгіх касцюмах і гусарскіх мундзірах парамі праходзяць па зале.

Паланэз змяняе бальны парны танец па-дэ-грас, потым па-дэ-труа, полька ўтраіх, вальс, кадрыля, галоп у выкананні варапаеўскіх музыкантаў. Пра паходжанне і правілы кожнага з іх прысутным расказваюць вядучыя балю — арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Таццяна Карпава і мастацкі кіраўнік Дунілавіцкага СДК Дзмітрый Мельнікаў. А танцавальныя пары ўмела накіроўвае танцмайстар — мастацкі кіраўнік Варапаеўскага ГПДК Ірына Кузьміч.

Асаблівасцю сёлетняга балю стала тое, што ён праходзіў напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды ў пачатку вечара са словамі віншаванняў да прысутных мужчын і найперш будучых воінаў звярнуўся атаман Пастаўскага казацкага аддзела А. М. Зазулін, які заклікаў іх быць сапраўднымі патрыётамі. А дырэктар Юнькаўскай ЯСБШ, гісторык па адукацыі А. І. Кузняцоў у сваю чаргу заўважыў, што абарона Радзімы з даўніх часоў была галоўным абавязкам кожнага шляхціча. Яны праявілі сябе падчас знакамітай Грунвальдскай бітвы, Паўночнай вайны са шведамі, адыгралі вя­лікую ролю ў культурным і сацыяльна-эканамічным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. І мы як нашчадкі павінны зберагаць гістарычныя здабыткі і самі да іх далучацца.

Наколькі добра кавалеры — прадстаўнікі мясцовай “шляхты” — ведаюць гісторыю, паказала 3D-віктарына, якую правяла навуковы супрацоўнік ЦКіНТ Л. Я. Чатовіч. Гледзячы на фота­здымкі вядомых асоб і гістарычных аб’ектаў раёна, удзельнікі павінны былі адказаць, хто або што на фота і якія падзеі з імі звязаны. Найлепшыя веды прадэманстравалі “шляхцічы” з Дунілавіч, Навасёлак і Варапаева, якія далі найбольш правільных адказаў.

Раней на балях не толькі танцавалі, але і гулялі ў розныя гульні. Не сталі адыходзіць ад гэтай традыцыі і арганізатары юнькаўскай вечарыны, уключыўшы ў праграму “Пальчатку”, “Кавалер шукае даму” і “Мост” (рускі варыянт — “Ручаёк”). Іх правялі танцмайстар І. П. Кузьміч і мастацкі кіраўнік Парыжскага СДК М. Л. Канчэўская. А ў спецыяльным салоне побач з танцавальнай залай гасцей чакала вядучы спецыяліст ЦКіНТ С. М. Марозава. Тут можна было згуляць у “Мову кветак”, шашкі-яблыкі, лато, даміно і выпіць гарбаты. Арганічна ўпісаліся ў агульную дзею таксама прыгожыя рамансы, якія выканалі ўдзельніцы вакальнай студыі пад кіраўніцтвам А. А. Нікалаевай Дар’я Гагалінская, Кацярына Жук, Анастасія Брысь і Вольга Нікалаева.

На працягу ўсяго вечара за “шляхцічамі” і “шляхцянкамі” ўважліва назіралі ганаровыя госці, выбіраючы найлепшую пару. Гэта аказалася нялёгкай задачай. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінскай, прыгажосць удзельнікаў, уменне трымацца перад публікай і артыстызм зачаравалі членаў журы. Таму яны вылучылі адразу некалькі танцавальных пар. Ну, а найлепшай прызналі пару ў складзе навучэнцаў Навасёлкаўскай  СШ Паліны Бугай і Ільі Лешчыка (на першым здымку). Пераможцам, а таксама іншым адзначаным уручылі сувеніры, вырабленыя майстрамі Дома рамёстваў “Стары млын”. Не засталіся без падарункаў і астатнія ўдзельнікі балю і ганаровыя госці.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.