Старасць — не бяда

Личности

i (2)

90-годдзе з дня нараджэння адзначыла Фяцінія Іванаўна Філімонава. На вялікі жаль, юбі­лей жанчына сустрэла на бальнічным ложку. Але гэта не перашкодзіла ёй прыняць гасцей і атрымаць шмат віншаванняў. Быццам вінаватая, прасіла прабачэння ў нас, што сустракае не за святочным сталом дома, а ў бальніцы… А вочы свяціліся радасцю і ўдзячнасцю. Абдымаючы і цалуючы школьнікаў, Фяцінія Іванаўна не пераставала дзякаваць за клопат і памяць пра яе.

Жыццёвы шлях жанчыны няпросты. У юнацтве Фяцінія Іванаўна была вывезена ў Германію, спазнала жах нямецкага палону, голад, непа­сільную працу.  Надзея на вяртанне дадому, сустрэчу з маці давала сіл выжыць, перанесці ўсе пакуты…

Вершаваныя радкі віншаванняў  расчулілі юбілярку. Фяцінія Іванаўна ў адказ таксама прачытала на памяць уласныя вершы, якія напісала, знаходзячыся ў палоне. “Шануйце мір, беражыце свабоду. Гэта галоўнае наша багацце… — як заклік, паўтарала жанчына. — А старасць — не бяда! Тым больш такая шчаслівая: побач жывуць дзеці, сын дапамагае ў кожнай справе, клапат­лівая нявестка апякуецца, як над роднай маці, ды і школьнікі цешаць сваімі візітамі! Як тут не радавацца жыццю?!”

На развітанне  дзеці пажадалі Фяцініі Іванаўне даўгалецця, каб наступны юбілей — 100-годдзе  — яна сустрэла ў добрым здароўі і з вясёлым настроем. Няхай жа шчырае пажаданне спраў­дзіцца!

В. РУТКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара

па выхаваўчай рабоце Лынтупскай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.