Клапаціцца пра здароўе з дзяцінства

Образование

3591

На базе СШ №1 прайшоў раённы семінар для намеснікаў дырэктараў школ на тэму “Кіраўніцкая дзейнасць намесніка дырэктара па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі” і трансляцыі вопыту па тэме “Укараненне мадэлі сістэмы фарміравання валеалагічнай культуры ў адукацыйную прастору школы”.

— Аўтар сістэмы фарміравання валеалагічнай культуры, гэта значыць культуры клапаціцца пра ўласнае здароўе — дацэнт кафедры кіравання і тэхналогій адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ганна Сяргееўна Мяцеліца, — расказвала пазней намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце першай гарадской школы Наталля Юр’еўна Ярынская. — Першымі пляцоўкамі для ўкаранення распрацаванай ёю мадэлі былі школы Шаркаўшчынскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Наша СШ №1 стала трэцяй у вобласці, хто ўвайшоў у гэты праект. Доўжыўся ён тры гады і складаўся з трох этапаў. На першым этапе — “Здароўезберажэнне” — мы інфармавалі ўсіх удзельнікаў інавацыйнага працэсу: дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў — аб праблемах здароўя. На другім — “Здароўефарміраванне” — непасрэдна ўкаранялі названую вышэй мадэль у адукацыйны працэс праз змяненне зместу ўрокаў, розныя мерапрыемствы і арганізацыю факультатыўных заняткаў у пачатковай школе. І, нарэшце, на трэцім этапе — “Жыццястойкасць” — праводзілі ўсемагчымыя акцыі і выхаваўчыя мерапрыемствы, у тым ліку сумесныя для навучэнцаў і бацькоў.

Сам семінар, мэтай якога было ўцягнуць у праект іншыя школы раёна, складаўся з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. Спачатку Н. Ю. Ярынская пазнаёміла калег з такімі паняццямі, як інавацыя, інавацыйная і кіраўніцкая кампетэнтнасць. Расказала, што ўключаюць у сябе гэтыя паняцці і якім чынам арганізаваць інавацыйны праект на базе школы. Затым адбылася трансляцыя вопыту па тэме. Перад прысутнымі выступілі 9 настаўнікаў СШ №1 з прэзентацыямі, дэманстрацыяй відэаўрокаў і выступленнем дзяцей. А ў канцы мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М. К. Будзько расказала яго ўдзельнікам, якім чынам фарміруецца валеалагічная культура праз выхаваўчы працэс. Наглядным пацвярджэннем яе слоў сталі выступленні юных футбалістаў і каратыстаў школы, а таксама навучэнцаў, якія наведваюць гурток здароўя. Апошнія паказалі казку, прысвечаную здароваму ладу жыцця. З ёй школьнікі выступаюць перад пачаткоўцамі ў рамках праграмы “Роўны навучае роўнага”.

Ну і, канешне ж, прагучалі лічбы, якія характарызуюць стан здароўя школьнікаў. Калі гаварыць у цэлым, то ў выніку работы па праекце зменшылася колькасць саматычных захворванняў, хоць і нязначна, але палепшыўся зрок, на ранейшым узроўні засталася пастава навучэнцаў. Па словах Н. Ю. Ярынскай, нягледзячы на тое, што праект завершаны, у школе будуць працягваць працаваць над пытаннямі здароўезберажэння дзяцей, па-ранейшаму надаючы ім вялікую ўвагу.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.