Струны кахання ў рамансах гучалі


IMG_1210

12 сакавіка ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай адбылася канцэртная праграма “Вясна раманса”. Падчас яе выхаванцы вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна (кіраўнік — Аксана Ана­тольеўна Нікалаева) падарылі пастаўчанам незабыўныя ўражанні, парадавалі сваімі музычнымі талентамі і вы­каналь­ніцкім майстэрствам, прыгожымі вячэрнімі ўборамі.

Вясну і раманс аб’ядноўвае тое, што ў іх прысутнічаюць хвалюючая душу меладычнасць, рамантычная надзея, чароўная сваёй прастатой прыгажосць. Таму невыпадкова раманс запрасіў жыхароў райцэнтра на сустрэчу менавіта гэтай парой года.

“Толькі раз”, “Адцвілі хрызантэмы”, “Каханне — чароўная краіна”, “А напаследак я скажу”, “Мне падабаецца”… Кранальны і сумны, пяшчотны і тэмпераментны, наіўны і душэўны, шчыры і вечна малады — гэта ўсё ён, раманс. Яго прыгожыя і плаўныя мелодыі, пранікнёныя словы здольныя крануць душу любога чалавека. Само каханне гаворыць з намі праз раманс. Так характарызаваў гэты адначасова музычны і літаратурны твор мастацтва вядучы свята Дзмітрый Мельнікаў. 

Рамансу больш за два стагоддзі, але ён папулярны і сёння. Таму што расказвае пра пачуцці і хваляванні, зразумелыя кожнаму. Пра гэта яскрава сведчылі і шчырыя апладысменты гледачоў, якімі яны віталі Дар’ю Гагалінскую, Кацярыну Жук, Анастасію Брысь, Крысціну Клянтак, Юлію Будзько, Вольгу Нікалаеву, Дзіяну Дзяменцьеву, Таццяну Карпаву, Юлію Казлову, Яўгенію Бяляўцаву і квінтэт “Фантазія” ў складзе Лізаветы Загурскай, Дзяніса Будзько, Дар’і Дрозд, Святланы Грэська і Паліны Балаш.

Са цэны гучалі не толькі прыгожыя музычна-паэтычныя творы, але і вершы пра раманс, якія чыталі Данііл Гарошка, Ігар Левін, Сяргей Партасевіч і Мікіта Шастакоў. Канцэрт атрымаўся настолькі кранальным, што некаторыя прысутныя не маглі стрымаць слёз. Думаю, лепшай, чым гэта, адзнакі яго арганізатарам і ўдзельнікам паставіць проста немагчыма.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 

no images were found



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.