“Радуюся і непакоюся за кожнага”

Правовое поле

IMG_9227

З таго часу, як старшы планшэтыст 1-га радыётэхнічнага цэнтра яфрэйтар Людміла Казіміраўна Танасіенка прызвалася на службу ў армію, прайшло трыццаць гадоў, але такім жа ганаровым дасягненнем, як і шматгадовае бездакорнае служэнне Айчыне, яна сама і яе калегі лічаць шчасце быць любімай жонкай і матуляй для трох сыноў.

Для Людмілы армія пачалася з …навагодняга агеньчыка ў вайсковай часці 75876, што дыслацыравалася пад Варапаевам, на які яе запрасілі разам з сястрой. Той агеньчык стаў для яе лёсавызначальным: пазнаёмілася з будучым мужам — ваенным фельчарам, з якім праз год згулялі вяселле, а таксама атрымала прапанову ад камандзіра часці стаць ваеннаслужачай. Згадзілася, не вагаючыся. Трэба было толькі дачакацца спаўнення 19-ці гадоў (у такім узросце дзяўчаты падлягалі тады прызыву).

Жыццё пайшло сваім парадкам: службовыя абавязкі чаргаваліся з сямейнымі, нясенне баявых дзяжурстваў — з клопатамі пра мужа і дзяцей. Звыклы ход падзей перапынілі распад СССР і перавод падраздзялення ў 1996-м годзе ў Паставы.

— У райцэнтры не мелі ўласнага жылля, доўгі час здымалі кватэры. Да ўсяго, не было з кім пакінуць сыноў, калі абвяшчалі вучэбна-баявыя трывогі, — успамінала Людміла Казіміраўна. — Але гэтыя абставіны яшчэ больш з’ядналі нашу сям’ю: старэйшыя сыны Жэня і Лёша выраслі самастойнымі, як маглі, дапамагалі гадаваць малодшага, Алега, — забіралі са школы, разам з ім рабілі хатнія заданні, гулялі. Яны і зараз вельмі дружныя.

Надзейнай апорай для Люд­мілы заўсёды быў муж Генадзій. У адрозненне ад яе ён не нёс сутачных баявых дзяжурстваў, таму па вечарах бываў дома. Вольны час прысвячаў сынам — займаўся з імі спортам, вучыў неабходным у жыцці навыкам. А ў тыя рэдкія моманты, калі ўсе збіраліся разам, выязджалі на прыроду: рыбачылі, варылі юшку, збіралі грыбы і ягады.

Сыны ніколі не забываюць віншаваць родных са святамі, дораць падарункі, а  вырабы, якія яны ўласнаручна стваралі для матулі, калі былі маленькімі, беражліва захоўваюцца ў сям’і і сёння. Але самае галоўнае — бацькоўскі аўтарытэт застаецца для братоў і праз гады: заўсёды дзеляцца навінамі, хваляваннямі, просяць парады ў разнастайных жыццёвых сітуацыях, прыслухоўваюцца да меркавання бацькоў, цэняць іх жыццёвы вопыт.

— Было ўсё: і бяссонныя ночы, і перажыванні, і цяжкасці. Але зараз, калі мінула столькі гадоў, магу сказаць з упэўненасцю, што быць маці — сапраўднае шчасце, — дзялілася Людміла Казіміраўна. — Зараз старэйшыя сыны жывуць у Мінску, праз пару месяцаў закончыць школу малодшы, але, як і ў час іх дзяцінства, радуюся і непакоюся за кожнага. Гэтыя хваляванні і напаўняюць жыццё сапраўдным сэнсам.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.