Узрост — толькі ўмоўнасць

Местная власть

 

М. К. Дангель, В. М. Чарняўскі, С. М. Навумчык і І. У. Траццяк былі рады сустрэчы з былым старшынёй калгаса «Дружба» Б. П. Шылько (у цэнтры), пад кіраўніцтвам якога адпрацавалі не адзін дзясятак гадоў.
М. К. Дангель, В. М. Чарняўскі, С. М. Навумчык і І. У. Траццяк былі рады сустрэчы з былым старшынёй калгаса «Дружба» Б. П. Шылько (у цэнтры), пад кіраўніцтвам якога адпрацавалі не адзін дзясятак гадоў.

На мінулым тыдні ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 30-годдзю ветэранскага руху. Гэта дата сабрала людзей розных прафесій, маладых душой і моцных духам, сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. На свята былі запрошаны тыя, хто сваёй добрасумленнай працай ствараў імідж Пастаўшчыны, унёс неацэнны ўклад не толькі ў яе развіццё, але і ў выхаванне цэлага пакалення.

Задоўга да пачатку мерапрыемства ў фае сталі збірацца госці. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый забяспечылі падвоз на свята сваіх ветэранаў. Яны радаваліся сустрэчы. Гучалі шчырыя прывітанні, былі абдымкі і ўспаміны. З цікавасцю разглядаліся альбомы пярвічных ветэранскіх арганізацый, здымкі, змешчаныя на стэндах фотавыставы “Лінія часу: ад мінулага — у будучыню”. Некаторыя пазнавалі сябе ў маладосці, кагосьці ўжо няма на гэтым свеце, але памяць захавала тое, што чалавек паспеў зрабіць пры жыцці.

Любы юбілей — нагода ўспомніць мінулае і тых, хто самааддана працаваў на карысць роднага краю. Зрабіць гэта дапамог цудоўны відэафільм “Захоў­ваючы сувязь пакаленняў”, які падрыхтавалі журналіст мясцовага тэлебачання Юлія Лазікевіч, аператар Сяргей Плешакоў  (мантаж — Дзмітрый Ракоўскі). Сотні фота­здымкаў, а таксама былыя намеснік старшыні райвыканкама А. Э. Кейзік, старшыні калгаса імя Мічурына П. М. Розынка, калгаса імя Суворава А. А. Валодзька расказалі ў фільме пра развіццё раёна і ветэранскага руху. Спачатку раённы савет ветэранаў узначальваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васілій Іванавіч Сцепаненка. Дастойным яго пераемнікам на працягу 13 гадоў з’яўляўся Анатолій Антонавіч Калеснікаў, з сакавіка мінулага года — Г. Ф. Літвіновіч. Ёй і было прадастаўлена слова.

За трыццаць гадоў многае змянілася, — гаварыла Ганна Францаўна. — Але ва ўсе часы ветэранская арганізацыя дапамагала адзінокім і малазабяспечаным пенсіянерам, падтрымлівала іх маральна і матэрыяльна, не абыходзіла ўвагай усіх, хто пайшоў на заслужаны адпачынак і развітаўся з родным калектывам. Не адыходзім ад гэтага кірунку і цяпер. У раёне пражываюць каля 12 тысяч грамадзян пен­сійнага ўзросту. З іх 90 — вязні канцлагераў і 21 — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Прыемна, што Іларыён Савельевіч Русалоўскі, які ў лютым адзначыў свой 100-гадовы юбілей, і Барыс Дзмітрыевіч Сямашка прысутнічаюць сёння на свяце. Летась створаны пярвічныя ветэранскія арганізацыі ў 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і райвыканкаме (усяго ў раёне 54). Яны клапоцяцца пра пажылых людзей, арганізуюць іх адпачынак, займаюцца патрыятычным выхаваннем моладзі, удзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна.

Ганна Францаўна назвала сотні прозвішчаў кіраўні­коў раёна, прадпрыемстваў, арганізацый, якія ў свой час шмат зрабілі для Пастаўшчыны. Многія па-ранейшаму застаюцца ў страі, свае веды і вопыт перадаюць маладому пакаленню. Прыйшлі яны і на свята. Ветэраны ўмеюць не паддавацца старасці, радавацца кожнаму пражытаму дню, знаходзяць сабе занятак па душы. А ў раёне для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Ён падзякаваў ветэранам за мірны сённяшні дзень, за плённую працу ў няпростых умовах у мінулым, актыўную жыццёвую пазіцыю. Урачыстым і прыемным момантам стала ўзнагароджанне самых актыўных лідараў пярвічных ветэранскіх арганізацый. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч уручыў Валянціне Аляксандраўне Трафімавай (Варапаеўская дыстанцыя пуці), Падзякі старшыні райвыканкама — Ганне Пятроўне Дунец (райспажыўтаварыства), Люд­мі­ле Аляксандраўне Ба­лот­ні­кавай (аб’яднанне ветэранаў дзяржслужачых, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў горада), Наталлі Паўлаўне Змяеўскай (ЦРБ), Рэгіне Норбертаўне Ластоўскай (кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2).

За шматгадовую плённую грамадскую працу і асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху рашэннем Прэзідыума Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў званне “Ганаровы старшыня” прысвоена Анатолію Антонавічу Калеснікаву. Вялікай групе ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч уручыла Ганаровыя граматы Віцебскай абласной і раённай ветэранскіх арганізацый.

Са словамі віншаванняў да юбіляраў звярнуліся старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая, ГА “Белая Русь” В. М. Ромель, дырэктар ТЦСАН Д. І. Пякарская, першыя сакратары райкама ГА “БРСМ” Іна Каралёва і раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Д. У. Танана, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, былы старшыня перадавога ў свой час у раёне калгаса “Дружба” Б. П. Шылько.

— Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камі­тэта, раённага Савета дэпутатаў, спонсарскай дапамозе кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый ветэраны маюць магчымасць актыўна адпачываць, цікава праводзіць час, — расказвала Г. Ф. Літвіновіч. —  Для прыкладу, былі арганізаваны сустрэчы членаў ветэранскіх клубаў “Памяць” нашага раёна і “Маналіт”  — Глыбоцкага. Разам з членамі БРСМ і раённай прафсаюзнай арганізацыяй ветэраны прынялі ўдзел у адкрыцці пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне і міжнароднай сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху Расіі, Беларусі і Латвіі на кургане “Дружба” ў Верхнядзвінскім раёне. Многія пабывалі ў турыстычных паездках. Вялікай папулярнасцю карысталіся экскурсіі ў Нясвіж, Мір, Мінск з наведваннем дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, тэатра.

Раённы савет ветэранаў супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для людзей пажылога ўзросту вельмі важны клопат пра зда­роўе. У мінулым годзе па лініі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва былі выдзелены 22 пуцёўкі. Гэтага мала. Затое ў пастаўчан ёсць магчымасць падлячыцца не толькі ў цэнтральнай раённай бальніцы, але і ў ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Наладжана актыўнае супрацоўніцтва з моладдзю раёна. Разам з раённай арганізацыяй БРСМ праводзяцца акцыі “Добрае сэрца”, “Ветэран побач”, валанцёры з дзяржаўнага каледжа дапамагаюць ветэранам у навя­дзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі, прыся­дзібных участках. Праве­дзены дыялог пакаленняў “Моладзь Беларусі. Традыцыі і будучыня”.

Сёння ў калектыўных дагаворах прадпрыемстваў, арганізацый асобным пунктам вызначаны пытанні сацыяльнай абароны, мер падтрымкі ветэранаў. З асаблівай павагай да сваіх былых работнікаў адносяцца на малочным заво­дзе, у Варапаеўскай дыстанцыі пуці, райспажыўтаварыстве, цэнтральнай раённай бальніцы. Асобныя словы падзякі Г. Ф. Літвіновіч выказала дырэктару ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыю Францішкавічу Шым­чыку, які прадаўжае традыцыі, закладзеныя яго папярэднікам Алегам Адольфавічам Валодзькам. Ветэраны, якія пражываюць на тэрыторыі таварыства, да Каляд і Вялікадня атрымліваюць прадуктовыя наборы, ім аказваецца дапамога ў правядзенні сельскагаспадарчых работ, арганізуюцца віншаванні з юбілейнымі датамі.

Не сядзяць без справы і самі ветэраны. Яны ўносяць вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Прыкладам такой работы з’яўляецца музей баявой і працоўнай славы СШ № 2, якім шмат гадоў кіруе Рэгіна Норбертаўна Ластоўская. Тут прымаюць у піянеры, праводзяць сустрэчы з цікавымі людзьмі, назапашаны багаты матэрыял пра лёсы вядомых землякоў.

Шчырыя словы падзякі Г. Ф. Літвіновіч адрасавала А. А. Валодзьку за вялікі ўклад у эканамічнае раз­віццё былога калгаса імя Суворава і раёна ў цэлым, а таксама за кнігі «Сын земли и неба», «Жизнь только миг», «Кардио­грамма боль­шого сердца», «В жизни нет заката». Вершы Алега Адольфавіча гучалі і на свяце. Аляксандр Апанасевіч выканаў песню на яго словы. Выклікаюць цікавасць і кнігі У. Я. Магільніцкага «Прырода Пастаўскага краю”, «Мая вёсачка Вайшкуны».

Раённая ветэранская арганізацыя аб’ядноўвае ў сваіх радах людзей, якія з’яўляюцца ўзорам для маладога пакалення, вызначаюцца пачуццём адданасці і неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца навокал, з дня ў дзень даказваюць, што быць актыўнымі і запатрабаванымі можна ў любым узросце. Сведчанне таму і ўдзель­нікі народнага хору ветэранаў вайны і працы пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні. Менавіта ім разам з юным вакалістам Мікітам Аўгусціновічам было прадастаўлена права адкрыць святочную праграму. Канцэрт, удзел у якім прымалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Па­азер’е”, салістка народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Вольга Балотнікава, удзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК Аляксандр Апанасевіч, тэатра танца “Непаседы” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці, узорнай вакальнай студыі “Юні­та”, стаў цудоўным падарункам для ўсіх прысутных.

Раённы Дом культуры ветэраны пакідалі бадзёрымі, з усмешкамі на вуснах і аптымізмам у вачах, чым у чарговы раз пераконвалі: узрост — гэта толькі ўмоўнасць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.