Цывілізацыю ўратуе культура


IMG_0550

Такая асноўная ідэя новай выставы, звязанай з жыццём і творчасцю сусветнавядомага рускага мастака Мікалая Рэрыха, — “Пакт Рэрыха. Гісторыя і сучаснасць”, якая адкрылася ў Доме рамёстваў “Стары млын” 10 сакавіка. Яна з’яўляецца лагічным працягам папярэдняй выставы рэпрадукцый карцін Мікалая Канстанцінавіча, пра якую мы расказвалі на старонках газеты, і таксама прадастаўлена Беларускім аддзяленнем Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў.

“Пакт Рэрыха” — гэта вялікі выставачны праект, які пабываў ужо ў 17 краінах свету: яго ўбачылі жыхары Еўропы, ЗША, Лацінскай Амерыкі. У Расіі выстава прайшла больш чым у 140 гарадах, у Беларусі — у 15-ці, у тым ліку двойчы — у Брэсце і Мінску. З Мінска, а дакладней з Нацыянальнай бібліятэкі, яе прывезлі ў Паставы. Экспазіцыя распавядае пра вялікую міратворчую місію М. К. Рэрыха, увасобленую ва ўнікальным міжнародным прававым дакуменце — Дагаворы аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў, які ўвайшоў у гісторыю як Пакт Рэрыха. Ён быў падпісаны ў Вашынгтоне 15 красавіка 1935 года дваццаць адной дзяржавай свету.

На выставе — а яна размясцілася ў дзвюх залах “Старога млына” — прадстаўлены шэраг банераў, рэпрадукцый і фотаздымкаў, якія расказваюць гісторыю Пакта. У малой зале цэнтральнае месца займаюць банеры з выявамі моманту абмеркавання дакумента на першай канферэнцыі, што праходзіла ў 1931 годзе ў бельгійскім горадзе Бруге, карціны мастака “Мадонна Арыфлама” (на ёй мадонна трымае ў руках Сцяг Міру, як бы заклікаючы ўсіх да культурнага развіцця) і будынка Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў у Маскве. Тут жа можна ўбачыць замалёўкі храмаў, зробленыя Мікалаем Канстанцінавічам падчас падарожжа па Залатым кальцы Расіі.

У вялікай зале змешчаны фотаздымкі працэсаў абмеркавання Пакта на першай, другой і трэцяй канферэнцыях і моманту яго падпісання, аўтапартрэт М. К. Рэрыха і чатыры карціны з так званай прароцкай серыі мастака. Наступныя фота распавядаюць пра гісторыю ўзнікнення знака Сцяга Міру. У якасці такога сімвала М. К. Рэрых, які вывучаў гісторыю культуры і ўдзельнічаў у многіх раскопках, выбраў знак трыадзінства — тры маленькія чырвоныя кругі ў вялікім, які прысутнічае на многіх артэфактах і аднолькава прыхільна прымаецца людзьмі ва ўсім свеце. Пры гэтым уклаў у яго свой сэнс: мінулае, сучаснае і будучыня ў коле вечнасці або мастацтва, навука і рэлігія ў адзіным полі культуры. Побач знаходзяцца фота­здымкі, якія наглядна сведчаць пра тое, што адбываецца сёння ў свеце з помнікамі культуры — як яны па-варварску разбураюцца ў Іраку, Сірыі, Афганістане. Таксама занатаваны момант асвячэння Сцяга Міру ў час правядзення выставы ў Аргенціне, змешчаны зварот генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна да адкрыцця выставы, прысвечанай 80-годдзю падпісання Пакта Рэрыха, і распавядаецца пра дзейнасць Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў у Маскве.

Пра ўсё гэта арганізатары выставы — члены Беларускага аддзялення згаданага вышэй цэнтра — расказалі першым яе наведвальнікам — дарослым і дзецям, якія займаюцца ў школе мастацтваў імя А. Ромера. А перад пачаткам экскурсій госці правялі сустрэчу з жанчынамі-пастаўчанкамі. Прадметам гутаркі сталі пытанні культуры і развіцця цывілізацыі, ролі жанчыны ў сучасным свеце, бо, па меркаванні М. К. Рэрыха, менавіта жанчына павінна ўзняць Сцяг Міру над планетай.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.