Годна нясуць ветэранскае званне


В. А. Трафімава (у цэнтры) з ветэранамі  Г. М. Кішко, У. У. Кіёнкам, Т. А. Калугінай, Л. Ц. Кузьміч і старшынёй прафкамітэта дыстанцыі пуці В. Я. Ушкур (другая справа).
В. А. Трафімава (у цэнтры) з ветэранамі Г. М. Кішко, У. У. Кіёнкам, Т. А. Калугінай, Л. Ц. Кузьміч і старшынёй прафкамітэта дыстанцыі пуці В. Я. Ушкур (другая справа).

Старшыню ветэранскай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Валянціну Аляксандраўну Трафімаву ведаю даўно. Сустракаліся падчас юбілейных дат былых работнікаў прадпрыемства, на іншых мерапрыемствах. На ўрачыстасці, прымеркаванай да 30-годдзя ветэранскага руху, якая нядаўна ладзілася ў раённым Доме культуры, сярод іншых была і дэлегацыя дыстанцыі. Прыемным момантам стала ўзнагароджванне В. А. Трафімавай Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

— Валянціна Аляксандраўна на гэтай пасадзе працуе даўно, — расказвала старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч. — Актыўная, ініцыятыўная, жыццярадасная, пастаянна ў клопатах. Яе стараннямі створаны цікавы альбом славы прадпрыемства, які можна было пагартаць на выставе перад пачаткам свята. У мінулым годзе пастановай прэзідыума абласнога савета ветэранаў Валянціне Аляксандраўне прысвоена званне “Ганаровы ветэран” (яго ўдастоены толькі тры чалавекі ў абласным аддзяленні Беларускай чыгункі).

— Ветэранскі рух на нашым прадпрыемстве зарадзіўся ў 1987 годзе, — успамінала В. А. Трафімава. — Першым старшынёй быў Грыгорый Сямёнавіч Сакалюк. Яго змяніў Пётр Вітольдавіч Бучаль. А калі той раптоўна памёр, выбралі мяне. Гэта быў 2003 год. На ўліку стаялі 800 ветэранаў. Цяпер каля 160. Сярод іх 19 інвалідаў І-ІІІ груп, 59 жанчын. Засталося ўсяго пяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Складанасць работы ў тым, што нашы ветэраны пражываюць не толькі ў Варапаеве, але і ў Полацку, Глыбокім, Докшыцах, Паставах, Шаркаўшчыне, Міёрах, Оршы, Браславе. Тым не менш дбаем пра іх сацыяльную абарону, паляпшэнне гандлёвага, медыцынскага, культурнага абслугоўвання. Пастаянна трымаем сувязь па тэлефоне, цікавімся праблемамі. Дзякуючы разуменню і падтрымцы кіраўніцтва, прафсаюзнага камітэта дыстанцыі пуці ўдаецца наведваць былых работні­каў. Людзі сталага ўзросту не патрабавальныя, ім дастаткова таго, што прыехалі, пагутарылі, распыталі пра здароўе. Калі ж ёсць неабходнасць, дапамагаем у дробным рамонце, набыцці паліва, добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі, абкошванні травы, іншых справах. У ветэранаў-чыгуначнікаў ёсць магчымасць паправіць здароўе ў санаторыях “Лётцы”, “Чыгуначнік” і іншых. Тыя, чыё жыццё было звязана з дыстанцыяй пуці, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, па-ранейшаму цікавяцца справамі калектыву і ўвогуле галіны. Быць у курсе ўсіх падзей дапамагае газета “Чыгуначнік Беларусі”. Яе ў колькасці 76 экзэмпляраў выпісваюць для ветэранаў па чарзе на паўгода.

Гады забіраюць сілы. 23 чалавек абслугоўваюць сацыяльныя работнікі, за 20 замацаваны маладыя работнікі дыстанцыі. Савет ветэранскай арганізацыі ўдзячны кіраўніцтву і прафкамітэту прадпрыемства за ўвагу да тых, хто свае лепшыя гады аддаў працы ў калектыве. Ветэранаў запрашаюць на ўрачыстасці, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню Незалежнасці, пажылых людзей. Жанчын ушаноўваюць на 8 Сакавіка. Аказваецца матэрыяльная дапамога. Былыя работнікі любяць сустракацца, успамінаць мінулае. Не забыты ветэраны і ў свае юбілейныя даты. А тыя, каму за 75, віншаванні прымаюць кожны год. Ветэранскую арганізацыю пастаянна папаўняюць новыя члены. Ажыццяўляецца пераемнасць пакаленняў, на слаўным мінулым будуецца сённяшні дзень.

— Ахінуць увагай кожнага ветэрана, адстойваць  інтарэсы людзей, не пакідаць сам-насам з праблемамі, дапамагчы прадоўжыць жыццё ў спрыяльных умовах — на гэта накіравана наша работа, — рэзюмавала Валянціна Аляксандраўна Трафімава. — Ветэраны — людзі актыўныя. З радасцю сустракаемся з маладым пакаленнем, шмат робім па яго патрыятычным выхаванні. Наш абавязак — годна несці ветэранскае званне.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.