Да сяўбы гатовы?

Сельское хозяйство

6202

Завяршаецца першы месяц каляндарнай вясны. Усё бліжэй час, калі пачнуцца палявыя работы. Як у раёне вядзецца падрыхтоўка да іх, ці гатовы земляробы Пастаўшчыны да правядзення веснавой сяўбы? Пра гэта наша размова з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па раслінаводстве Марыяй Юзэфаўнай КЛІМЁНАК.

— Пачну з таго, што пытанне “Аб рабоце сельскагаспадарчых арганізацый па падрыхтоўцы да правядзення веснавых палявых работ” 17 сакавіка разгледжана на пасяджэнні райвыканкама. Зацверджаны рабочы план. Абазначаны канкрэтныя задачы і тэрміны іх выканання.

— Аб’ём работ вялікі?

— Яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры павінны заняць у раёне 13075 гектараў, рапс — 4010, лён — 2400, кукуруза — 5000, бульба — 100 гектараў. План яравой сяўбы з улікам аднагадовых культур складае 26172 гектары.

— Ці мяняецца што ў структуры пасяўных плошчаў?

— У мінулым годзе ў раёне зерневы клін займаў 35,8% у структуры пасяўных плошчаў. Гэта дастаткова нізкі паказчык. Як вынік, зараз адчуваецца недахоп канцэнтраваных кармоў для грамадскай жывёлы. Таму сёлета плошчу пад зерневыя і зернебабовыя плануем павялічыць на 12% і яна павінна скласці 47%, а гэта 23300 гектараў. На 6,7% павялічыцца плошча пад тэхнічныя культуры — лён і рапс. Удзельную вагу кармавых культур плануем знізіць на 18%. А каб не застацца без кармоў, ставіцца задача расшырыць плошчы пад зернебабовыя да 3500 гектараў (15% ад зерневай групы), ажыццявіць падсеў шматгадовых траў на 6300 гектарах пашы, правесці работы па перазалужэнні палепшаных лугавых угоддзяў на 5300 гектарах.

— Марыя Юзэфаўна, а што будзе з землямі гаспадарак, аб’яўленых банкрутамі?

— Пуставаць яны не застануцца. 5708 гектараў сельгасугоддзяў з ААТ “Блакітныя азёры-агра” перададзены “Янавіцы-агра”, 3169 з “Парыжа-агра”— “Нафтазаводмантажу-агра”, 4608 андронаўскіх гектараў раздзелены паміж “Кураполлем-агра” і “Хаціламі-агра”. Сельгаспрадпрыемствы моцныя і павінны справіцца з узрослым аб’ёмам работ. Упэўнена, што ў новых гаспадароў зямля дасць вышэйшую аддачу.

— Якая аснова будучага ўраджаю закла­дзена з восені?

— Пасеяна 10225 гектараў азімых зерневых, 1990 — азімага рапсу і 913 гектараў азімых на зялёны корм. Пра тое, у якім стане яны выйшлі з зімоўкі, гаварыць яшчэ рана, бо пакуль не пачаўся працэс актыўнай вегетацыі. Прысутнічае трывога, што з-за маласнежнасці і моцных маразоў частка пасеваў магла загінуць. Такія плошчы давядзецца перасяваць.

Восенню пад яравую сяўбу ўзаралі  11609 гектараў зямлі. План веснавога ворыва вялікі — 14563 гектары. Каля 2,5 тысячы — у ААТ “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра”, таксама вялікія плошчы ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Хацілы-агра”, “Янавіца-агра”, райаграсэрвісе.

— Як абстаяць справы з тэхнічнай аснашчанасцю сельгаспрадпрыемстваў раёна?

— Калі гаварыць пра тэхніку ў цэлым, то для правядзення веснавых палявых работ у гаспадарках раёна ёсць 394 трактары, у тым ліку 71 энерганасычаны, 138 плугоў, 70 культыватараў, 565 дыскавых барон і дыскатараў, 15 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 51 камбінаваны пасяўны агрэгат, 95 машын для ўнясення мінеральных тукаў, арганічных угнаенняў, 25 апырсквальнікаў. Райвыканкам прыняў распараджэнне аб прыцягненні да веснавых палявых работ з прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый 9 трактароў і  29 чалавек, якія будуць на іх працаваць.

— Будучы ўраджай у многім залежыць ад якасці насення і запраўкі глебы ўгнаеннямі…

— Забяспечанасць насеннем яравых зерневых культур па раёне складае 105%. Якасць адпавядае пасяўным стандартам. Раёну выдзелена 200 тон эліты, якая будзе закуплена ў ААТ “Хацілы-агра”, “Кушлікі” (Полацкі раён), Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі. Стопрацэнтная зябяспечанасць і насеннем ільну. Аднак тэрмінова трэба вырашаць пытанне замены чацвёртай і пятай рэпрадукцый на больш якаснае.

План вывазкі арганікі выкананы, у поле яе дастаўлена 277 тысяч тон. Пачалі паступаць мінеральныя ўдабрэнні. Пакуль забяспечанасць імі нізкая. Спадзяёмся на выдзяленне льготных крэдытаў на набыццё ўдабрэнняў і сродкаў аховы раслін, паліва для тэхнікі.

— Недахоп паліва — ці не самае праблемнае пытанне для сельгасвытворцаў на сённяшні дзень?

— На правядзенне ўсяго комплексу веснавых палявых работ неабходна набыць 2180 тон біядызельнага паліва на суму 2,4 млн рублёў і 131 тону бензіну на суму 175,3 тыс. рублёў. На набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў выдзелена 885,9 тыс. рублёў ільготнага  крэдыту, з раённага бюджэту — 177,1 тыс. рублёў. Як бачна з гэтых лічбаў, фінансаў катастрафічна мала. Спадзяёмся на выдзяленне таварнага крэдыту.

— Марыя Юзэфаўна, дзякуй за размову. І пажадаем земляробам Пастаўшчыны спрыяльнай вясны.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.