Знойдзем у роднай мове шмат каштоўнага


 

IMG_3090

Пра інтэрв’ю з гэтым захопленым, апантаным, улюбёным у свой прадмет педагогам я марыла даўно. Тамара Мікалаеўна Захарэвіч ужо каля двац­цаці гадоў працуе выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2 г. Паставы. Яе канёк — алімпіядны рух, падрыхтоўка вучняў да алімпіяд. За час работы падрыхтавала некалькі пераможцаў абласнога і рэспубліканскага этапаў.

— Тамара Мікалаеўна, як вы прыйшлі ў прафесію?

— Я паступіла на факультэт беларускай філалогіі і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мая спецыяльнасць — выкладчык беларускай мовы і сусветнай мастацкай культуры. Гэта быў пачатак 90-х гадоў, калі на факультэце працавалі паэты і пісьменнікі, шмат новых творчых людзей (архітэктараў, скульптараў, мастакоў і кампазітараў), захопленых адраджэннем незалежнай Беларусі, беларускай мовы і літаратуры, улюбёных у Беларусь.

Пасля заканчэння ўні­вер­сітэта я папрацавала год у Мягунскай базавай школе, а потым перайшла ў СШ № 2. Мне вельмі падабаецца адшукваць здольных вучняў, бачыць іх зацікаўленасць, імкненне знаходзіць новыя веды, працаваць з такімі дзець­мі і бачыць іх перамогу. Зразумела, я іх накіроўваю, падказваю, дзялюся сваімі ведамі, але шмат чаго робяць яны самі.

— Колькі пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд вы падрыхтавалі?

— У мяне пяць самых таленавітых прызёраў: Ксенія Федаронак, Вікторыя Януковіч, Ганна Пракаповіч, Вольга Пракаповіч, Яна Шаламіцкая. Яна ў студзені перамагла на абласной алімпіядзе, і цяпер мы разам рыхтуемся да рэспубліканскай.

Алімпіяды вучням шмат што даюць: працаздольнасць, вытрымку, прывычку да розных экстрэмальных сітуацый, моцныя нервы, уменне засяродзіцца. Яны атрымліваюць сур’ёзную загартоўку. І нават калі не выберуць філалагічную спецыяльнасць, то 100 балаў за тэст па беларускай мове ў іх будзе.

Як вам бачацца праблемы, звязаныя з ужываннем беларускай мовы, яе становішчам у грамадстве?

— Праблема мовы — гэта зусім не акадэмічная праблема. Каб падтрымаць мову, не патрэбны ніякія асаблівыя сродкі, проста дастаткова свайго жадання, уласнай ініцыятывы. Дастаткова было б маральнай падтрымкі ад тых, хто вышэй у сацыяльным становішчы, хто карыстаецца аўтарытэтам.

Не абавязкова, каб гэта была ініцыятыва Прэзідэнта або міністраў, хоць мы памятаем міністра культуры Паўла Латушку, які заўсёды размаўляў па-беларуску і сам, і яго ведамства.

Зараз валоданне беларускай мовай у нейкай ступені модна. Нават можна прасачыць у інтэрнэце. Раніцай заходжу ў сацыяльныя сеткі, на “Фэйс­бук”, і сустракаю фірму “Гонар”, якая займаецца адзеннем: кашулі, сукенкі з нацыянальнымі дэталямі. Яно самае рознае, але вельмі прыгожае, моднае і цікавае. Мне падабаюцца тыя рэчы, што там рэкламуюць, як і ўпрыгожанні ў нацыянальным стылі. Рэклама па-беларуску — рэдкая з’ява, але вельмі арыгінальная, яна адразу “чапляе”. І я разумею, што ніхто б не стаў займацца рэкламай па-беларуску, калі б яму гэта не падабалася. Цудоўна і тое, што на “Еўрабачанні” будзе гучаць песня на беларускай мове “Гісторыя майго жыцця” ў выкананні гурта NaviBand.

У краіне ёсць цікавыя музычныя беларускія гурты. Добра яшчэ і тое, што беларускія кампазітары пішуць музыку на  якасныя вершы, нават класічную паэзію. Асабліва  часта аўтарскія выканаўцы пішуць музыку на вершы Р. Бараду­ліна. Калі якасная паэзія — адпаведна атрымліваецца якасны музычны матэрыял.

Што можна  змяніць у сям’і ў адносінах да нашай роднай мовы?

— Былі адны пакаленні, ім на змену прыходзяць іншыя, бяруць нешта ад папярэдніх.  Мы накопліваем у сабе веды, вопыт, эмоцыі, і гэта ўсё развіваецца, праходзіць праз мову. І калі ад мовы адмаўляемся, такім чынам добраахвотна адкідваем ад сябе гэты вопыт свайго народа, тую энергетычную сілу, якая да­дзена. Мы не паміраем фізічна, а працягваем жыць: ядзім, спім, ходзім, апранаемся, але губляем частку сябе. Я не філосаф і не псіхолаг, але думаю, што тая дэградацыя, якая праяўляецца цяпер  у грамадстве, якраз і звязана з адмаўленнем ад сваёй роднай мовы, ад той энергетычнай сілы, якую нам перадалі продкі.

І калі бацькі добрыя і мудрыя, яны захочуць, каб іх дзіця было паўнавартасным, шчаслівым, каб не адрывала ад сябе частку. Лагічна перадаць дзіцяці тое, што самі змаглі захаваць і што цяпер можна назапасіць, вывучыць, а не адкінуць. Бо ў народа спрадвеку нічога дрэннага не было, благому сваіх нашчадкаў не вучылі. У нашай мове няма дрэнных слоў. (Людзі, зразумела, сварыліся паміж сабой, але не брыдкасловілі, бо гэта для беларусаў не характэрна.) Трэба «пакапацца», «расчысціць» нашу мову, як тыя ж археолагі пры раскопках. І знойдзем там шмат каштоўнага.

Гутарыла   Аліна ЛАТЫШ,

няштатны карэспандэнт.

 



1 комментарий по теме “Знойдзем у роднай мове шмат каштоўнага

  1. Вельмі цікавае інтэрв’ю! Дзякуй!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.